Вы тут

Беларуская музычная восень аб’яднае чатыры юбілеі


Чарговы  46-ты фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень» пройдзе з 11 па 28 лістапада ў сценах Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сёлетняе мерапрыемства пройдзе не з такім размахам, як у мінулыя гады, але аб’яднае адразу чатыры юбілеі.


Канцэрт адкрыцця 11 лістапада філармонія прысвячае творчасці нямецкага генія Людвіга ван Бетховена. Сёлета святкуецца 250 гадоў з дня яго нараджэння. Маштабным святкаванням гэтай падзеі перашкодзілі неспрыяльныя абставіны, якіх, дарэчы, хапала і ў жыцці самога творцы. Толькі на радзіме Бетховена адменена каля 300 мерапрыемстваў, у тым ліку і запланаваны на верасень канцэрт бонскага сімфанічнага Бетховенскага аркестра і яго венскіх калег, якія збіраліся сінхронна выканаць галоўныя творы кампазітара. У выніку Нямецкі фонд, які займаецца ўрачыстасцямі, прыняў рашэнне працягнуць юбілейны год да восені 2021 года. І пакуль у Еўропе музыка Бетховена перамясцілася з канцэртных залаў у плэйлісты слухачоў, Беларуская дзяржаўная філармонія рыхтуе канцэрт пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. На ім вядучы калектыў краіны, Нацыянальны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, выканае 7-ю сімфонію і 5-ты фартэпіянны канцэрт. У якасці саліста — знакаміты беларускі піяніст Андрэй Сікорскі, які затрымаўся ў Мінску таксама праз абставіны.

Камерная музыка вядомага кампазітара прагучыць і ў Малой зале філармоніі 24 лістапада ў выкананні Вадзіма Музо (скрыпка, Беларусь-ЗША) і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Юрыя Гільдзюка (фартэпіяна). У канцэрце вырашылі аб’яднаць скрыпічную санату № 5 Бетховена і дзве санаты Дзмітрыя Шастаковіча, які, дарэчы, адзначаў, што творчасць аўтара «Апасіянаты» для яго пуцяводная зорка ў музыцы.

Музыкай Іагана Себасцьяна Баха прывітае адкрыццё гэтага сезону арган Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сёлета святкуецца 335 гадоў з дня нараджэння аўтара велічных мес. У выкананні вядучых беларускіх арганістаў — народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава, Вольгі Падгайскай і Лізаветы Марозавай — прагучаць не толькі творы самаго Баха, але і сачыненні, якія прысвяцілі яму Шарль-Мары Відор і Ферэнц Ліст. Чакаецца і прэм’ера твора Вольгі Падгайскай. Інструментальную музыку Баха таксама пачуем у канцэрце ансамбля «Камерныя салісты Мінска» 14 лістапада ў Малой зале філармоніі. У праграме «Чароўны свет барока» таксама творы Арканджэла Карэлі, Антоніа Вівальдзі, Георга Філіпа Тэлемана.

Яшчэ адзін юбілей — 180-годдзе з дня нараджэння Пятра Чайкоўскага. Яго творы — гэта гісторыі, якія даюць надзею на шчасце насуперак цяжкай паўсядзённасці. 27 лістапада прыхільнікі творчасці кампазітара пачуюць яго лірычныя гісторыі ў інтэрпрэтацыі вядучых беларускіх салістаў Уладзіміра Пятрова, Наталлі Акінінай, Іллі Сельчукова, Марыі Галкінай і іншых, якія прагучаць у канцэрце «Музычнай гасцёўні» Таццяны Старчанка.

А вось 210-годдзю з дня нараджэння Фрэдэрыка Шапена прысвячае свой канцэрт заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камерны аркестр пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова. У якасці саліста пачуем беларускага піяніста Уладзіслава Хандогія, які летась стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу маладых піяністаў Grand Piano Competition.

Акрамя юбілейных канцэртаў запланавана праграма Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра 19 лістапада. Гэта стане добрым падарункам як для знаўцаў, так і для тых, хто толькі адкрывае для сябе свет класічнай музыкі. Творы прадстаўнікоў класікі і неакласікі аркестр прадставіць у праграме «Узвышанае і зямное» 26 лістапада ў Малой зале.

Таксама прыхільнікам музычна-паэтычных вечароў «Музычная гасцёўня» Таццяны Старчанка 19 лістапада прапаноўвае сустрэчу з вядучым акцёрам беларускага радыё Алегам Вінярскім: прагучыць паэзія Срэбнага веку.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: habr.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.