Вы тут

Звароты падказалі парадак дня для пасяджэння Віцебскага аблвыканкама


Асаблівасцю прамой лініі старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва стала вялікая колькасць зваротаў наконт дрэннага стану дарог. Таму губернатар паведаміў, што гэтае пытанне ў найбліжэйшы час стане тэмай для абмеркавання на пасяджэнні аблвыканкама.


Фота: БЕЛТА.

Грэйдараў у вобласці катастрафічна не хапае, ямачны рамонт, тым больш зроблены наспех, непрафесійна,  «каб не скардзіліся», толькі выклікае яшчэ большую незадаволенасць грамадзян, гадамі абяцаюць, але ў выніку ніякіх змен... Гэтыя і іншыя дарожныя праблемы патрабуюць сістэмнага аналізу і прыняцця мер для вырашэння. Як пракаменціраваў адзін са зваротаў старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзій Сабыніч, з усіх 900 кіламетраў унутрыраённых дарог толькі 150 км — з асфальтаваным пакрыццём.

Традыцыйна шмат зваротаў было наконт праблем ЖКГ. Жыхарка Віцебска паведаміла пра ваду з-за прарыву каналізацыі ў падвале шматпавярховіка. Там «міні-басейн» доўгі час. А камунальнікі замест таго, каб адказна падысці да ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэння, праінфармавалі заяўніцу, што, маўляў, «усё добра». У гарвыканкаме паабяцалі ўзяцца за справу адразу ж...

А падчас размовы з яшчэ адной віцяблянкай Мікалай Шарснёў паабяцаў на наступным тыдні зайсці ў яе кватэру на дзявятым паверсе дома, узведзенага ў 1985-м, каб на свае вочы ўбачыць праблемы з-за дрэннай вентыляцыі ў жыллі. І на месцы разам са спецыялістамі будзе абмеркаванне таго, чым жа можна дапамагчы. Тым больш што, як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрый Дзядзёла, такая праблема — не рэдкасць у дамах, пабудаваных некалькі дзясяткаў гадоў таму.

Па-ранейшаму на прамыя лініі тэлефануюць тыя, хто лічыць закрыццё школ у вёсачках няправільным падыходам. Гэтым разам выказала незадаволенасць жыхарка Талачынскага раёна. Чаму ў Серкавіцах закрываюць базавую школу, а вучняў пераводзяць у іншую? Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома растлумачыў, што да ўстановы адукацыі, дзе будуць вучыць дзяцей і з Серкавіцаў, усяго 7 км. Яна параўнальна ў лепшым стане. Губернатар даручыў практыкаваць не проста сустрэчы з бацькамі, калі іх дзеці будуць вучыцца не там, дзе раней. Не стане лішнім адвезці тат і мам у суседнюю школу, паказаць ім усё, акрэсліць перспектывы.

А жанчыну з прыгранічнага з Расіяй гарадскога пасёлка Езярышча Гарадоцкага раёна турбуе тое, што ўрачэбная лабараторыя будзе ў іншым будынку. Кіраўнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі растлумачыў, што пераезд — толькі ў мэтах эканоміі фінансавых сродкаў на аплату камунальных паслуг. Усе плошчы медустановы не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, таму аказваць дапамогу будуць у іншых метрах.

Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады, каб упэўніцца ў тым, што будзе зроблена як мае быць, трымае прыняцце мер на асабістым кантролі. У некаторых выпадках просіць старшынь райвыканкамаў і гарвыканкамаў асабіста яму далажыць пра рэагаванне на заявы, скаргі, прапановы...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.