Вы тут

Акадэмік Аляксандр Лакотка стварае яркія акварэлі і адкрывае феномен беларускага дойлідства


Нядаўна дзякуючы выстаўцы ў Нацыянальным гістарычным музеі мы адкрылі для сябе дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, акадэміка Аляксандра Лакотку, знаўцу і абаронцу архітэктурных помнікаў, з новага боку: як мастака. Яго акварэлі — яркія, свежыя, сакавітыя, як кажа сам аўтар, «мажорныя». Але і яны прысвечаны галоўнай тэме яго жыцця — беларускаму дойлідству і яго сакрэтам, пра якія мы і пагаварылі.


Фота Яна Хведчына.

— Вас ведаюць як вядомага вучонага, вы доктар гістарычных навук і доктар архітэктуры, акадэмік, прафесар... Маляванне для вас частка прафесіі ці ўсё ж хобі?

— Мой бацька быў мастаком, працаваў у школе і ствараў вельмі цікавыя ілюстрацыі да літаратурных твораў. Таксама ў нашай школе быў тэатр: ставіліся спектаклі, і трэба было рабіць дэкарацыі. Таму я займаўся жывапісам і графікай з ранняга дзяцінства. Скончыў архітэктурны факультэт БНТУ. Ну і, як той казаў, гэта стала патрэбай жыцця, таму што каб не было ўнутранага памкнення да малявання, я і на архітэктурны, мабыць, не паступіў бы. Потым я працаваў у галіне рэстаўрацыі ў Музеі народнай архітэктуры і побыту, даводзілася бываць у шматлікіх экспедыцыях: усё гэта давала матэрыял. Я знаёміўся з гарадамі, мястэчкамі, помнікамі, вёскамі і хутарамі, а таксама з прыгожымі пейзажамі розных рэгіёнаў Беларусі. І маляваў...

— Як вы вызначылі феномен беларускага дойлідства? У чым ён?

— Гэта вынік маёй доктарскай дысертацыі. Я працаваў у навуковай галіне архітэктуры прыкладна з семдзесят сёмага года. Ролю ў гэтым сыгралі і шматлікія падарожжы і экспедыцыі. Аднойчы мы праехалі па Беларусі дзевяць тысяч кіламетраў. Таму я маю канкрэтнае і сапраўднае ўяўленне пра нашу архітэктуру. Феномен палягае ў сінтэзе будаўнічых культур Усходу і Захаду. Гэта вельмі добра відаць: менавіта тут перадавая пазіцыя нашага дойлідства. Усё найлепшае, што было створана ўсходнеславянскімі і заходнімі культурамі, адлюстравана ў ім. І тое не проста словы: паглядзіце на нашы цудоўныя храмы, як праваслаўныя, так і каталіцкія. Звярніце ўвагу на замкі, якія цяпер рэстаўруюцца. Іншая справа, што наша краіна, і я хацеў бы, каб гэта прагучала, адносіцца да тых частак еўразійскага кантынента, якія больш за ўсіх пацярпелі ад шматлікіх войнаў розных стагоддзяў. Напрыклад: замкі, якіх было каля двухсот, а я іх падлічваў, калі пісаў дысертацыю, амаль усе былі знішчаны ў гады Паўночнай вайны. Шведы проста іх узарвалі самым натуральным чынам. І таму наша краіна пакрытая руінамі гэтых замкаў. Але руіны — гэта таксама вельмі важны помнік. Паглядзіце на Захад, як у той жа Англіі такія руіны інсталююцца і пазіцыянуюцца. Таму для нас важна беражліва адносіцца і да рэшткаў архітэктуры, якімі б яны ні былі.

Недалёка ад Мінска, каля Музея народнай архітэктуры і побыту, ёсць старадаўняе гарадзішча. Гэта каля зліцця ручая Дуная і ракі Менкі. Ёсць гіпотэза пачатку ХХ стагоддзя, што Мінск узнік менавіта там. Тое гарадзішча можна зрабіць цэнтрам славянскага адзінства: праводзіць фестывалі, арганізаваць спеўнае поле, як гэта зроблена, напрыклад, у суседняй Літве. Месца, дзе збіраюцца і спяваюць дзесяць тысяч чалавек. І работы многа не трэба: выкасіць кустоўе, зрабіць аўтастаянку, некалькі глядзельных пляцовак, а побач — Музей народнай архітэктуры і побыту. І ўсё будзе як мае быць.

— Ці на дастатковым узроўні падтрымліваюцца нашыя архітэктурныя помнікі?

— Паверце мне, ва ўсім свеце помнікі падтрымліваюцца не на сто працэнтаў дастаткова. Ва ўсіх краінах перш за ўсё робіцца стаўка на кансервацыю. А вось рэстаўруюцца сапраўды адметныя, гістарычна каштоўныя збудаванні. У большасці краін Еўропы помнікі ў стадыі кансервацыі. Рэстаўрацыя Парфенона і Калізея будзе працягвацца многія дзясяткі гадоў, літаральна па адной цагліне. Таму што рэстаўрацыя — гэта патрэба аднавіць самым адпаведным чынам. І да гэтага трэба імкнуцца. У савецкія часы былі зроблены істотныя памылкі, якія потым ЮНЕСКА заўважыла. Напрыклад, Тракайскі замак у Літве: тое, што было страчана, аднавілі са звычайнай цэглы. Таму ЮНЕСКА не надала гэтаму замку статус сусветнага здабытку. А Мірскі замак рэстаўраваўся амаль сорак гадоў — работа была праведзена якасна, і таму ён атрымаў міжнародны статус навукова-культурнай спадчыны.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.