Вы тут

Святочны карпаратыў


І для пачатку анекдот у тэму. Калі вы бачыце чалавека, які выпівае ў адзіночку, не спяшайцеся яго асуджаць. Можа, гэта карпаратыў індывідуальнага прадпрымальніка. Вельмі актуальна цяпер, дарэчы. Анекдот стары, а нібыта для пандэміі быў прыдуманы.


Наогул жа на гэтыя радкі натхніў пост у тэлеграм-канале кіраўніка нашага горада пра парадак карпаратываў сёлетняй зімой. Мэр не забараняе, але асцярожненька так рэкамендуе не праводзіць навагоднія святы для дарослых. І ў прыклад ставіць свой калектыў, маўляў, супрацоўнікі гарвыканкама параіліся і дружна адмовіліся ад традыцыйнага святкавання. Добры прыклад для горада, як пісаў неўміручы Грыбаедаў: «Не надобно другого образца, когда в глазах — пример отца».

Ды ўсё ж, можа, яно і правільна, што не забаранялі. Усё роўна знойдуцца тыя, якія не захочуць адысці ад традыцыі, збяруцца за сталом і тым самым парушаць забарону. І ў гэтым выпадку давялося б калаціцца яшчэ гаспадару ўстановы грамадскага харчавання альбо аграсядзібы за парушэнне.

Ясна, што падчас гулянкі ніхто вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю не будзе. А клопат пра здароўе — гэта ўсё ж асабістая справа і адказнасць кожнага. Адзінае, што я нагадала б заўзятарам карпаратываў, што вясной у вялікай вёсцы Брэсцкага раёна вяселле згулялі чалавек на трыста. Дык сотні дзве з тых гасцей доўга потым лячыліся. Але ж будзем спадзявацца, што на навагоднія святы людзі, калі ўсё ж адважацца, будуць збірацца адносна невялікімі кампаніямі і моцна не пацерпяць. Ды як гаворыць адзін мой любімы аўтар, рызыкі заўсёды ўлічваць варта, і не толькі рэспіраторныя.

Згадаўся зараз адзін даўні карпаратыў, зладжаны яшчэ ў савецкія часы, калі падобныя мерапрыемствы гэтым замежным словам не называлі, хоць сутнасць іх нічым не адрознівалася. Было гэта ў той кароткі адрэзак маёй біяграфіі, калі я працавала не ў СМІ. Адзначыць рашылі прафесійнае свята, паехалі на лясную турбазу ў маляўнічай мясціне. Нас было, калі не памыляюся, чалавек васямнаццаць. Стаяў надзвычай лагодны кастрычнік, пейзажы навокал — толькі карціны пісаць. Пасядзелі, трэба сказаць, вельмі душэўна. І калі адносіны ў калектыве ў цэлым цёплымі можна было назваць з нацяжкай, то на прыродзе неяк стала па-іншаму, нібы кожны захацеў паказаць свае найлепшыя якасці. Ды і кіраўнік наш, Людміла Іванаўна, была мудрая жанчына, умела згладзіць вострыя вуглы. Адным словам, адпачывалася добра, дадому не спяшаліся. Аўтобус, якім прыехалі, чакаў на стаянцы. У горад вярнуліся недзе каля паўночы. Ехалі назад з песнямі, жартамі. Той жа аўтобус развёз нас па горадзе.

І я ўжо пасля цёплага душа паспела загарнуцца ў коўдру, калі патрабавальна зазваніў тэлефон, мабільных жа яшчэ не было. Людміла Іванаўна спалохана-заклапочаным голасам спытала, ці не бачыла я Васіля на зваротнай дарозе. Няпэўным адказам я не парадавала. А калі ўлічыць, што мне яна патэлефанавала далёка не першай і пачула прыкладна аднолькавае, было ясна, што з намі ён не ехаў. Як высветлілася, калегу ўжо шукала жонка. Сітуацыя ўскладнялася тым, што турбаза, на якой мы гулялі, уяўляла сабой асобны домік, ад якога нам на некаторы час далі ключ. Наводдаль знаходзіліся другія падобныя аб'екты, але ж не зусім побач.

Становішча было — горш не прыдумаеш. Транспарт даўно адпушчаны, ноч на дварэ, не папрэшся ж у лес невядома як. Нехта згадаў, быццам бы Васіль піў мнагавата. Кастрычнік хоць і не халодны, але ўсё ж не лета. Ці трэба казаць, што ноч выдалася неспакойная, асабліва для нашай кіраўніцы.

Як стала вядома пазней, нецвярозы карпаратыўшчык прыцягнуўся дадому на другі дзень пад вечар. У панядзелак ён меў такі выгляд, што ніхто адразу прамых пытанняў задаваць не асмеліўся. Па-першае, усе адчувалі сябе вінаватымі: як гэта чалавека ў лесе забыліся? А па-другое, Васіль яўна маскіраваў касметычнымі сродкамі нейкі падазроны след ад вока да скроні. На гэты конт з'явіліся дзве версіі. Адна гаварыла, што жонка пасля вяртання «прывеціла», паводле другой, ён напрасіўся пераначаваць у адной з вартаўніц той базы, а яе муж не ацаніў такое праяўленне міласэрнасці сваёй палавіны і выставіў няпрошанага госця.

Цяпер той выпадак можна згадваць са смехам. А тады было зусім не да жартачак. Вось чаму я пры любых паездках вельмі сур'ёзна стаўлюся да просьбы старэйшага групы паглядзець па баках, ці ёсць суседзі, якія ехалі побач. Як бачым, звяраць асабовы склад не лішняе і пасля карпаратываў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: ck.ua

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.