Вы тут

Чым будуць прывабліваць чытачоў у новай бібліятэцы ў Капылі


Жыхары Капыльскага раёна з нецярпеннем чакаюць значнай падзеі ў жыцці рэгіёна — адкрыцця новай дзіцячай бібліятэкі, якая расчыніць дзверы да Дня беларускага пісьменства. Свята адбудзецца ў Капылі ў першыя выхадныя верасня будучага года.


Раней у гэтым будынку месціўся Дом культуры будаўнікоў, які быў не ў найлепшым стане. Яго адрэстаўравалі, абнавілі. Знешнія работы закончаны, вядуцца добраўпарадкаванне тэрыторыі і ўнутранае аздабленне памяшкання.

— Тут будуць дзве асноўныя залы — дамашні абанемент для абслугоўвання дзяцей і іх бацькоў. Нашы кліенты таксама работнікі культуры, усе ахвотныя, у тым ліку і дарослыя. Калі ў іх ёсць такая патрэба, то адмовіць ім не можам, бо мы публічная бібліятэка. У старой бібліятэцы, якую закрылі з прычыны аварыйнасці будынка, нашымі чытачамі былі бацькі, бабулі, дзядулі малых і падлеткаў. Цяпер дзеці выраслі, а яны засталіся нашымі прыхільнікамі. Таму мы камплектуем фонд не толькі дзіцячай літаратурай, але і дарослай. Калі дзеці заняты ў чытальнай зале, то тым, хто іх суправаджае, таксама неабходна нечым заняцца, — кажа намеснік дырэктара Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі па рабоце з дзецьмі Валянціна Камінская і, усміхнуўшыся, дадае: «Чытачы мяне ўспрымаюць па меншай меры, як дырэктара дзіцячай бібліятэкі».

— Ці вялікая ў юных грамадзян прага да чытання? — пацікавілася ў Валянціны Дзмітрыеўны.

— У нас ёсць сур'ёзныя канкурэнты — гаджэты. Не хачу сказаць, што дзеці не чытаюць, але ўжо не такая цікавасць да кніг, як дзесяць гадоў таму. Разам з тым, сярод іх шмат актыўных, цікаўных чытачоў. Яны прачыталі літаральна ўсё, мы нават не ведаем, што ім яшчэ прапанаваць. Таму што камплектаванне літаратурай не такое багатае, як было раней. І нашы юныя чытачы вельмі шчаслівыя, калі атрымліваем новую партыю кніг, — адказвае яна.

Асабліва капыльскія школьнікі цікавяцца творамі расійскага пісьменніка Юрыя Сітнікава, які выступае ў розных жанрах. Яго кнігі разлічаны на самую шырокую аўдыторыю, як для падлеткаў — дэтэктыўныя і прыгодніцкія аповесці, так і для дарослых — сучасная проза з элементамі містыкі. Такія аповесці пра жывёл як «Кот», «Вяртанне Ката», «Калі ў вас няма сабакі», «Гісторыя адной дружбы» адрасаваны чытачам розных узростаў.

Яго кніг у бібліятэцы дзесьці каля трыццаці. Дзеці іх перачыталі. Бібліятэкары атрымалі новую партыю — аж шэсць кніг Сітнікава. Уяўляю якая радасць чакае прыхільнікаў яго творчасці.

— У новай бібліятэцы мы плануем выкарыстоўваць чытальную залу і для арганізацыі масавых мерапрыемстваў. У задумах — шмат цікавага, у тым ліку і шыкоўныя выстаўкі. Мы робім і будзем працягваць рабіць перш за ўсё тое, што прыцягвае і захапляе дзяцей. Яны, сапраўды, вельмі любяць тэматычныя экспазіцыі. Апошняя, якую зладзілі для іх, — з гісторыі гадзіннікаў. На фоне яе малыя фатаграфаваліся, рабілі сэлфі. Мы разумеем, што для сучасных дзяцей трэба больш нагляднасці. Можа нават менш расказваць аб чымсьці, больш паказваць, — канстатуе Валянціна Камінская. — Працягнем практыку анлайн-прэзентацый. Мы падалі заяўку на конкурс і спадзяёмся выйграць грант.

— Мы ўжо нагледзелі тэхніку для абсталявання новай бібліятэкі. Шкада, што не хопіць грошай на інтэрактыўную падлогу, а вось на інтэрактыўны экран магчыма іх дастаткова. Мы маем намер прапагандаваць беларускую гісторыю, мову, айчынную і мясцовую культуру, — падтрымлівае размову дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Пілат. — Неабходная ўстанове і новая мэбля, ад старой практычна нічога не засталося, сучасная тэхніка, каб стварыць утульнасць, камфорт для наведвальнікаў. Нам трэба здзівіць іх, каб яны прыйшлі, паглядзелі, якая ў нас цудоўная спрыяльная для чытання, развіцця абстаноўка. А мы ўжо зоймемся імі, будзем старацца затрымаць, прывязаць да нашай бібліятэкі.

Усяго ў раёне 21 бібліятэка, у тым ліку цэнтральная і дзіцячая. Дзіцячая ўстанова шаснаццаць гадоў працуе ў чытальнай зале «дарослай» бібліятэкі. Гэта невялікі куток, дзе змяшчаецца маленькая частка фонду. Астатні захоўвалі то ў гасцініцы, то ў Цэнтры дзіцячай творчасці. Канешне, нязручна было дастаўляць дзецям кнігі. Цяпер асобны пакой адведзены для захавання фонду, дзе падтрымліваецца неабходны мікраклімат.

— Мы запланавалі, што і дзе будзе размяшчацца ў новым будынку, як будзе аформлена кожная зала — прыцягваць дзяцей трэба не толькі цікавымі мерапрыемствамі, аповедамі, але і стварыць для іх утульную атмасферу: мяккія крэслы, дываны, зручныя стэлажы. Дарэчы, старую аварыйную бібліятэку, якую закрылі, вельмі любілі чытачы, прыходзілі дарослыя проста пасядзець, акунуцца ў аўру ўстановы. Пасядзелі — пачыталі, падышлі да стэнда з выстаўкай — карысна ўдвайне. Для дзяцей працаваў экалагічны, гульнявы пакой з дыванамі, мяккімі цацкамі. Усе найлепшыя напрацоўкі перанясём і ў практыку работы новай бібліятэкі. Спадзяёмся, што нам дапаможа ўлада, каб установа культуры не была месцам з сумнымі стэлажамі, — спадзяюцца супрацоўніцы.

На сённяшні дзень кнігі змешчаны ў памяшканні захавання фонду на спецыяльных стэлажах. Гэта амаль трыццаць тысяч экзэмпляраў. Большая частка іх будзе выстаўлена ў залах. «Хочам разгарнуць кнігі тварам да чытача, выгадна іх паказаць. Раней з-за недахопу месца такой магчымасці не было. Гэта вельмі важна для прыцягнення ўвагі кліентаў, тым больш, што цяпер кнігі ярка, маляўніча аформлены. Дзякуй за гэта выдавецтвам».

У планах — папулярызацыя твораў беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку такіх юбіляраў, як Віталь Вольскі, Віктар Гардзей, Ніна Галіноўская. Дзеці цікавяцца таксама творамі айчынных аўтараў, якія выйшлі ў 70-х, 80-х гадах мінулага стагоддзя. «У нас яны захаваліся ў адзінкавых экзэмплярах, і мы іх вельмі беражом», — падкрэслілі мае суразмоўніцы. — А яшчэ ім хочацца, каб больш выдавалася апавяданняў для вучняў. Школьная праграма разлічана на рэальнасць, на запыты дзяцей аб сваіх каранях, продках, малой радзіме, дружбе, вернасці. Таму патрабуюцца жыццёвыя, злабадзённыя творы. Казкі — гэта добра, але часам бацькі скардзяцца, што яны занадта фантасмагарычныя, моцна наварочаныя, адразу і не зразумееш, пра што ідзе размова.

— Гады чатыры таму пачытала апавяданне Алеся Пальчэўскага «Рэкс і Казбек». Параіла перачытаць яго сваім супрацоўнікам. Настолькі захапляльная і карысная кніга — пра сабак. іх вернасць людзям. На маю думку, вось такія творы варта ўключаць у школьную праграму. І нехта мяне пачуў, ужо тры гады гэтае апавяданне ёсць у школьнай праграме па пазакласным чытанні, — радуецца Валянціна Камінская. — Вельмі шмат нам дораць кніг жыхары райцэнтра, вядома, што ў савецкія часы добрыя кнігі былі дэфіцытам, іх можна было набыць толькі па вялікім блаце або ўступіўшы ў таварыства кнігалюбаў. У многіх уладальнікаў яны захаваліся на паліцах, але не ва ўсіх падымаецца рука ад іх пазбавіцца. Аднойчы зайшла да нас жанчына, якая хацела выкінуць кнігі. Але мы ўгаварылі прынесці іх у бібліятэку. Цяпер зноў запатрабаваная серыя раманаў «Гары Потэр» англійскай пісьменніцы Джаан Роўлінг — на іх пайшла новая хваля. Адна з дзяўчынак, наша чытачка, прынесла нам шостую кнігу. Мы ўсе гэтыя творы выставім у новай бібліятэцы і напішам «У дар ад чытача».

  • Дарэчы, праекціроўшчыкі і будаўнікі паклапаціліся і аб інвалідах-калясачніках — для іх створана безбар'ернае асяроддзе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв’ю: gazeta-brateevo.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.