Вы тут

Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у біятлоннай гонцы «Мінскай лыжні-2021»


Пасля двухгадовага перапынку традыцыйнае зімовае спартыўнае свята «Мінская лыжня −2021» вярнулася, гэтым разам на пляцоўку Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы».


У першай біятлоннай эстафетнай гонцы а 11 гадзіне на старт выйдуць 13 каманд — кіраўніка краіны, Адміністрацыі Прэзідэнта, Апарата Саўміна, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, КДК, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама У кожнай з іх па чатыры ўдзельнікі, якія прабягуць два кругі па адным кіламетры. На старт выйдзе і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 

Пасля завяршэння першай гонкі эстафету а 12 гадзіне падхопяць аматарскія каманды, а 13-й — каманды сілавых міністэрстваў і ведамстваў, а 14-й — каманды цэнтральных апаратаў міністэрстваў і ведамстваў. У 15.00 пачнецца апошні забег сярод каманд, якія таксама прадстаўляюць кіраўніцтва міністэрстваў і ведамстваў краіны.

Пасля кожнай эстафеты пераможцы ўзнагароджваюцца медалямі і асабістымі прызамі Міністэрства спорту і турызму, кубкамі і памятнымі цацкамі.

У складзе каманд няма выпадковых атлетаў. Перад галоўным стартам вылучаны самыя хуткія і трапныя ў раённых, гарадскіх, абласных спаборніцтвах з удзелам кіраўнікоў выканаўчых і распарадчых органаў улады.

«Мінская лыжня» праходзіць у атмасферы народных гулянняў. Акрамя традыцыйных атрыбутаў масавага мерапрыемства ў выглядзе гандлёвых кропак, арганізавана масленічная канцэртна-забаўляльная праграма.

Каманда Прэзідэнта перамагла ў эстафетнай гонцы

Другое месца заняла каманда Віцебскага аблвыканкама, трэцяе — Брэсцкага. Пасля цырымоніі ўзнагароджання і кароткай фотасесіі кіраўнік дзяржавы адказаў на некалькі пытанняў прадстаўнікоў СМІ. І першае было пра тое, ці лёгка было перамагаць?

«Перамагаць заўсёды цяжка, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш, калі за табой сочаць, выбачайце за нясціпласць, мільёны розных вачэй».

Пры гэтым людзям добра, дадаў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе святочную атмасферу, якая напоўніла падчас спаборніцтваў Раўбічы: «Такі мой лёс. Мая задача — рабіць людзям добра».

«Столькі людзей прыйшло, цудоўна „хварэлі“ і паводзілі сябе выдатна — прыемна. Будзем праводзіць такія мерапрыемствы», — паабяцаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў фільм экстрэмісцкага тэлеграм-канала

Прэзідэнт, адказваючы на пытанне журналістаў, расказаў, што пакуль не паспеў цалкам паглядзець дакументальны фільм тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім, пра яго, але пастараецца гэта зрабіць.

«Кажуць, доўгі фільм. У мяне няма столькі часу на яго. Мне далі блокамі аналіз, агляд. Я зрабіў выснову, што новага там нічога няма. І няма адказу на пытанні: „Дзе ягонае?“». Прэзідэнт дадаў, што проста немагчыма, каб ён «казаў адно, рабіў другое, а вы б мяне падтрымлівалі». «Для мяне самае страшнае — абняславіцца перад вамі. Я ніколі не зраблю так, як не кажу».

Прэзідэнт сказаў, што абавязкова азнаёміцца з фільмам. «Я павінен вам паказаць, бо яны ж там прозвішчы называюць, паказвалі нейкія пабудовы. Напрыклад, Лукашэнка акунаўся на Вадохрышча на „Усходзе“ (згодна з фільмам, так нібыта называецца адна з рэзідэнцый у Мінску — „Зв.“). Я вас прывяду да сябе дамоў, пакажу гэту лазню, пакажу, дзе дровы сек», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Наконт свайго наручнага гадзінніка Прэзідэнт заўважыў, што яму ўжо амаль 15 гадоў. І гэта падарунак былога Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. «Адкрыю вам сакрэт. Ні адзін Прэзідэнт, я думаю, гадзіннікі не купляе. Чаму? На любым мерапрыемстве, саміце гаспадар дорыць нейкі падарунак. Я даручыў, каб усе мае гадзіннікі вылажылі ў музеі Палаца Незалежнасці. Усе падарункі Прэзідэнта захоўваюцца ў рэзідэнцыі Прэзідэнта. Мы іх выкладзем, вы паглядзіце», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён паабяцаў, што раскажа, як збіраў грошы, якія выкарыстоўвае ў цяжкія моманты.

«Вось пандэмія. Неабходна ўрачам даплаціць, лекі купіць. А ў бюджэце не запланаваны гэтыя грошы. І я па долары за тону нафты, хто б ні пастаўляў, гадоў 15, як бабка ў вёсцы, у кашалёк складваю. Гэта ўсё бачна ў бюджэце, але гэта непарушны запас. Я ніколі сабе не дазволю скрасці нешта ў людзей, бо я вырас у страшнай беднасці. Ведаю кошт кожнага рубля», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Ён рэзюмаваў, што мэта фільма — зноў падняць пратэсты. «Бойцеся гэтых людзей, вы ж бачыце, як яны кідаюцца на чужую ўласнасць. Так яны будуць кіраваць краінай. Яны нашых бізнесменаў, айцішнікаў, іпэшнікаў распрануць на працягу двух гадоў. Ладна бы распранулі і народу далі, але ў кішэню пакладуць. Юра Васкрасенскі ўжо прызнаўся, што яны хацелі — перапісалі прадпрыемствы, падзялілі іх. Не дай Бог, мы б іх не спынілі — ужо б жылі ў іншай дзяржаве», — заявіў Прэзідэнт.

«У нас ёсць свая краіна і мы будзем сваю палітыку будаваць так, як гэта трэба»

Яшчэ адно пытанне ад журналістаў было пра Алімпіяду ў Токіа — будучае глабальнае спартыўнае свята, якое можа быць для беларускай каманды сапсаванае непрызнаннем з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту Віктара Лукашэнкі кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэту. 

Аляксандр Лукашэнка выказаў расчараванне такім рашэннем МАК і дадаў: «Але, думаю, нам з гэтай нагоды парыцца не трэба. У нас ёсць свая краіна і мы будзем сваю палітыку будаваць так, як гэта трэба». 

Віктар Лукашэнка, які дагэтуль быў віцэ-прэзідэнтам НАК, ужо амаль тры гады працуе фактычна яго кіраўніком, нагадаў Прэзідэнт, маючы на ўвазе, што сам займаў гэту пасаду да нядаўняга часу дзеля павышэння статусу арганізацыі.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, як перад справаздачна-выбарчым сходам у НАК было даслана патрабаванне, каб у склад кіраўніцтва не ўваходзілі пэўныя людзі. У адваротным выпадку пагражалі санкцыямі. Але тут наша пазіцыя непарушная: у нас ёсць свая краіна і мы будзем дзейнічаць так, як лічым патрэбным. «Вы ж бачыце, нас пачынаюць ужо па ўсіх франтах падціскаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нават на Еўрабачанні...»

Усе падобныя рашэнні палітызаваныя, упэўнены кіраўнік дзяржавы і паўтарыў: «Калі мы хочам быць нацыяй, мы павінны выстаяць. А яшчэ раней я вам казаў, што незалежнасць і суверэнітэт вельмі дорага каштуюць. Вось яно ўсё і дэманструецца на міжнароднай арэне. Але б’юць моцных. На слабых увагу не звяртаюць».

«Для мяне ў гэтым не было ніякай нечаканасці»

Чарговае пытанне — пра ацэнку вынікаў рэспубліканскага апытання грамадскай думкі «Сацыяльнае мысленне», згодна з якім бяспека і стабільнасць аказаліся для беларусаў у прыярытэце перад якасцю жыцця.

«Для мяне ў гэтым не было ніякай нечаканасці, абсалютна ніякай. І тое, што людзі на першае месца паставілі бяспеку і стабільнасць, для мяне таксама не было нечаканасцю, — сказаў Прэзідэнт. — Гэтыя пратэстуны нам працэнтаў у гэтым плане дадалі. Я ўжо казаў: наш народ, калі паглядзеў на бязладдзе мінулага года, зразумеў, што можа страціць. Таму людзі заклапаціліся бяспекай і стабільнасцю».

Разумных людзей заўсёды больш, лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён паабяцаў пазней расказаць пра нюансы леташніх падзей і згадаў сказаную ім летам мінулага года фразу: «Сяброў у нас у свеце няма».

Прэзідэнт пра новы склад мінскага «Дынама» і гульню на кубку Гагарына

«Канечне, малайцы, добры прагрэс, але хацелася б лепей. Маладыя. Як за дзве хвіліны магчыма прапусціць шайбу. Не ўзмужнелі яшчэ, моладзь», — сказаў Прэзідэнт адказваючы на пытанне аб матчы ў піцерскім СКА. Пры гэтым ён патлумачыў, што змены ў складзе каманды адбыліся з-за таго, што некаторыя гульцы «распальцавана хадзілі». Замест іх узялі «хлопцаў, якія хочуць гуляць». Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: калі гэты склад каманды захаваюць, яна будзе праз час добра гуляць.

А ў тым матчы не пашчасціла і з судзействам. «Вы ж бачылі судзейства, асабліва ў трэцяй гульні. Зламалі гульню. Так ніхто не робіць. Зразумела, „Газпрам“ і „Газпрамбанк“ вядомыя спонсары — паспрабуй суддзя так не зрабіць, цябе пасунуць. Мы іх разумеем, але гэта несправядліва, непрыгожа нават», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.