Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


У абдымках лесу

Клічаўшчына. Усакінскія лясы. Тысячы гектараў лясоў і балот, якія працягнуліся праз увесь раён. Лес займае 60 працэнтаў тутэйшых зямель. Дрымучыя бары праразаюцца далінамі рэк і азёр, глыбокімі ярамі. Якой дарогай ні паедзеш, якой сцяжынкай ні пойдзеш — абавязкова трапіш у абдымкі лесу.

Беларускія сыны.

...1943 год. Слава аб баявых поспехах клічаўскіх партызан разносіцца далёка за межы раёна. Партызанскае злучэнне Магілёўскай вобласці ўключае 9 раённых ваенна-аператыўных груп, 10 палкоў, 12 брыгад і 50 асобных атрадаў. Агульная колькасць — больш за 34 тысячы партызан. Паўсюдныя зверствы гітлераўцаў зрабілі людзей больш жорсткімі, узнялі іх на барацьбу з акупантамі.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны мой бацька Мота Сахрай знаходзіўся на ваенных зборах пад Мінскам. Тут яго і заспела вайна. Пасля цяжкіх баёў часць трапіла ў акружэнне. Спрабавалі прабівацца да сваіх, але марна. Бацька пасля кантузіі з групай байцоў трапіў  у палон. Іх прывезлі ў канцлагер, які знаходзіўся на тэрыторыі Магілёўскага завода імя Дзімітрава (зараз гэта завод «Строммашына»).

У студзені 1943 года бацьку з групай былых чырвонаармейцаў удалося ўцячы. Хворага і абмарожанага ў час доўгіх бадзянняў па лесе, яго прытуліла сям'я Сіліных з вёскі Закупленне Клічаўскага раёна. Лячылі, кармілі, апраналі.

Партызанскі атрад 277, куды ён трапіў пасля, узначальваў Ігнат Зіноўевіч Ізох. У верасні 1943 года атрад быў перафарміраваны ў полк 277, які стаў магутнай баявой адзінкай, што выконвала асобыя даручэнні Клічаўскага аператыўнага цэнтра па знішчэнні нямецкіх гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў.

З дзяцінства я чуў расказы і ўспаміны былых байцоў 277-га Партызанскага палка, многае захавалася ў памяці.

...У вёсцы Колбча Клічаўскага раёна немцы з'явіліся на сёмы дзень вайны. Тут яны адчувалі сябе гаспадарамі: як саранча, накінуліся на вёску і пачалі рабаваць. Усё, што можна было ўзяць, грузілася на аўтамашыны, бронетранспарцёры, падводы, укладвалася ў рэчмяшкі і ранцы. З усіх хат чуліся крыкі і стогны. У вёсцы фашысты арганізавалі нямецка-паліцэйскі ўчастак — у 1942 годзе партызаны разграмілі яго, тут зноў стаў дзейнічаць сельсавет. Але ўжо да пачатку 1943 года падчас карных аперацый фашыстам удалося яго знішчыць. Яны падпальвалі дамы, не шкадавалі ні дзяцей, ні старых, ні жанчын. Густыя клубы чорнага дыму ўзнімаліся да неба і плылі ў бок лесу.

Частка жыхароў вёскі была расстраляная, частку сагналі на работы ў Германію. Такія ж страшныя зверствы над жыхарамі нацысты ўчынілі ў вёсках Хворастава і Бацэвічы.

Зімой 1943 года партызанскія разведчыкі данеслі, што фашысты маюць намер знішчыць партызан. Партызанскі лагер рыхтаваўся да абароны. Лясныя дарогі завалілі дрэвамі, накапалі воўчых ям. Дальнія подступы да зямлянак замініравалі. Устанавілі кругласутачныя пасты назірання. Прыйшло паведамленне: гітлераўцы і паліцаі, усяго каля 200 чалавек, пры падтрымцы танка выходзяць а 8-й гадзіне раніцы.

— Ну што ж, сустрэнем, — сказаў Ізох.

Ледзь пачало днець, партызаны ўжо занялі свае месцы ў абароне. Некалькі байцоў з камандзірам узвода пайшлі ў засаду. Двое з іх, аблюбаваўшы густыя елкі, залезлі на іх і замаскіраваліся. Неўзабаве паказаліся гітлераўцы. Наперадзе ішоў танк з чорна-белым крыжам на баку. За ім, прыгнуўшыся, карнікі.

Перад узлескам фашысты разгрупаваліся. Танк пачаў абстрэл. Але партызаны агню не адкрывалі. Вось танк вынырнуў з лагчыны, выехаў на засыпаную снегам дарогу і рушыў у лес, да завалаў. Услед за танкам, абвешаныя аўтаматамі і вінтоўкамі, пабеглі карнікі. Яны не рабілі перабежак — ішлі ў поўны рост. І тут партызаны адкрылі агонь. Заляскалі вінтоўкі і карабіны. За некалькі хвілін на белым полі засталося ляжаць больш як 10 фашыстаў. Атака сарвалася. Карнікі заляглі ў лагчыны і пачалі біць з кулямётаў і мінамёта... Чатыры гадзіны доўжыўся гэты бой. Не прайшла да лагера і другая група карнікаў. Трапны агонь партызанскага кулямёта прымусіў павярнуць іх назад. Страціўшы больш за палову свайго саставу, карнікі адышлі ў бок станцыі Доўгае.

Партызанскі край прыцягваў да сваіх граніц усё большую колькасць гітлераўскіх часцей. Добра каардынуючы свае дзеянні, партызаны не толькі знішчалі гітлераўцаў і іх памагатых, частымі дыверсіямі яны парушалі рух цягнікоў па найважнейшых напрамках. У красавіку 1944 года партызаны 277-га 
палка правялі шэраг паспяховых аперацый. Да гэтага часу ўжо былі вызвалены многія раёны Беларусі. Нямецкія часці пачалі адступаць з Магілёва ў напрамку Бабруйска.

1 мая 1944 года, падчас правядзення святочнай дэманстрацыі, нямецкія танкі ўварваліся ў Клічаў, зруйнавалі партызанскую заслону і ўчынілі крывавую расправу над жыхарамі пасёлка. Бой быў кароткі. Першы батальён 277-га Партызанскага палка панёс вялікія страты. Гітлераўцы сагналі людзей на луг каля ракі і расстралялі: больш за 50 чалавек — жанчын, старых і дзяцей — загінулі ў той дзень.

А фронт набліжаўся. Ужо было чуваць артылерыйскую кананаду.

28 чэрвеня 1944 года вызвалілі Магілёў. Большасць байцоў партызанскага палка 277 разам з часцямі Чырвонай Арміі пайшлі на захад. Майго бацьку разам з іншымі партызанамі пакінулі ў Магілёве для навядзення парадку і аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі, будаўніцтва новага жыцця.

За гады Вялікай Айчыннай вайны партызаны Клічаўшчыны правялі больш за 100 баявых аперацый. Знішчылі 44 нямецка-паліцэйскія гарнізоны, узарвалі 57 мастоў, пусцілі пад адхон 75 эшалонаў праціўніка, знішчылі 17 тысяч гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Падарвалі і спалілі сотні танкаў і танкетак, аўтамашын, гармат, мінамётаў і кулямётаў, дзясяткі складоў з гаручым, боепрыпасамі, абмундзіраваннем і харчаваннем. Вялікая колькасць зброі і боепрыпасаў была ўзята ў якасці трафеяў. Больш за 1300 партызан, у тым ліку і мой бацька, за самаадданую барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленую мужнасць і гераізм удастоены высокіх узнагарод Радзімы.

...Некалькі гадоў назад я наведаў Клічаўскі краязнаўчы музей, у якім была прадстаўлена экспазіцыя аб маім бацьку, пабываў у вёсцы Закупленне, дзе сям'я Сіліных прытуліла яго. Глыбокі след застаўся ў маёй душы пасля наведвання мемарыяла «Усакіна».

Схіліўшы галаву, я стаяў каля абеліска партызанам, аддаючы даніну памяці тым, хто загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі за свабоду і незалежнасць Радзімы. Ціха шумелі бярозы, схіліўшы свае галінкі над тымі, хто не вярнуўся з вайны, самай крывавай і жорсткай у гісторыі чалавецтва.

Генадзь Сахрай, гісторык


І ўсё ж мне хочацца верыць...

Матуля... Пяшчота... Каханне... Кветка... Гэта проста словы? Ды як сказаць: мне б іх як песню слухаць і слухаць, бо мову сваю я люблю з маленства і з кожным годам, здаецца, усё больш.

Нарадзілася і вырасла я на Дзяржыншчыне, у вёсцы Волма. Тут жа хадзіла ў школу. Беларускую мову і літаратуру вяла Людміла Васілеўна Ляўковіч, якая ніколі не абмяжоўвала нас (ды і сябе...) матэрыялам з падручнікаў. Як жа цікава было слухаць яе асабістыя думкі, развагі, разам аналізаваць характары і ўчынкі літаратурных герояў, выказваць свае меркаванні! Я двойчы ў школе чытала «Трывожнае шчасце» Шамякіна, жыла, здаецца, у Куранях Мележа, да сёння помню ўрыўкі з Купалавай «Бандароўны» і ўпэўнена: калі б не сустрэча з Людмілай Васілеўнай, сапраўдны «смак» сваёй роднай мовы я наўрад ці адчула б...

Праўда, экзамен па ёй пры паступленні ў інстытут на «выдатна» здаць не пашчасціла.

Прыйшлося паплакаць, забраць дакументы і адвезці ў педвучылішча.

Там беларускую выкладаў Аляксей Раманавіч Манько. На кожным занятку ён выклікаў нас да дошкі, патрабаваў, каб правілы ведалі на зубок... Дайшла чарга да мяне і...

Да сёння ў памяці голас выкладчыка:

— Сядайце! Два! Думаеце, калі школа з медалём, то правілы вучыць не трэба?!

Гэта была першая і апошняя двойка ў маім жыцці.

А два гады вучобы праляцелі як адзін дзянёк... І вось яно, уручэнне дыпломаў: у мяне ён чырвоны!.. І я зноў здаю ўступны экзамен у педінстытут, на гэты раз — на выдатна! «Можаце мяне павіншаваць, — завітаўшы ў вучылішча, паведаміла Аляксею Раманавічу, — я паступіла, здала ваш прадмет на «пяцёрку». — «А я што вам ставіў?» — удакладніў выкладчык. — «Чацвёрку». — «Во як добра, што так — а не наадварот».

...У інстытуце вывучэнне беларускай пачалося з дыктоўкі, з дапамогай якой выкладчык Пётр Вікенцевіч Садоўскі хацеў вызначыць узровень нашых ведаў. Тэкст быў настолькі складаны, што большасць студэнтаў групы атрымала двойкі, чалавек, можа, сем ці восем «святкавала» тройкі... Толькі аўтарка гэтых радкоў ды яшчэ дзве дзяўчыны заслужылі адзнаку «добра» і адчулі сябе сапраўднымі пераможцамі.

А яшчэ Пётр Вікенцевіч вучыў нас правільнаму беларускаму маўленню, змякчэнню зычных гукаў: «сьнех сьляпіў Сьцяпану вочы і зь йіх цяклі сьлёзы»... Як жа я ганарылася, пачуўшы ад выкладчыка, што маё вымаўленне нават лепшае, чым у асобных дыктараў.

...Вельмі шкада, што першая з дзвюх дзяржаўных моў у нас не першая, што сёння нават вяскоўцы размаўляюць на рускай. Але чаму?! Я ўдзельнічала ў многіх паломніцкіх паездках, пабывала ў розных краінах. Родная мова для іх жыхароў — гэта нешта святое, яе ведаюць, на ёй размаўляюць. У нас жа...

У дзіцячым садку, дзе я працую выхавальніцай, па праграме павінны быць заняткі на беларускай мове, беларускамоўныя дні. Пачынаю размаўляць, — многія словы даводзіцца перакладаць на рускую, бо дзеці не разумеюць: родную мову ўспрымаюць нібы замежную. А адна з матуль і наогул выдала, што яе дзіцяці «не нужен этот мужицкий язык!»

І ўсё ж мне хочацца верыць, што наша мова не папоўніць спіс мёртвых, бо, як пісаў Караткевіч: «Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе. Хто забыў сваю мову — усё згубіў». Гэта, дай бог, не пра нас.

Марыя Мяжэвіч, п. Валяр'янава, Мінскі раён


Дзевяноста — гэта не сто, але...

У нашым Доме культуры адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя дзевяностагоддзю з дня выхаду першага нумара раённай газеты «Іскра» (некалі — «Калгасны сцяг»).

Калектыў рэдакцыі ў дзень юбілею віншавалі і высокія госці, і калегі, і сябры газеты, і, вядома ж, яе чытачы.

Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена Дзівакова зачытала віншавальны адрас ад старшыні выканкама Леаніда Зайца з пажаданнямі калектыву творчых поспехаў, далейшага развіцця справы па інфармаванні насельніцтва раёна. Яна ж уручыла калектыву Ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі нашай краіны і каштоўны падарунак. Дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзячэнка адзначыў, што на старонках чавускай раённай газеты падымаюцца многія актуальныя праблемы і пытанні сучаснага жыцця, што «Іскра» — адна з найлепшых у магілёўскім рэгіёне... У адрас работнікаў выдання (а гэта ўсяго восем чалавек!) гучалі добрыя словы ад кіраўніцтва раёна, прафсаюза, калег з Дрыбіна і Чэрыкава.

Віншаванні перамяжоўваліся з канцэртнымі нумарамі, якія адмыслова падрыхтавалі работнікі аддзела культуры, так што свята атрымалася прыгожае.

Дзевяноста — гэта, вядома ж, не сто тры, як у газеты «Звязда», але ж дата таксама гучная!

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.