Вы тут

Як працуе моладзь у навукова-даследчым інстытуце імпульсных працэсаў


Характэрная для сённяшняга дня праблема — адток маладых кадраў з навукі. Толькі не ў навукова-даследчым інстытуце імпульсных працэсаў, які з'яўляецца дзяржразліковым падраздзяленнем Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А. У. Романа НАН Беларусі.


Дырэктар інстытута Ларыса Уладзіміраўна Суднік  і Канстанцін Рудніцкі.

— Ва ўсе часы кіраўнікі інстытута і аб'яднання імкнуліся падтрымліваць навуковую моладзь, бачылі ў ёй заўтрашні дзень свайго калектыву. Я пераканалася ў гэтым на ўласным вопыце, — расказвае дырэктар навукова-даследчага інстытута імпульсных працэсаў з доследнай вытворчасцю доктар тэхнічных навук Ларыса Суднік. У канцы студзеня наша газета расказвала пра навуковы пошук, які вядзе калектыў гэтага НДІ.

— Маладыя супрацоўнікі заўсёды адчувалі падтрымку акадэмікаў Алега Уладзіслававіча Романа і Пятра Аляксандравіча Віцязя, — працягвае расказ Ларыса Уладзіміраўна. — А цяпер усебакова апякуе навуковую моладзь генеральны дырэктар аб'яднання, дырэктар Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А. У. Романа Аляксандр Фёдаравіч Ільюшчанка. І наша моладзь заслугоўвае такой увагі. Напрыклад, Уладзіслаў Сямашка, які прыйшоў да нас са сваёй тэмай — «Умацаванне рабочых органаў сельскагаспадарчых машын метадам тэрмічнай апрацоўкі». Цяпер тэма дапоўнена дадатковымі даследаваннямі, якія ўключаюць ударнае ўмацаванне метадам імпульснай апрацоўкі з дапамогай энергаёмістых выбуховых матэрыялаў. Ужываюцца таксама слаістыя матэрыялы, атрыманыя зваркай выбухам. Нядаўна Уладзіслаў атрымаў прэмію Жарэса Алфёрава, ён адзін з першых лаўрэатаў гэтай прэміі, якую заснаваў прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Але далей няхай расказвае сам.

Уладзіслаў Сямашка і яго настаўнікі Генадзь Васілевіч Смірноў і Ігар Валянцінавіч Пятроў.

Выбух бывае... стваральным

— У інстытуце я з 2012-га. Вучыўся ў БДАТУ, там скончыў і аспірантуру, — падсумоўвае пражытыя гады Уладзіслаў СЯМАШКА. — Пачынаў малодшым навуковым супрацоўнікам, потым вырас да навуковага супрацоўніка, намесніка загадчыка лабараторыі. І вось ужо другі год працую загадчыкам лабараторыі.

Асноўная тэматыка, якой займаемся, — зварка выбухам. Злучэнне чорных і каляровых металаў і іх спалучэнняў. Гэта той выпадак, калі выбух выкарыстоўваецца для атрымання цэлага класа новых матэрыялаў. Шмат беларускіх прадпрыемстваў выкарыстоўваюць нашу прадукцыю. Таксама займаемся кансалідацыяй парашковых матэрыялаў з дапамогай выбуху, атрыманнем кампактаў. Даследаванні носяць прыкладны характар.

Калі канкрэтызаваць, то прэмію Жарэса Алфёрава атрымаў за выраб камулятыўных падоўжаных зарадаў. Тэматыка цікавая, заказаў шмат, так што і працаваць цікава.

У лабараторыі больш за 20 спецыялістаў, сярод іх шмат моладзі, як і аксакалаў — людзей вопытных, што дапамагаюць маладым. Асабліва цёплыя словы хачу сказаць пра доктара навук Генадзя Васілевіча Смірнова і былога загадчыка лабараторыі Ігара Валянцінавіча Пятрова. Па сутнасці, яны найлепшыя настаўнікі на працоўным месцы. А кіраўнік маёй дысертацыі — генеральны дырэктар аб'яднання член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Фёдаравіч Ільюшчанка. Старэйшыя таварышы шчыра дзеляцца ведамі, а пры нашай вельмі спецыфічнай рабоце таму цаны няма.

У кожнага ёсць адзіная кніжка ўзрыўніка, а ў мяне яшчэ — і кніжка кіраўніка ўзрыўных работ. Каб ажыццявіць зварку ўзрывам, патрэбна выканаць падрыхтоўку ўсіх матэрыялаў, кампанентаў, плюс апрацоўка лістоў перад іх зваркай, і ўсё гэта даволі тонкая справа, у якой патрэбна разабрацца.

Вы пытаецеся, ці ўсё ёсць для навуковай работы. У інстытута былі праблемы з фінансаваннем, а таму — і з камплектаваннем кадрамі — маладыя спецыялісты не затрымліваліся. У апошнія гады назіраецца прыток выпускнікоў тэхнічных ВНУ, ідзе нават адбор найлепшых. Працоўныя месцы на доследнай вытворчасці (палігоне) абсталяваны належным чынам, для работы і даследаванняў ёсць умовы і абсталяванне. Важна і тое, што аб'яднанне — Інстытут парашковай металургіі — валодае значнай доследнай базай, і мы маем магчымасць карыстацца ёю. Лічу, гэта найлепшая ў краіне доследная база, якая акрэдытавана па ўсіх кірунках.

Тое, што нас аб'ядноўвае, — работа вельмі падабаецца ўсім маладым спецыялістам. Ніхто не глядзіць на гадзіннік: калі ўжо абед ці калі збірацца да хаты? Адчуваецца захопленасць справай. На мой погляд, наша лабараторыя — адна з самых моцных у аб'яднанні.

Лізавета Ліпатава — пакуль МНС.

Палімер мацней за метал

Да гутаркі далучаецца малодшы навуковы супрацоўнік Лізавета ЛІПАТАВА, нядаўняя выпускніца тэхналагічнага ўніверсітэта.

— У інстытуце я была яшчэ студэнткай на пераддыпломнай практыцы. У сябе ва ўніверсітэце працавала адначасова стажорам малодшага навуковага супрацоўніка і зразумела, што навука цікавіць мяне больш, чым вытворчасць.

Пачынала тэхнікам на палову стаўкі, а пасля завяршэння вучобы працую інжынерам на поўную стаўку. Займаюся даследаваннямі ў галіне палімерных кампазіцыйных матэрыялаў — гэта вельмі перспектыўны накірунак. З палімераў можна зрабіць усё: ад рыбалоўных вуд да лопасцяў самалёта. Так што прастора для даследаванняў надзвычай вялікая. Займаюся поліўрытанам. З яго рэальна можна стварыць што заўгодна, а не толькі прывычныя для ўсіх падэшвачкі жаночага абутку. Ён вытрымлівае высокія тэмпературы і настолькі трывалы, што можа працаваць там, дзе не спраўляецца нават метал. Плюс кампаненты да яго ўсялякія — разнастайныя напаўняльнікі. Можна займацца гэтай тэматыкай усё жыццё і не здаволіцца.

Дапамагаюць працаваць Ларыса Уладзіміраўна, Генадзь Васільевіч, Ігар Валянцінавіч, а таксама Уладзіслаў Сямашка, мой загадчык лабараторыі.

З тэмай дысертацыі пакуль не вызначылася толькі таму, што перспектыўных тэм многа, і вочы разбягаюцца. Для работы ўсё ёсць. Калі нечага не хапае, даволі хутка набываецца.

Пляцоўкі для работы з рэактывамі абсталяваны на палігоне, і я там часта бываю. Працую з ахвотай.

У калектыве сапраўды шмат моладзі, і разам нам камфортна.

Пераманілі з аўтамабільнага завода

Яшчэ адзін суразмоўца пасля БНТУ працаваў у кавальска-тэрмічным цэху аўтамабільнага завода і прайшоў шлях ад майстра да намесніка начальніка цэха па вытворчасці. Знаёмцеся: Канстанцін РУДНІЦКІ.

— Работа ў цэху была ў радасць, у той жа час патрабавала поўнай аддачы і шмат часу. Існавала велізарная адказнасць: за спінай жа — 150 чалавек. Але галоўнае — адчуў, што мне ўсё ж бліжэй навука. Можа таму, што мой бацька працуе ў політэхнічным універсітэце загадчыкам лабараторыі, ён кандыдат тэхнічных навук, дацэнт гэтай паважанай альма-матар для многіх вытворцаў і навуковых кадраў. У ліку іншых тэм ён распрацоўваў і тэматыку ўмацавання сталяў наначасцінкамі, што мне таксама было заўсёды цікава.

Вызначыўся з кандыдацкай дысертацыяй: «Кампазіцыйныя матэрыялы на аснове алюмініевых і магніевых сплаваў, арміраваныя тугаплаўкімі наначасцінкамі». Даследаванні таксама носяць прыкладны характар, бо шмат дагавароў, і патрэбна ўлічваць інтарэсы заказчыкаў, зацікаўленых у павышэнні якасці прадукцыі. У дадзеным выпадку інтарэсы кардынальна супадаюць.

Мой навуковы кіраўнік — Ларыса Уладзіміраўна. Сачу за распрацоўкамі ў сваёй галіне замежных навукоўцаў. Імкнёмся наведваць тэматычныя канферэнцыі і выстаўкі за мяжой. Стасункі з калегамі ў нечым дапамагаюць. Ва ўсялякім разе, стараемся не адставаць.

На палігоне апошнім часам асвойваем новую машыну для ліцця пад ціскам.

Вядома, матэрыяльную базу пажадана падцягнуць, нейкія пытанні ёсць, яны вырашаюцца. Як ужо зазначаў Уладзіслаў, у нас у аб'яднанні вельмі моцны доследны цэнтр, і калі патрэбна правесці даследаванні, то цалкам рэальна. Усё праводзіцца аператыўна і якасна.

Падрыхтавалі Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ, Вольга ГЕЦЭВІЧ і Яўген ПЯСЕЦКІ (фота)

Загаловак у газеце: А моладзь крылы распасцірае

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.