Вы тут

Газ і святло на дачы — раскоша? Не для пенсіянераў, ільготнікаў і інвалідаў і ў межах дазволенага аб'ёму


Крадзеж электрычнасці ў садовых таварыствах і дачных кааператывах і зрыванне пломбаў з лічыльнікаў газу — дрэнныя спосабы сэканоміць на плаце за святло і газ, упэўнены эксперты. Яны параілі, як можна плаціць за балон газу не 46,5 рубля, а 19,5, і абазначылі шляхі, каб не плаціць за тэхналагічна страчаную электрычнасць.


pixabay.com

На ўсю моц

У Беларусі 1872 садовыя таварыствы газіфікаваны звадкаваным газам (у 50-літровых балонах), які спажываюць каля 50 тысяч прыватных асоб. 449 садовых таварыстваў краіны (10,5 тысячы чалавек) карыстаюцца прыродным газам. Летась і ў пачатку гэтага года збояў у пастаўцы газу ў садовыя таварыствы па краіне ў цэлым не назіраецца. А вось з боку спажыўцоў, на жаль, пачасціліся выпадкі ўмяшання ў сістэму ўліку расходу газу (лічыльнікаў) — абаненты зрываюць пломбы і лезуць у лічыльны механізм з вядомай мэтай — сэканоміць, заўважыў Уладзімір ЗАВАЛЬНІКАЎ, начальнік упраўлення газазабеспячэння і маркетынгу аб'яднання «Белпалівагаз»:

— Такія факты караюцца згодна з законам. Летась выкрыты 184 выпадкі ўмяшання ў лічыльнікі, з іх 159 — менавіта зрыванне пломбы і самастойная яе замена. За 2020-ы за такія несанкцыянаваныя ўмяшанні было спагнана 1,9 мільёна.

Расцэнкі на газ для насельніцтва ў краіне ўстаноўлены пастановай Саўміна № 1166. Парадак разліку за паслугі, а таксама ўмовы паставак прадукцыі рэгулююцца пастановай Саўміна № 571, паведаміла Вольга ДУЛЬКО, начальнік аддзела цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі эканамічнага ўпраўлення аб'яднання «Белпалівагаз» і абазначыла кошт блакітнага паліва.

Спажыўцы, якія жывуць у садовых доміках і на дачах, разлічваюцца за паслугі газазабеспячэння па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне гэтых паслуг. З 1 студзеня 2021-га поўны кошт 1 м3 прыроднага газу — 50,82 капейкі, балон звадкаванага газу вагой 21 кілаграм абыдзецца ў 46 рублёў 50 капеек.

— Паколькі большасць грамадзян, якія жывуць на дачах, — гэта найбольш уражлівыя катэгорыі насельніцтва, з 1 ліпеня 2018-га для некаторых уласнікаў дач і садовых домікаў пры пэўных умовах у межах заканадаўства даецца права платы за звадкаваны і прыродны газ па субсідзіруемых цэнах, — нагадала яна.

І па льготах

Права на зніжаны кошт маюць асобы, якія з'яўляюцца непрацуючымі пенсіянерамі (і дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту); абаненты, што маюць права на льготы згодна з артыкулам 16 Закона аб дзяржаўных сацыяльных ільготах; інваліды трэцяй групы.

Каб рэалізаваць права плаціць менш, неабходна выканаць шэраг умоў, падкрэсліла Вольга Дулько:

— Уласнік дачы ці садовага доміка павінен напісаць заяву і мець дакументы, якія пацвярджаюць факт рэгістрацыі па месцы знаходжання. Непрацуючыя пенсіянеры, што дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, павінны прадставіць пенсійнае пасведчанне, працоўную кніжку ці іншы дакумент, які пацвярджае, што пенсіянер не працуе. Асобы, што маюць права на льготы, павінны мець дакументы, якія пацвярджаюць гэтае права, а інваліды трэцяй групы — адпаведнае пасведчанне.

Дакумент, які пацвярджае факт рэгістрацыі па месцы часовага знаходжання, павінен адпавядаць патрабаванням заканадаўства і быць выдадзены органам рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства ці месцы знаходжання. У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу гэта орган унутраных спраў або сельскія ці пасялковыя выканкамы ў сельскіх населеных пунктах ці пасёлках гарадскога тыпу, дзе няма органаў унутраных спраў. Пры гэтым меншы тарыф прымяняецца з моманту падачы заявы.

pixabay.com

Колькі напаліў — столькі заплаціў

Пры наяўнасці газавага ацяпляльнага прыбора і прыбора ўліку расходу газу плаціць за яго трэба кожны месяц у залежнасці ад гадавых аб'ёмаў спажывання, якія падлічваюцца нарастаючым вынікам штогод з 1 студзеня.

Адпаведна да 3000 м3 уключна аплачваецца па субсідзіруемых цэнах для насельніцтва. У ацяпляльны перыяд з 1 студзеня да 31 мая кошт за 1 м3 складае 13,66 капейкі. З 1 чэрвеня да 31 снежня — 14,06 капейкі, а летам — 48,40 капейкі.

Пры спажыванні звыш 3000 м3 да 5500 м3 — адносна субсідзіруемых цэн прымяняецца павышаючы каэфіцыент 1,3. Адпаведна, у ацяпляльны перыяд кошт 1 м3 павысіцца да 17,76 капейкі, з 1 чэрвеня да 31 снежня — да 18,28 капейкі, а ўлетку — да 50,82 капейкі.

Усё, што будзе ўжыта звыш 5500 м3, аплачваецца па цане, якая забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат. У ацяпляльны і летні перыяд гэта 50,82 капейкі за м3.

Грамадзяне, якія карыстаюцца звадкаваным газам у балонах (да 21 кг) і маюць права на аплату па субсідзіруемых цэнах, могуць аплаціць пяць балонаў па 19,5 рубля. Калі ім спатрэбіцца больш, то кожны балон абыдзецца ўжо ў 46,5 рубля.

Святло патрачанае і страчанае

Садовыя таварыствы (СТ) і дачныя кааператывы (ДК) разлічваюцца за электраэнергію па тых жа тарыфах, што ўстаноўлены для насельніцтва. Сёння 1 кВт·г каштуе 20,92 капейкі. СТ і ДК з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, маюць адасобленую маёмасць і самастойны баланс. Амаль усе яны атрымліваюць электрычнасць ад паветранай лініі электраперадачы магутнасцю 10 кВ, якія знаходзяцца на балансе энергазабяспечваючых арганізацый. Да лініі далучаецца адпайка даўжынёй ад некалькіх дзясяткаў да соцень метраў. У сваю чаргу да яе далучаецца камплектная паніжаючая трансфарматарная падстанцыя (КТП) напружаннем 10 на 0,4 кВ (такіх падстанцый каля 2,5 тысячы па краіне). Пераважна і адпайка і падстанцыя знаходзяцца на балансе садовых таварыстваў, а разліковы лічыльнік устаноўлены на КТП, паведаміў Віктар ЖЫТКЕВІЧ, начальнік упраўлення збыту энергіі аб'яднання электраэнергетыкі «Белэнерга»:

— Такі лічыльнік падлічвае сумарную электраэнергію, якую ўжылі ўсе садовыя домікі і страты энергіі ва ўсіх паветраных лініях па 0,4кВт, па якіх транспартуецца энергія. СТ павінна дадаткова аплаціць страты электраэнергіі ў адпайцы і сілавым трансфарматары КТП, бо яны знаходзяцца на балансе гэтых арганізацый. А страты электраэнергіі ў іх разліковым электралічыльнікам не ўлічваюцца.

Разлік такіх страт штомесяц робіцца энергазабяспечваючай арганізацыяй па кожным садовым таварыстве, паколькі ў тарыфах на электраэнергію закладзены толькі нарматыўныя страты, тэхналагічны расход на транспарціроўку энергіі ў сетках, якія знаходзяцца на балансе энергазабяспечваючых арганізацый.

— Садаводы часта пытаюцца, ці можна выкарыстоўваць электрычнасць у садовых доміках на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне і аплачваць электрычнасць па нізкіх тарыфах. Аднак яны прадугледжаны толькі для жыллёвага фонду, а домікі да яго не адносяцца, — растлумачыў спецыяліст.

Каб вырашыць праблему крадзяжоў электраэнергіі, як варыянт, прапануецца вынесці лічыльнікі з садовых домікаў за мяжу зямельнага ўчастка. Каб не аплачваць тэхналагічны расход электраэнергіі, трэба перадаць электрасеткі і КТП на баланс энергазабяспечваючым арганізацыям. Тады разліковы ўлік будзе супадаць з мяжой балансавай прыналежнасці электрасеткі, параіў Віктар Жыткевіч.

Цяпер у Беларусі распрацоўваецца праект указа кіраўніка краіны па садаводчых пасяленнях, згодна з якім сеткі энергазабеспячэння напружаннем 0,4 кВт можна будзе перадаваць на баланс энергасістэмы. Пры гэтым сеткі павінны быць у тэхнічна спраўным стане і мець прыдатны нарматыўны тэрмін эксплуатацыі.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.