Вы тут

На Капыльшчыне навучэнцы і выкладчыкі каледжа стварылі «Мядовую заімку»


Яшчэ нядаўна ўчастак зямлі каля вёскі Вусава Капыльскага раёна быў закінуты, зарослы хмызняком. Тут калісьці стаяла сядзіба знакамітага роду Рэйтанаў. У 1840 годзе сюды перасяліўся Станіслаў Рэйтан са сваёй жонкай Саламеяй, які ўзвёў капліцу. Яна захавалася да нашага часу. А вось іншыя пабудовы разбурыліся. Дарэчы, няма і здымкаў, якія маглі б даць сучаснікам уяўленне аб сядзібе.


Фота з сайта каледжа

Але работнікі і навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа надалі другое жыццё гэтаму куточку малой радзімы. Нямала сіл і намаганняў давялося ім укласці, каб ачысціць і акультурыць тэрыторыю, дзе кожны сантыметр зямлі дыхае гісторыяй.

Усё пачыналася з даследчых работ педагогаў і вучняў установы адукацыі. На раённы конкурс былі прадстаўлены два праекты: «Турыстычны маршрут Капыльскага раёна» і «Поспех на крылах пчалы». У выніку нарадзілася ідэя стварыць «Мядовую заімку», месца, дзе можна было б паралельна рэалізаваць гэтыя два кірункі.

— У праекта некалькі мэт. Па-першае — працаўладкаваць і забяспечыць работай дзяцей з сацыяльна ўразлівай групы. Сярод нашых выхаванцаў шмат сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа Наталля Кудзелка. — Удзел у рэалізацыі праекта — гэта добрая нагода для навучэнцаў атрымаць працоўныя, прадпрымальніцкія навыкі, эканамічныя і экалагічныя веды. Акрамя таго, дзецям прывіваюць любоў да Радзімы, эстэтычны густ, беражлівыя адносіны да прыроды, усяго жывога. Навучэнцы працуюць поплеч з педагогамі, майстрамі вытворчага навучання. Усё, што тут з'явілася, зроблена, пабудавана, уладкавана — справа іх рук.

У прыватнасці, гонар сядзібы — пасека з 26 вулляў. У 11 з іх засялілі пчол, на чарзе астатнія. На тэрыторыі заімкі ўладкаваны спецыяльны домік для апі-тэрапіі «Лекавы сон на вуллях». Хутка з'явіцца яшчэ адзін. А прадукты пчалярства, мёд каледж прадае. Для гэтага набылі ліцэнзію. Нядаўна на тэрыторыі «Мядовай заімкі» ўстанавілі вялікую бочку, якая адначасова можа змясціць шэсць чалавек. Гэтая лазня-парыльня прызначана для лячэння фітатэрапіяй, дзе будуць выкарыстоўвацца травы, вырашчаныя на ўчастку. Зрэшты, як і для ферментавання чаю. Першую партыю яго ўжо выпусцілі. Больш за тое, для гатовай сыравіны распрацавалі і пашылі ўпакоўку. Яна ўяўляе сабой мяшэчак з беларускім арнаментам. Акрамя таго, тут можна прагуляцца па вялікай экалагічнай сцежцы з некранутай прыродай, дзе водзяцца дзікія качкі, бабры, лебедзі. Для апошніх змайстравалі домік на воднай паверхні возера. Ёсць і малая экалагічная сцежка, абапал якой высяваюць лекавыя травы.

Пабываць на «Мядовай заімцы» і не наведаць кантактны міні-заапарк — проста немагчыма. Тут жывуць в'етнамскія свінні, дэкаратыўныя куры, фазаны, цацаркі, індыкі розных парод. А ў вальеры разам з камерунскімі козамі пасяліўся кот, які прыблукаў з суседняй вёскі. Жывёлы ставяцца адна да адной даволі паблажліва. Вельмі шмат на заімцы вінаградных слімакоў. Відаць, калісьці іх разводзілі Рэйтаны. Ёсць чым заняцца і самым маленькім — для іх дзіцячая пляцоўка з рознымі атракцыёнамі. А хтосьці з наведвальнікаў можа пагуляць у садзе, дзе налічваецца 230 яблынь.

Практычна ўсе пабудовы на заімцы ўзведзены з падручнага матэрыялу.

— Як вядома, у населеных пунктах з кожным годам змяншаецца колькасць жыхароў, застаецца шмат пустуючых і старых дамоў, — кажа старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. — Каледж дапамагае нам іх зносіць, а прыдатныя цэглу, драўніну выкарыстоўвае для асабістых мэт.

— У адной з вёсак разабралі былы Дом культуры, які пуставаў і прыходзіў у непрыгоднасць. Астаткі завезлі на заімку, зрабілі альтанку на 35 чалавек, дзе можна праводзіць розныя мерапрыемствы. Тут уладкавалі месца са спецыяльнай канструкцыяй, якую прыдумалі самі, дзе можна прыгатаваць шашлыкі, барбекю. А ў возеры можна злавіць рыбу, тут водзіцца і шчупак, і лешч, і прыгатаваць юшку. З разабраных пабудоў зрабілі таксама хлеў для жывёлы, будынак, дзе размесціцца музей. У апошнім будуць прадстаўлены экспазіцыі па пчалярстве, народнай творчасці і родзе Рэйтана, — канстатуе дырэктар каледжа Анатоль Пяткевіч. — Наогул сядзіба — гэта тая пляцоўка, дзе навучэнцы могуць працаваць, адпачываць, рэалізоўваць творчыя задумы. Яна стала культурна-пазнавальным асяроддзем і для мясцовых жыхароў і школьнікаў раёна. Тут праводзіцца шмат масавых культурных, спартыўных мерапрыемстваў. У прыватнасці, «Малыя зімовыя алімпійскія гульні», «Вясенні марафон», «Восеньскія старты». У рамках апошняга свята адбыўся велапрабег, прысвечаны малой радзіме. Навучэнцы прынялі ўдзел у спаборніцтвах па баскетболе, валейболе, дартсе, шашках, шахматах. Прыемным сюрпрызам стаў для першакурснікаў абрад пасвячэння ў навучэнцы каледжа.

У «Мядовай заімцы» ладзяцца таксама шмат экскурсій. Мясцовыя школьнікі, падлеткі могуць далучыцца да гістарычнага мінулага, прасякнуцца духам даўніны, адчуць, што яны належаць да нашчадкаў вялікага роду Рэйтанаў.

Дадам, што праект падтрымліваюць мясцовыя ўлады. У далейшым яго развіцці зацікаўлены і калектыў. У перспектыве ён будзе ўдасканальвацца.

— Новых ідэй, творчых задум, неабходных ведаў у навучэнцаў хапае. З 2013 года ў каледжы працуе бізнес-кампанія «Эргана», дзе моладзь спасцігае эканамічныя і прадпрымальніцкія кампетэнцыі. Кампанія выпускае абліцовачную і пешаходную плітку, бардзюры, металаканструкцыі, швейныя вырабы, займаецца пчалярствам, вырошчваннем цяплічных культур, аказвае гандлёвыя і кансалтынгавыя паслугі, — сказаў напрыканцы Анатоль Пяткевіч. — А ў 2016 годзе ва ўстанове адукацыі пачалі дзейнічаць інтэрнэт-кавярня і маладзёжны цэнтр адпачынку «Сёмае неба».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Лячэбны сон на «Мядовай заімцы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кніга, якую варта адкрыць кожнаму. У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла ў свет унікальнае выданне аб уз’яднанні Беларусі

Кніга, якую варта адкрыць кожнаму. У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла ў свет унікальнае выданне аб уз’яднанні Беларусі

Аўтарам кнігі стаў вядомы гісторык і калекцыянер, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў.

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.