Вы тут

Лукашэнка: Наш абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі — захаваць краіну


Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Гэта першы візіт кіраўніка дзяржавы ў сталічны атрад міліцыі асаблівага прызначэння. Прэзідэнт пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем атрада, бытавымі ўмовамі яго асабовага складу. Таксама ён ўручыў узнагароды супрацоўнікам сілавых структур краіны.


«У гэтым страі я бачу сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы, людзей абавязку, гонару і сумлення, — звярнуўся да прысутных на пляцы кіраўнік дзяржавы. — Гэта вы даказалі сваёй штодзённай самаадданай працай, калі забяспечваеце правапарадак і стабільнасць у краіне, не дапусцілі хаосу і грамадзянскага супрацьстаяння».

Свет імкліва змяняецца, становіцца ўсё меней бяспечным для жыцця людзей, а шэраг дзяржаў і зусім пагрузіліся ў бездань грамадзянскіх войнаў і міжнацыянальных канфліктаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Побач з нашымі заходнімі і паўночнымі межамі ідзе пастаяннае нарошчванне ваеннага патэнцыялу. Польшча і краіны Прыбалтыкі сталі палігонамі для рэгулярных вучэнняў і трэніровак войскаў НАТА, — дадаў ён. — Нам пагражаюць не толькі ўвядзеннем новых эканамічных санкцый, супраць нас развязалі сапраўдную інфармацыйную вайну, пастаянна ладзяцца палітычныя правакацыі».

Аднак, па словах Прэзідэнта, час прайшоў, запал трохі ўлёгся, і «людзі на свае вочы ўбачылі, хто рваўся да ўлады».

«Вядучую ролю ў арганізацыі вулічных беспарадкаў выконваюць замежныя „лялькаводы“ і іх памагатыя — калабаранты, якія не здолелі іншым чынам паказаць сваю хоць нейкую палітычную значнасць, — лічыць беларускі лідар. — Мы ўжо бачылі такіх (на шчасце, у кадрах нямецкай кінахронікі), якія захоплена маршыруюць з БЧБ-сцягамі і партрэтамі фюрара».

Нягледзячы на велізарныя фінансавыя ўліванні, прамы замежны ўдзел у арганізацыі пратэсных акцый і падрыхтоўцы радыкальных элементаў, спроба адрадзіць падобнае, па словах кіраўніка дзяржавы, у нашы дні фактычна захлынулася па простай прычыне: «Немагчымая гераізацыя нацызму ў краіне, якая страціла кожнага трэцяга свайго грамадзяніна».

«„Каляровая рэвалюцыя“ не прайшла. Таму няўдалыя „змагары“, якія сядзяць у цёплых замежных кабінетах, працягваюць вынаходзіць усё новыя падкопы супраць нашай дзяржавы, як яны кажуць, „на карысць беларускага народа“. Карысці толькі не бачна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У гэтых „дзеячаў“ свае спецыфічныя прадстаўленні і разуменне палітыкі. Замест пошуку канструктыўнай альтэрнатывы, сумленнай і адкрытай барацьбы за сімпатыі людзей яны заклікаюць да вулічных пратэстаў. Узамен змястоўнага дыялогу па пераадоленні наяўных праблем спрабуюць паставіць пад сумнеў легітымнасць дзяржаўных інстытутаў. Актыўна садзейнічаюць заклікам знішчаць маёмасць нязгодных, распраўляцца з іх дзецьмі, жонкамі і блізкімі людзьмі. Пры гэтым яны называюць сябе патрыётамі, хоць у адкрытую працуюць на развал эканомікі і ліквідацыю існуючага канстытуцыйнага ладу і знішчэнне краіны».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, да чаго ў суседніх краінах прывяло «разбурэнне масавай свядомасці і гістарычнай памяці народа». Асабліва ў самай актыўнай яго часткі, якая яшчэ не перажывала сапраўднай бяды, — моладзі.

«Хачу, каб вы разумелі маю пазіцыю, у чарговы раз вам пра гэта кажу, — дадаў ён. — Яна нязменная: наш доўг перад цяперашнімі і будучымі пакаленнямі — захаваць краіну. Час абраў проста нас. І мы яе захаваем, чаго б нам гэта ні каштавала. Захаваем для ўсіх нас, для нашых дзяцей і ўнукаў. У гэтым мая і ваша галоўная задача. Калі хочаце, гістарычная місія».

Яшчэ адна заява прагучала з вуснаў Прэзідэнта ў адрас сілавых структур увогуле і АМАП у прыватнасці:

«Дарагія сябры, шчыра і адкрыта вам кажу (і няхай яны пачуюць): калі б людзі ў пагонах дарэмна елі хлеб (як яны кажуць), калі б у тыя жнівеньскія дні вы пахіснуліся б — мы сёння жылі б у іншай краіне. І ўвогуле, ці жылі б мы і ці існавала б гэтая краіна? Кажуць, вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе яшчэ няшмат часу, і тыя, хто сёння не разумеюць і супрацьстаяць нам на чыстых мінскіх вуліцах, зразумеюць, што здзейснілі вы сёлета».

У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Ніякім “майданам” у Беларусі не бываць, калі мы забяспечым адзінства народа, цвёрдасць улады і сацыяльна-палітычную стабільнасць у краіне».

У кіраўніка дзяржавы ёсць усе паўнамоцтвы і сродкі, каб не дапусціць братазабойчых сутыкненняў, адзначыў беларускі лідар і дадаў, што адна з галоўных роляў адведзена сілавым структурам.

Галоўнакамандуючы выказаў падзяку не толькі прысутным, але і тым, «хто стаіць у гэтыя цяжкія дні побач з намі плячо ў плячо», за мужнасць, стойкасць, вернасць прысязе і свайму народу.

«Гэта не проста словы. Для кожнага з вас гэта надзейны арыенцір, які вызначае справы і ўчынкі, — падкрэсліў ён. — Запомніце. Я ніколі ў жыцці нікому не здраджваў. Для некаторых, хто вельмі цікавіцца: “А вось Лукашэнка, ён колькі? Ён заўтра збяжыць, пойдзе і іншае”. Не ведаю, дайшло гэта да вас альбо не, я сказаў прама: пакуль апошні амапавец мне не скажа сыходзіць, я буду наглуха стаяць у гэтай краіне побач з вамі плячо ў плячо. Бо ні ў вас, ні ў мяне акрамя гэтай зямлі, гэтай краіны больш нічога няма».

«Ва ўмовах узмацнення рэальных і патэнцыйных выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь мы сваю незалежнасць адстаім, канстытуцыйны лад, будучыню краіны і народа», запэўніў Прэзідэнт.

«Пры гэтым кожны супрацоўнік і вайсковец, чалавек у пагонах павінен ведаць і разумець, што на нашым баку закон і што вы абароненыя дзяржавай, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Людзі вераць у вас і ведаюць, што вы заўсёды прыйдзеце на дапамогу, забяспечыце спакойнае і мірнае жыццё нашых грамадзян, абараніце краіну ад знешніх і ўнутраных пагроз. Наглядны таму прыклад — у апошні час зладжаная работа Камітэта дзяржбяспекі і МУС па спыненні дзейнасці тэрарыстычных груп, якія абяцалі нам устроіць, беларусам, “вясёлы” Новы год. Няхай паспрабуюць».

Сілавыя структуры — найважнейшы фактар ​​ нацыянальнай бяспекі, міру і спакою ў грамадстве, адзначыў Прэзідэнт.  

«Таму кіраўніцтва краіны надае асаблівую ўвагу цяперашняму стану і перспектывам развіцця. Эканамічныя ўмовы сёння няпростыя, але нам удаецца своечасова абсталёўваць вас самымі сучаснымі ўзорамі тэхнікі і ўзбраення, захоўваць кадравае ядро, павышаць прэстыж службы. Гэтая дзейнасць будзе працягнутая. І тыя просьбы, якія паступілі мне цягам году, будуць рэалізаваныя ў наступным годзе», паабяцаў Галоўнакамандуючы.

Ён выказаў перакананасць, што, нягледзячы на складаныя абставіны, у якіх надыходзіць Новы год, усе праблемы будуць пераадолены, як гэта бывала неаднаразова. Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім прысутным, асабліва іх родным і блізкім,  невычарпальнай жыццёвай энергіі, моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту.

«Запэўніваю вас, што я, як Прэзідэнт, і ўсё кіраўніцтва краіны зробім усё, што ад нас залежыць, каб вы ніколі не асудзілі мяне і кіраўніцтва краіны, — завяршыў сваю прамову Аляксанндр Лукашэнка. — Яшчэ раз паўтараю: я бязмерна вам удзячны за стойкасць і мужнасць. І ведайце: пакуль вы ў страі, я разам з вамі».

Пасля гэтых слоў кіраўнік дзяржавы ўручыў узнагароды прадстаўнікам Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Службы бяспекі Прэзідэнта.

Сярод узнагароджаных — намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, камандзір спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Аляксандр Быкаў, камандзір АМАПу ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба, камандзір АМАПу УУС Гродзенскага аблвыканкама Віктар Краўцэвіч, камандзір АМАПу УУС Брэсцкага аблвыканкама Максім Міховіч.

Узнагарод таксама ўдастоены камандзір 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксей Ялфімаў, камандзір 38-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксандр Ільюкевіч, камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Дзмітрый Кучук, начальнік Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў памежнай службы Ігар Кручкоў.

«2020 год быў дастаткова складаны для ўсіх нас, складаны для нашай краіны, — звярнуўся да Галоўнакамандуючага Дзмітрый Балаба. — Але сёння ўжо можна з упэўненасцю сказаць, што пад вашым кіраўніцтвам мы ўсе разам выканалі пастаўленыя задачы. Захавалі тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт нашай роднай, любімай Беларусі. Таварыш Прэзідэнт, сёння работа ўсяго сілавога блоку нашай краіны накіраваная на забеспячэнне мірнай працы нашых грамадзян, на тое, каб сёння на вуліцах нашай краіны было спакойна, каб людзі маглі мірна сустрэць Новы год, Каляды. Мы жывём у нашай краіне, мы вельмі любім і ганарымся нашай Беларуссю. І мы ніколі не пойдзем адсюль».

Камандзір мінскага АМАПу запэўніў Прэзідэнта, што ўсе падраздзяленні, якія стаяць на плацу перад ім, выканаюць сваю задачу дакладна і ў тэрмін.

«Вось гэта ўзнагароджанне нашых ваеннаслужачых, іх каля 50 чалавек, — гэта чыста сімвалічна, – дадаў напрыканцы ўрачыстай цырымоніі кіраўнік дзяржавы. — Бо кожны з вас — герой. І мая была каманда ўзнагародзіць усіх, нават калі іх будуць тысячы. Вы гэта заслужылі. І я ўпэўнены, што гэта зроблена. Калі не, то да Новага года мы гэта зробім. І цывільных, і ваенных. Гэта першае. Другое: яшчэ раз падкрэсліваю, я ведаю, што неабходна для ўсіх вас. І не толькі падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў, але і Міністэрства абароны, якія па закону павінны забяспечваць не толькі знешнюю бяспеку і абарону, але і ўнутраную стабільнасць. Усе пытанні, якія вамі пастаўленыя, будуць вырашаныя. Ад забеспячэння самымі сучаснымі сродкамі абароны да бытавых умоў».

Наконт апошняга Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што для сямей супрацоўнікаў АМАПу і для служачых унутраных войскаў цягам года будуць пабудаваны два прыгожыя сучасныя дамы.

«Вы выратавалі краіну. Пройдзе няшмат часу і людзі гэта ацэняць, — паўтарыў беларускі лідар. — Я ведаю, вы — смелыя афіцэры, смелыя воіны. Мы не павінны нікога баяцца на гэтай зямлі. Гэта наша краіна, наша Беларусь, мы яе адбудавалі і мы яе павінны перадаць такой прыгожай сваім дзецям».

Падчас наведвання атрада міліцыі асаблівага прызначэння ГУУС Мінскага гарвыканкама Аляксандр Лукашэнка быў уганараваны знакам адрознення амапаўцаў — правам нашэння чорнага берэта. Такое рашэнне (для атрымання чорнага берэта неабходна прайсці спецыяльныя выпрабаванні) прыняў савет камандзіраў атрада.

«За асаблівыя заслугі — гэта ні ў якім разе не супярэчыць палажэнню (аб знаку адрознення — „Зв.“), — патлумачыў камандзір АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба. — Таварыш Прэзідэнт, вы былі з намі ў баявых пардках і зараз вы паўнацэнны баец атрада асаблівага прызначэння».


Першыя 19 атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння на тэрыторыі Савецкага Саюза былі створаны 3 кастрычніка 1988 года загадам Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Мінскае падраздзяленне было створана 22 лістапада 1988 года, пазней такія атрады былі сфарміраваныя ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. З распадам СССР атрад застаўся ў юрысдыкцыі МУС Рэспублікі Беларусь і ў аператыўным падпарадкаванні ГУУС Мінгарвыканкама. Яго структура неаднаразова змянялася. У 2009 годзе, напрыклад, створаная рота баявога і тэхнічнага забеспячэння і асобны жаночы ўзвод, а ў 2013 годзе — рота па забеспячэнню грамадскай бяспекі на аб’ектах чыгуначнага і паветранага транспарту.

Асноўнымі задачамі атрада міліцыі асаблівага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама з’яўляюцца забеспячэнне сілавой падтрымкі спецаперацый па затрыманні асоб, якія здзейснілі або падазраюцца ў здзяйсненні цяжкіх або асабліва цяжкіх злачынстваў, забеспячэнне грамадскай бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, узнікненні надзвычайных сітуацый крымінагеннага, прыроднага і тэхнічнага характару, спыненне групавых парушэнняў грамадскага парадку, удзел у контртэрарыстычных аперацыях, ліквідацыя надзвычайных здарэнняў, якія звязаныя з захопам заложнікаў, транспартных сродкаў, будынкаў, збудаванняў, а таксама шэраг іншых задач.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.