Вы тут

Лекі ад авітамінозу


Ёсць показка пра двух мастакоў, якія паспрачаліся, хто з іх больш таленавіты. Першы намаляваў вінаград — прыляцела птушка і стала яго кляваць. Другі напісаў пейзаж, від на які адкрываўся з акна, напалову закрытага фіранкай. Прыйшоў чалавек і паспрабаваў адсунуць тую фіранку... Лепшым быў прызнаны апошні — чалавека падмануць больш складана, чым жывёлу…


«Вянок-часнок», 2020 г.

Мора пазітыву, добры настрой і пачуццё цеплыні ды ўтульнасці выклікае выстаўка нацюрмортаў маладой мастачкі Дар’і Карпавай «Вітамін Ж(ывапіс)», што нядаўна была прэзентавана ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Наліўныя грушы, такія спелыя, што, здаецца, надрэж — і пацячэ сок, абрыкосы, мандарыны, клубніцы, чарэшні так і вабяць пакаштаваць іх. І... падмануцца, бо ловіш сябе на думцы, што хочацца правесці рукой па драўлянай, злёгку патрэсканай стальніцы, дзе ляжыць вымытая гародніна, адчуць шурпатасць, няроўны рэльеф. Але ж гэта — фон нацюрморта з баклажанамі...

Захапленне тэмай садавіны-гародніны ў Дар’і прафесійнае. Колькі гадоў таму яна адкрыла для сябе новы кірунак у мастацтве фатаграфіі — фуд-арт (фота прадуктаў харчавання). Справа ў тым, што Дар’я працяглы час здымала для рэкламы ежу — тэма стала для яе вельмі блізкай. Мастачка шчыра захапілася прыроднымі формамі і фактурай таго, што можа вырасці на градках ці пладовых дрэвах. Як яна прызналася, любоў да творчасці імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў натхніла на стварэнне ўласных жывапісных палотнаў.

Работы Дар’і Карпавай — гэта пошук новых форм і спалучэнняў колераў і фактур, небанальных поглядаў на звыклыя рэчы. Паводле зместу амаль усе яе нацюрморты не падобныя на тыя, што мы звыклі бачыць у класічным выкананні: у карціне прысутнічае толькі адзін від гародніны, садавіны ці ягад. Альбо ўвогуле аб’ект толькі адзін. Глядзіш на яго зверху ці збоку: гаспадыня нібы падрыхтавала для далейшай працы, напрыклад, пакінула падсушвацца перад тым, як адправіць у салату, дый міжволі залюбавалася, не можа адвесці вачэй ад дасканалага колеру ці вытанчанай формы...

У працэсе пошуку шляхоў, спосабаў перадачы рэчаіснасці Дар’я задумалася: чаму нацюрморт не можа выглядаць, напрыклад, як 12 лімонаў, раскладзеных геаметрычна, альбо фрукты, што ляжаць на кантрастным фоне? Адказ на пытанне — яе нацюрморт з лімонамі, дзе яны раскладзены ў форме фігуры прастакутніка. Нязвыкла? Затое міжволі пачынаеш бачыць, што формы іх не ідэальныя, не аднолькавыя, у кожнага — свая «разыначка». А кантрастны фон нібы падносіць гледачу тое, што на ім выяўлена, — і ты ўжо не ў стане адарваць позірк ад яркіх, прыцягальных спалучэнняў.

Як распавядала мастачка, не ўсе карціны яна піша з натуры: ёсць і тыя, што створаны на аснове фота. Спачатку яна праводзіць фотасесію, робіць шмат кадраў і шукае ракурсы і светлавую схему. Так, «Лімоны» ствараліся па фота.

Патрэбныя фрукты Дар’я зазвычай шукае на кірмашы, сярод тых, што прадаюцца па зніжаных цэнах. І часам знаходзіць сапраўдныя прыродныя шэдэўры: кабачкі, падобныя на казачную жывёліну, морквы з закручанымі ножкамі ці заплеценыя ў коскі, бульбіны, што нагадваюць твары. Крывыя, нестандартныя, няправільнай формы — яны і з’яўляюцца самымі прыгожымі для мастачкі. «Я ўсхваляю недасканаласць і няправільнасць. Усе фрукты розныя ў сваёй няправільнасці. Для мяне ў гэтым любаванне, — распавядала Дар’я падчас адкрыцця выстаўкі. — З асалодай выпісаць няправільнай формы айву з невялікімі пухіркамі — і ў плода з’явіцца характар і фактура!»

 Гэта першая сур’ёзная выстаўка маладой мастачкі. Аднойчы супрацоўнік музея папрасіла ў яе для лекцыі  карціну — нацюрморт з кветкамі. Дар’я прапанавала нацюрморт з  кветкамі гарбуза (іх таксама можна ўжываць у  ежу, калі пасмажыць у  кляры). Пакуль карціна знаходзілася ў  музеі, яе заўважылі і зацікавіліся аўтарам. Дар’я прыйшла ўжо з  фотакаталогам сваіх работ — іх ацанілі і прапанавалі зрабіць выстаўку.

«Моркаўка з Камароўкі», 2016 г

На пытанне, ці хвалюецца мастачка падчас мерапрыемства, яна адказала: «Так, але гэта прыемнае хваляванне! Тым больш што ўва мне ёсць сіндром самазванца: а раптам я — несапраўдны мастак? А раптам малюю нешта не тое? А зараз мой унутраны “самазванец” забіўся ў далёкі кут і, спадзяюся, вылезе адтуль яшчэ не хутка. Пацвярджэнне таму, што раблю ўсё добра і ў гэтым кірунку варта развівацца, атрымала. Да наступнай серыі работ падыду з патроеным энтузіязмам!»

Сярод «смачных» нацюрмортаў ёсць, дарэчы, і тыя, што выйграюць не за кошт яркіх жыццесцвярджальных колераў і кантрастаў, не «гуляюць» на пачуццях гледача, а прымушаюць задумацца. Гэта плады, пададзеныя скрозь сценку напаўпразрыстага пакета. І ты асцярожна, каб не парваць тонкі матэрыял, развязваеш вузельчык і выцягваеш на белы свет чарговы прыродны шэдэўр. Падзівіўшыся, кладзеш на месца: хай любуюцца і іншыя!..

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.