Вы тут

Студэнтаў Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта адзначылі за працу ва ўмовах пандэміі каранавіруса


Звыш 40 студэнтаў атрымалі ганаровыя ўзнагароды, якія ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаны ад міністра аховы здароўя, галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, галіновага прафсаюза і медуніверсітэта. А ўсяго ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй у краіне задзейнічана больш за 2,5 тысячы студэнтаў-медыкаў.


Ва ўстановах аховы здароўя Гродзеншчыны падчас другой хвалі каранавіруса працавала звыш 300 гродзенскіх студэнтаў-медыкаў. Яны былі задзейнічаны ў якасці валанцёраў, сярэдняга медперсаналу, работнікаў выязных брыгад хуткай дапамогі, супрацоўнікаў кол-цэнтра.

Студэнт-шасцікурснік Марцін Кудраўцаў быў сярод тых, хто першы ў Гродне сустрэўся з пацыентам з небяспечнай інфекцыяй. Памятае, як з жахам пачалі гаварыць у горадзе пра першы зарэгістраваны выпадак захворвання. Пасля таго як быў пацверджаны дыягназ, ён з брыгадай хуткай дапамогі аб'язджаў усіх, хто мог кантактаваць з хворым. Можна сказаць, што будучы хірург увесь перыяд пандэміі знаходзіўся на пярэднім краі, выязджаў да хворых, вазіў іх на абследаванні, праводзіў, як фельчар, неабходныя маніпуляцыі. Яго самаадданая праца не засталася без увагі.

У кол-цэнтры дзіцячай бальніцы валанцёрскую дапамогу ў якасці каардынатара-дыспетчара аказваў студэнт 6-га курса педыятрычнага факультэта Алег Трач. Ён тэлефанаваў пацыентам, інфармаваў іх аб тым, што рэкамендуе ўрач. Па словах валанцёра, аб'ём работы быў даволі значны, прыходзілася вельмі хутка рэагаваць. Але перад вачыма быў прыклад медыцынскіх работнікаў, якія прыкладалі шмат намаганняў для выздараўлення пацыентаў. Гэта стала сапраўдным арыенцірам адданасці сваёй прафесіі для будучага ўрача, які таксама не мог застацца ўбаку ў надзвычайнай сітуацыі.

Усе студэнты працавалі і зараз працуюць на добраахвотнай аснове, па сваёй ініцыятыве. Больш за 100 чалавек знаходзіцца ў рэзервовым спісе. Гэта значыць, што пры неабходнасці дадатковай дапамогі ва ўстановах аховы здароўя яны гатовыя прыступіць да абавязкаў санітараў, фельчараў, медсёстраў, памочнікаў урачоў. Як зазначыла рэктар ГрДМУ Алена Кроткава, універсітэт ганарыцца сваімі студэнтамі, якія зрабілі значны ўнёсак у выздараўленне людзей падчас пандэміі. Цяпер гэта амаль паўнавартасныя спецыялісты, якія набылі свой вопыт ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі.

Як вядома, каранавірусная інфекцыя ўнесла карэктывы ў работу многіх сфер. У першую чаргу, зразумела, у сферу аховы здароўя. Для аказання медыцынскай дапамогі ў барацьбе супраць каранавіруснай інфекцыі было задзейнічана больш як 2300 урачоў, каля 4700 сярэдніх медработнікаў, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Кеда. На яе думку, вельмі важна, што да практычнай медыцыны далучыліся студэнты-медыкі. Гэта стала вельмі добрай падтрымкай, асабліва ва ўмовах экстраннага перапрафілявання многіх спецыялістаў. Для барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй прайшлі перанавучанне больш за 1,5 тысячы спецыялістаў розных профіляў — хірургаў, тэрапеўтаў, неўролагаў, афтальмолагаў і іншых спецыялістаў.

Медыцынскі ўніверсітэт у гэтых складаных умовах стаў сапраўдным кансультацыйным цэнтрам. У любы час дня і ночы ўрачам-практыкам прыходзілі на дапамогу навукоўцы, прафесары, выкладчыкі. Яны выязджалі на месца для кансультацый. Каля 100 выкладчыкаў ВНУ працавалі і працягваюць працаваць з ковіднымі хворымі, у тым ліку і ў так званай «чырвонай» зоне.

— Пандэмія стала выпрабаваннем для многіх людзей, але ў першую чаргу, для работнікаў аховы здароўя. Менавіта яны аказаліся на перадавой у барацьбе за здароўе і жыццё сваіх пацыентаў. У Гродзенскай вобласці прыйшлося многае зрабіць, каб аказваць дапамогу якасна, прафесійна, на высокім узроўні, — падкрэсліла Людміла Кеда. — У пачатку пандэміі праведзена шмат мерапрыемстваў для перапрафілявання стацыянараў, лабараторных устаноў. Было праведзена шлюзаванне аддзяленняў, чаго не рабілася ніколі. Экстранна мадэрнізавана сістэма водазабеспячэння. Агульныя намаганні далі свой плён. Мы бачым станоўчы вынік. Сёння можна канстатаваць зніжэнне ўзроўню захваральнасці каранавіруснай інфекцыяй у рэгіёне.

Па словах Людмілы Кеды, сітуацыя з каранавірусам паляпшаецца. Працягваецца тэндэнцыя да зніжэння захваральнасці, хоць ёсць рост вострых рэспіраторных інфекцый. Між тым установы аховы здароўя вяртаюцца да свайго звычайнага рэжыму работы. На сённяшні дзень па сваім профілі працуе бальніца № 3. Сваіх профільных пацыентаў з пачатку тыдня прымаюць кардыялагічнае, гінекалагічнае аддзяленні, аддзяленне экстраннай хірургіі гарадской клінічнай бальніцы № 4. Зараз вядзецца дэзынфекцыя аддзяленняў Гродзенскай універсітэцкай клінікі, якая ў хуткім часе таксама пачне працаваць у сваім звычайным рэжыме.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Прайшлі выпрабаванне

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент