Вы тут

Час і абставіны. Пра год, які даўжэйшы за век


Вы не паверыце, але прайшоў ужо год. Менавіта ў сярэдзіне красавіка 2020-га ўвесь свет прыгаломшана канстатаваў: жыццё ўжо не будзе ранейшым. Вірус хутка не адолеем, трэба прывыкнуць мыць рукі, насіць маску ў транспарце, старацца трымацца падалей ад іншых людзей. Лічбы захварэлых і памерлых у далёкіх Італіі і Іспаніі чакалі штодня як весткі з фронту, а яны ўсё павялічваліся і павялічваліся. Многія сядзелі на жорсткім каранціне прымусова, пад пагрозай вялізных штрафаў і нават зняволення. Нам у гэтым плане тады пашанцавала: у нас была свабода выбару. Але ўсіх аб'ядноўвала адно: было рэальна страшна. Перад невядомай навалай, ад якой на той час не было ніякага паратунку, і ніхто не мог абяцаць, што ён будзе. Страшна было ўсім, нават тым, хто не прызнаваўся, хто спрабаваў жартаваць у сеціве наконт таго, што ў год Мышы і паводзім сябе адпаведна: сядзім па норах, цягнем туды ежу, а ўбачыўшы чалавека, хаваемся...


pixabay.com

І ўсё было так непрывычна і нязручна! Скура на руках ад пастаяннай апрацоўкі спіртавымі сродкамі і доўгага мыцця з мылам свярбела і адвальвалася кавалкамі. У масцы было цяжка дыхаць. Кожны раз, ідучы з работы, даводзілася адмаўляцца ад жадання зайсці ў магазін па хлеб ці проста «паглядзець». Па пакупкі выбіраліся раз на тыдзень, з даўжэзным спісам, каб нічога не забыцца, каб да наступнай суботы не перціся ў люднае месца. Складана было ўтрымацца ад спакусы купіць што-небудзь у запас — рулонаў дзесяць туалетнай паперы, напрыклад: а раптам знікне? Шчыра, я ўсё ж аднойчы спакусілася (не для сябе — для гадаванкі): бы дурань дзверы, цягнула самы большы мяшок імпартнага напаўняльніка для кацінага латка: а раптам з-за пандэміі больш не прывязуць?.. А якой палёгкай для многіх стала магчымасць з першым цяплом з'ехаць з горада на лецішча або ў хату, што засталася ад бацькоў! Пасядзеўшы ў тым халодным маі два тыдні ў роднай вёсцы, я, напрыклад, толькі тады зразумела, што нездарма месца, дзе нарадзіўся і вырас, завуць месцам сілы...

Дык вось, мінуў ужо год. Шмат чаго адбылося і ў свеце, і ў краіне. Уключаючы розум, аналізуючы, усё роўна вяртаешся да гэтага няшчаснага віруса: калі б не ён, усё было б інакш. Бо страх перад невядомым, які адчувала без перабольшвання ўся планета, не мог не адбіцца ў выніку на ўсім: на эканоміцы, на палітыцы, на адносінах паміж краінамі і паміж людзьмі.

Мінуў ужо год, а сітуацыя, калі аб'ектыўна, не вельмі змянілася. Трэцяя хваля каранавіруса набірае моц (а некаторыя гавораць і пра чацвёртую). Амаль уся Еўропа зноў сядзіць у лакдаўне або зусім на каранціне. Страх... Не тое што яго няма — да яго прывыклі. Гэтаксама, як і да масак на твары — сваіх і навакольных людзей: яны ўжо не здаюцца героямі фантастычнага фільма, дый ад уласнага адлюстравання, выпадкова ўбачанага ў вітрыне, не шарахаешся... Скура на руках больш не лушчыцца — вымытая і вышараваная, яна, наадварот, стала мяккая і гладкая. Па вуліцы ўжо ходзіш спакойна, не кідаючыся ўбок ад кожнага сустрэчнага. Не ведаю, як вы, але я, напрыклад, прылаўчылася націскаць кнопкі ліфта і выключальнік у прыхожай локцем. І да твару адвучыла сябе дакранацца па справе і без, напэўна, на ўсё астатняе жыццё. Па пакупкі хадзіць адзін раз на тыдзень аказалася вельмі нават зручна, не кажучы ўжо пра інтэрнэт-дастаўку. З меркаванняў бяспекі адвучылася пад'язджаць ад метро пяць прыпынкаў у перапоўненым транспарце, а цяпер разумею, як гэта здорава — прайсціся тыя тры з паловай кіламетра пасля работы: тут табе і нагрузка фізічная, і свежае паветра, і думкі ў парадак прывесці паспееш. Нядаўна падумала пра тое, што, нават калі вакцынуюся, некаторыя свае «эпідэмічныя» звычкі, а найперш — вось гэтую хадзьбу пешшу — абавязкова пакіну...

За гэты год многія пенсіянеры хочучы-не хочучы асвоілі інтэрнэт, асабліва мабільны. Ведаю як мінімум чалавек пяць узросту 60+, якія, калі б не пандэмія, і блізка б да інтэрнэт-банкінгу на мабільным не падышлі. А так — зручна, зноў жа — бяспека: не трэба ісці ў банк ці на пошту камунальныя плаціць, а яшчэ ж ёсць вайбер, тэлеграм, «Аднакласнікі». Адваротны бок прагрэсу відаць у міліцэйскіх зводках: кожны дзень — новыя паведамленні пра вішынг. І хто паведамляе махлярам, якія звоняць на смартфон, рэквізіты сваіх банкаўскіх картак і рахункаў? Правільна, у большасці сваёй — пенсіянеры. Якія, калі б не вірус, і ў рукі б той смартфон не ўзялі...

«Свет ужо ніколі не будзе ранейшым...» Я не ведаю, што будзе, калі пагроза ковіду міне, калі адкрыюцца граніцы, калі людзі змогуць ехаць куды захочуць, сядзець у кавярнях, абдымацца і цалавацца наўпрост на вуліцах. Учора ўявіла: вось прыйдзе гэты час, і я сяду ў самалёт, прылячу ў Берлін, і мы з самай блізкай маёй сяброўкай будзем абдымацца і радасна вішчаць у аэрапорце, як рабілі заўсёды. А потым падумала: а як гэта ўспрымуць навакольныя, якія ад усяго падобнага адвыклі? І ці будзе мая Ірына той, якую я ведала ўсё жыццё, пасля таго, як яе сям'я бязвылазна праседзела дома столькі часу? Сям'я, якая пры любой магчымасці падарожнічала, ніколі не сядзела на месцы... Ці пазнаю я яе, якая, як прызналася ўчора па тэлефоне, з такім бы задавальненнем прайшлася па ўсіх магазінах — а шопінг жа дагэтуль яна проста ненавідзела. Ці пазнае яна мяне? Бо гэты ковідны год змяніў жа нешта і ў маіх думках і паводзінах?.. Зрэшты, паглядзім па ходу развіцця падзей. Галоўнае — дачакацца.

А яшчэ, ведаеце, вельмі важна ўсё ж не страціць сябе. Час і абставіны мы не выбіраем. Але маем права выбіраць, як сябе паводзіць і што гаварыць. Што пандэмія ўсё спіша — спадзявацца не варта. Яна рана ці позна міне, а ўчынкі і словы застануцца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.