28 кастрычніка, серада

Вы тут

Пра каханне i не толькi... У НАДТ iмя Якуба Коласа рыхтуюцца да 95-га юбiлейнага сезона


У Нацыянальным акадэмiчным драматычным тэатры iмя Якуба Коласа рыхтуюцца да 95-га юбiлейнага сезона. Сёлета гледачы прыемна здзiўлены вялiкай колькасцю прэм'ер на розны густ.


Фрагменты спектакля «Асеннi rock'n'roll».

Напрыклад, добра прыняла публiка «мiнi-серыял» для мужчыны i жанчыны з iнтрыгуючай i заманлiвай назвай «Асеннi rock'n'roll». Аўтар п'есы — iзраiльскi драматург расiйскага паходжання Мiхаiл Хейфец. Рэжысёр-пастаноўшчык — Аляксандр Дольнiкаў — масквiч. Раней працаваў у тэатрах Брэста, Вiцебска, Магiлёва. Зараз супрацоўнiчае з рознымi тэатральнымi калектывамi. Дарэчы, шэсць гадоў таму паставiў у вiцебскiм тэатры на камернай сцэне спектакль «Я вольны!» па рамане вядомай бельгiйскай пiсьменнiцы Амелi Натомб «Касметыка ворага»...

Летам гледачу прыйшлася даспадобы i прэм'ера камедыi-фарса «Каханне i падаткi» па п'есе амерыканскiх драматургаў Уiльяма Ван Занта i Джэйн Мiлмар. Кароткi змест спектакля: на што толькi не пойдзеш, каб сэканомiць грошы на падатках! Дзеля гэтага адзiн з галоўных герояў прадставiў падаткавiку свайго найлепшага сябра ў вобразе... каханай жанчыны. I такiм убачыла хлопца яго каханая, а таксама палюбоўнiца, якая — хм... нявеста... хiтрага злодзея, што вырашыў падмануць дзяржаву. Нейкiм чынам сюжэт нагадвае фiльм «Добры дзень, я ваша цётка!» Рэжысёр-пастаноўшчык Генадзь Мушперт, ён жа — мастацкi кiраўнiк Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Майстар ажыццявiў таксама пераклад п'есы, музычнае афармленне.

«Метро», п'еса сучаснага беларускага драматурга Аляксандра Савухi, натхнiла рэжысёра Андрэя Жыгура. Ён жа аўтар сцэнаграфii i касцюмаў. У спектаклi паспяховы i досыць амбiцыйны, ганарысты бiзнесмен Дзiма пасля сваёй клiнiчнай смерцi ў метро трапляе ў невядомы вялiкi падземны горад, адкуль дарэмна шукае выхад. Не адразу разумее, што гэта ёсць не што iншае, як пекла...

А ў вераснi адбудзецца першы паказ спектакля «Шлюб па-iтальянску» па славутай п'есе iтальянскага драматурга Эдуарда дэ Фiлiпа «Фелумена Мартурана». Рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Расiйскай Федэрацыi Юрый Пахомаў, раскажа гiсторыю пра тое, як часта блiзкiя людзi, якiя жывуць разам доўгi час, нiчога адно пра аднаго не ведаюць. Iтальянец напiсаў п'есу ў 1946 годзе. Пастаноўка мела такi поспех, што акцёры былi запрошаны рымскiм Папам Пiем XII на аўдыенцыю. П'еса i сёння ставiцца ў тэатрах многiх краiн свету, некалькi разоў была экранiзаваная. Вядома, што здымкi самага вядомага фiльма «Шлюб па-iтальянску» ажыццявiў Вiторыё дэ Сiка, галоўныя ролi сыгралi Сафi Ларэн i Марчэла Мастраянi.

Нядаўна пастановай Мiнiстэрства культуры тэатру чарговы раз быў пацверджаны высокi статус нацыянальнага. Коласаўцаў ведаюць далёка за межамi Беларусi. Яны стараюцца захоўваць традыцыi i не адставаць ад трэндаў часу. I iм гэта вельмi добра ўдаецца.

Аляксандр ПУКШАНСКI

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.