Вы тут

Рукапісы, сагрэтыя жыццём


Як шчодра надзяліў Бог талентамі Уладзіміра Караткевіча! Ён мог бы спяваць, ілюстраваць кнігі, мог бы стаць артыстам, вядомым даследчыкам, вучоным, выкладчыкам! Гэтыя грані яго таленту праяўляліся, так бы мовіць, «пабочна», па-за асноўным яго літаратурным заняткам. Мэтай паказаць шматграннасць асобы пісьменніка ад першых яго творчых крокаў у літаратуры да апошніх кіраваліся стваральнікі выстаўкі, што адкрылася ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.


Арыгіналы рукапісаў з малюнкамі У. Караткевіча

Менавіта сюды ў 1970 годзе пісьменнік пачаў перадаваць сваю рукапісную спадчыну (а ў 1971-м працягнуў). Пасля яго смерці рэшту хатняга архіва творцы перадала яго сястра Наталля Кучкоўская. Трэба заўважыць, што некаторыя рукапісы Караткевіча захоўваюцца і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацт­ ва, і ў Аршанскай школе, дзе вучыўся будучы літаратар, і ў музеі пісьменніка ў Оршы, і ў хатнім архіве спадчынніцы У. Караткевіча Алены Сінькевіч. Але самая аб’ёмная частка рукапісаў і малюнкаў знаходзіцца ў бібліятэцы імя Коласа: дзесяць шаф, у кожнай — па пяць паліц, на­ поўнены ўнікальнымі дакументамі. Цяпер многае з таго, з чым можна працаваць толькі атрымаўшы спецыяльны дазвол, прадстаўлена на вітрынах чытальнай залы.

Пачынаецца экспазіцыя раздзелам «З сямейнага альбома», дзе сярод здымкаў — фота маці Надзеі Васільеў­ ны, сястры Наталлі Сямёнаўны, шлюбныя, з Валянці­ най Браніславаўнай і сябрамі. На іншых фатаграфіях — пісьменнік у Доме творчасці ў Каралішчавічах з калегамі па пяры, на апошняй сустрэчы выпускнікоў у Кіеве.

Асобная вітрына прадстаўляе біяграфічныя дакумен­ ты ў падраздзеле «Дарога, якую прайшоў». Тут — бія­ графічныя даведкі, напісаныя рукой Караткевіча. Частка дакументаў у экспазіцыі — тыя, што захаваліся з ча­ соў вучобы ў Кіеўскім універсітэце. Многія матэрыялы былі складзены пісьменнікам у папку пад назвай «Архіў яшчэ з гадоў універсітэта» — там і цыдулкі, што пісалі студэнты падчас лекцый, і накіды выступленняў на зборах, і жартоўныя замалёўкі, і крытычныя заўвагі ў адрас сяброў, якія няправільна сябе паводзілі, — па гэтых дакументах можна даследаваць працэс станаўлення асобы і характара маладога Караткевіча, лічыць куратар вы­ стаўкі, загадчык сектара рукапісаў Таццяна Жук.

Выпіска з заліковай ведамасці, характарыстыка вы­ пускніка, фрагменты дысертацыі, якую Уладзімір плана­ ваў абараніць, назва главы, эпіграфы і план главы — усё гэта сведчыць пра наяўнасць ва ўчарашняга студэнта энцыклапедычных ведаў і імкненне дайсці да сутнасці з’явы, зразумець яе прыроду. На палях рукапісаў — на­ маляваная рукой Уладзіміра постаць, дарэчы, вельмі пазнавальная — душыцеля паўстання на Беларусі 1863—1864 гадоў Мураўёва (менавіта тэму паўстання выпускнік універсітэта Караткевіч абраў для кандыдацкай дысертацыі). Пасля сканчэння вучобы малады спецыяліст працаваў настаўнікам, што таксама знайшло адлю­ страванне ў блакнотах — самаробных запісных кніжках. Ён планаваў, куды схадзіць з дзецьмі, запісаны тут і рас­ клад урокаў, і прозвішчы вучняў, і накіды, як працаваць са школьнікамі, і нататкі творчага характару.

Як можна пераканацца, рукапісы Караткевіча 1950-х — 1960-х гадоў сумяшчаюць і прозу, і паэзію. На палях вельмі шмат замалёвак, ёсць аркушы з планамі мясцо­ васці, дзе адбывалася дзеянне — магчыма, такім чынам пісьменнік ствараў вобразы герояў. Гэтая звычка прайшла праз усё яго жыццё. Адметна, што аўтографы з вершамі пазначаны не толькі датай, але і часам напісання з дакладнасцю да хвіліны (58 хвілін, 32 хвіліны).

Адзін з цікавых экзэмпляраў на вітрыне выстаўкі — стужка паперы з бессістэмна напісанымі, як першапачат­ кова здаецца, літарамі. Рэч у тым, што ў рамане «Чорны замак Альшанскі» галоўны герой павінен быў прачытаць знойдзенае зашыфраванае пасланне, папярэдне наматаўшы на круглы прадмет пэўнага дыяметра. Каб праверыць, ці можна гэта зрабіць, пісьменнік і эксперыментаваў: сам накручваў і правяраў. Захавалася і запіска Караткевіча тагачаснаму дырэктару выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міхаілу Дубянецкаму. У ёй можна прачытаць, што аўтар абяцае здаць заканчэнне «Каласоў» у 1982 годзе — то-бок Караткевіч планаваў напісаць працяг рамана.

Дакументы экспазіцыі прадстаўляюць і Караткевічасцэнарыста: фрагмент сцэнарыя, навела, напісаная ў юнацтве, якая потым увайшла ў сцэнарый фільма, фота, зробленыя падчас здымкаў карціны «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — Караткевіч спрабаваўся на ролю манаха. Заява дырэктару кінастудыі аб парушэнні аўтарскіх правоў, напісаная творцам у 1984 годзе, сведчыць аб тым, як пісьменнік адстойваў сваю праўду — сцэнарыі яго пера­ раблялі кавалкамі з-за «ідэалагічнай няправільнасці»... Дарэчы, прэм’ера фільма «Дзікае паляванне караля Стаха» праходзіла ў Маскве, у Доме кіно — чэргі ў касы па квіткі стаялі далёка на вуліцы — настолькі вялікі поспех меў фільм, хаця аўтар лічыў, што яго сапсавалі.

Прадстаўлены ў экспазіцыі і Караткевіч-драматург: афіша прэм’еры п’есы «Кастусь Каліноўскі» з аўтографамі акцёраў. Пісьменнік быў і аўтарам лібрэта да оперы «Сівая легенда». Захавалася праграмка з аўтографамі вядомых людзей, якія прысутнічалі на прэм’еры: Вячаслава Адамчыка, Ніны Гло­ бус, Адама Мальдзіса, Вячаслава Рагойшы, Алеся Бачылы, Янкі Брыля. Дарэчы, на чарнавіку рукапісу ёсць і пажаданне, выказанае Караткевічам для тых, хто будзе выконваць свае партыі ў оперы. Так, пані Агата павінна мець «мецца-сапрана», Канрад Цхаке — «барытон, можа быць барытанальны бас», а вось селянін — стралок — «тэнар, калі знойдзецца, то лепш бы “падводка” — менавіта той высокі дыскант, што сустракаецца толькі ў Беларусі і на Доне, што, дарэчы, і рабіла б аздобу мелодыі, у адрозненне ад ніжніх галасоў» — прафесійная заўвага з веданнем народных напеваў.

Частка экспазіцыі прадстаўляе і выданні Караткевіча з яго аўтографамі. Асабліва супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ганарацца асобнікам «Каласоў» з дарчым надпісам. У ім паведамляецца, што аўтар дорыць «гэту нярэдкую кнігу» і вельмі ўдзячны за важную працу, якую выконваюць супрацоўнікі бібліятэкі.

Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.