Вы тут

Саліст Вялікага тэатра Беларусі Андрэй Валенцій: Патрэбен другі оперны тэатр у Мінску


Саліст Вялікага тэатра заслужаны артыст Беларусі Андрэй Валенцій проста нарасхват. Дома ён — вядучы майстар сцэны, значыць, галоўныя партыі басоў яго і іншых нешматлікіх калег, уладальнікаў менавіта такога голасу. А яшчэ Валенцій — запрошаны саліст Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі, Музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, Міхайлаўскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, удзельнік міжнародных оперных фестываляў, нярэдка яго запрашаюць у журы конкурсаў. Пры гэтым улюбёнец беларускай публікі шыкоўны ў любой іпастасі. І калі ў вобразе князя Грэміна спявае пра каханне, якому ўсе вякі пакорлівыя, і калі выдае ў рок-версіі куплеты Мефістофеля. А для журналіста Андрэй Валенцій — проста знаходка: ён не баіцца нестандартных пытанняў!


Агун­да Ку­ла­е­ва, Анд­рэй Ва­лен­цій і Ган­на Ня­трэб­ка.

— У лютым у Вялікім тэатры Расіі адбыліся оперныя спектаклі з удзелам знакамітага іспанскага опернага спевака і дырыжора Пласіда Дамінга. Калі не памыляюся, то ў Маскве ў якасці дырыжора ён выступаў упершыню. А як вы трапілі ў асноўны склад артыстаў «Багемы», якой дырыжыраваў Дамінга?

— Вы не паверыце, але я атрымаў гэты кантракт, не выходзячы з Вялікага тэатра Беларусі. Справа ў тым, што на Калядны форум і міжнародны конкурс у якасці журы прыязджалі вельмі сур'ёзныя агенты і кастынг-дырэктары еўрапейскіх і амерыканскіх тэатраў. Я спяваў бягучыя спектаклі ў нас дома — мяне пачулі, і ў далейшым атрымаў запрашэнне да супрацоўніцтва адразу ад двух агенцтваў. Яны прапаноўвалі свае кандыдатуры спевакоў, а Вялікі тэатр Расіі і Пласіда Дамінга абралі склад для «Багемы». І я аказаўся ў складзе, які працаваў з Дамінга. Акрамя нашага было яшчэ два склады — усяго прайшло пяць спектакляў.

— Якія вашы ўражанні ад работы ў гэтым праекце?

— Працаваць з Пласіда Дамінга — гэта мая мара! Напэўна, яшчэ дзіцячая, нязбытная, недасягальная... Але гэта здарылася! Як я і меркаваў, ён — надзвычайны ва ўсім! Ён ведае музычны матэрыял на памяць! Паказальны адзін момант у другім акце, калі на сцэне хор, аркестр, банда, г. зн. яшчэ і сцэнічны аркестр, вельмі складанае месца — маэстра не дапусціў ніякіх разыходжанняў! Асаблівасць маэстра — ён любіць павольныя тэмпы. На рэпетыцыі я праспяваў сваё арыёза вельмі павольна. Падумаў, што гэта я занадта ўжо зацягнуў. Падышоў да Пласіда, спытаў. А ён у адказ: «Ой, а мне так падабаецца, калі арыёза ідзе ў такім тэмпе! Вы зможаце гэтак жа спяваць на спектаклі»? Але ведаеце, што самае неверагоднае?! Калі да цябе ў грымёрку перад спектаклем заходзіць дырыжор і... не, не робіць «чароўны пендаль» — дае апошняе каштоўнае ўказанне, а па-добраму, шчыра жадае ўдачы! Жартуе, падбадзёрвае. Пласіда Дамінга гэта рабіў! Прычым ён прыходзіў адзін, без аховы. І перад спектаклем мы цёпла размаўлялі на роўных, калі можна так сказаць, вядома. Неўзабаве ў Маскве мы зноў акажамся на адной сцэне — Пласіда Дамінга будзе спяваць Радрыга ў оперы «Дон Карлас».

Таксама я быў уражаны майстэрствам спевакоў! Тры Мімі — усе ну проста цудоўныя! Тры Рудольфы! Адзін з Рудольфаў, дарэчы, беларус Павел Валужын — надзвычайны тэнар. Які, дарэчы, жыве ў Мінску, але ў яго настолькі шчыльны графік, ён заняты ў вядучых тэатрах свету, што дома праспяваць ніяк не атрымліваецца. Калі б не пандэмія, то ў яго ў гэтым сезоне быў падпісаны кантракт на партыю Рудольфа ў «Багеме» ў «Метрапалітэн-оперы».

— На артыстах і публіцы неяк адбіваюцца антыкавідныя меры, прынятыя Вялікім тэатрам?

— Па дзеючых цяпер правілах прадаецца толькі палова залы, каб выконвалася дыстанцыя пры рассаджванні гледачоў. Па прыездзе я быў абавязаны прад'явіць «свежы» ПЦР-тэст. Прычым прыляцеў у Маскву з Казані, дзе ўдзельнічаў у Шаляпінскім фестывалі. І тэст у мяне быў з аэрапорта. Але прыйшлося рабіць новы, менавіта для Вялікага тэатра Расіі, інакш бы не дапусцілі да работы.

— Якімі шляхамі салісты беларускай оперы трапляюць на міжнародныя фестывалі, конкурсы, як атрымліваюць ангажэмент за мяжой?

— Каб запрасілі ў праект, у 90 % выпадкаў трэба спачатку трапіць у агенцтва оперных спевакоў. Усюды і заўсёды трэба ўдзельнічаць у кастынгах, што каштуе немалых грошай. Усё гэта асабістая рызыка і цікавасць артыста, таму і выдаткі даводзіцца пакрываць самому. Як правіла, кастынгі праходзяць у вялікіх еўрапейскіх гарадах. Каб годна сябе паказаць, трэба добра адпачыць пасля пералёту. Значыць, трэба засяліцца ў гатэль недалёка ад тэатра, а гэта заўсёды нятанна. Але ці «стрэляць» твае спевы — вось пытанне. Ты можаш выдатна праспяваць і «праляцець», таму што велізарная канкурэнцыя. Цяпер ужо мала добрага голасу — глядзяць на артыстычнасць, ці падыходзіць твой тыпаж. Прызнаюся, мне лягчэй спяваць спектаклі, перад якімі, вядома ж, хвалююся. Але на кастынгах градус хвалявання павялічваецца ў разы. Але чым больш мая гісторыя спектакляў, у якіх я працаваў дзякуючы знакамітай базе оперных салістаў Operabase, тым менш кастынгаў спяваю. Дарэчы, да нядаўняга часу салісты Вялікага тэатра Беларусі траплялі ў Operabase аўтаматычна, калі спявалі на гастролях у Еўропе. Дасье з гэтай базы вельмі дапамагае ў кар'еры опернага артыста.

Ка­роль Рэ­нэ.

— Але калі гэта так хвалююча і накладна, ды яшчэ без 100 % гарантыі, то для чаго?

— Па-першае, калі просіць прыехаць на кастынг твой агент, тут проста без варыянтаў. Гэта значыць, што маё выступленне ўжо бачылі ў запісе і зараз хочуць пачуць ужывую, у той зале, дзе будзе пастаноўка. Па-другое, кожны спявак сам ведае, што і калі ён зрабіў ці не зрабіў для таго, каб адбыцца. Таму для мяне — лепш зрабіць і шкадаваць, чым шкадаваць аб тым, што не зрабіў.

— Салісты беларускай оперы адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена побач з калегамі з іншых краін?

— Нашы артысты цяпер інтэграваны ў сусветную оперную сістэму. І нічым іх шлях не адрозніваецца ад шляху нямецкага або амерыканскага спевака — акрамя падаткаў (смяецца). Нават калі ты атрымліваеш кантракт на прэстыжны фестываль ці ў добры еўрапейскі тэатр — трэба ўважліва прачытаць умовы кантракта, а то часам пасля ўсіх падатковых вылікаў і іншых выдаткаў застаюцца толькі «іміджавыя дывідэнды». Тэатр і краіна, якую ты прадстаўляеш, заўсёды вельмі ганарацца тваімі персанальнымі поспехамі, усяляк заахвочваюць.

Удзельнічаючы ў розных замежных праектах, я заўсёды адзначаю: ох, а вось тут на месцы гэтага саліста добра б праспяваў наш, а ў гэтай ролі нашмат лепш была б наша спявачка. Але ўжо як ёсць... Каб сесці ў цягнік, для пачатку трэба купіць білет. Не ўсе могуць пайсці на рызыку...

— Андрэй, як вы думаеце, ці дастаткова для нашай краіны аднаго тэатра оперы і балета або, можа, было б выдатна, калі б такі калектыў, няхай невялікі, з'явіўся ў адным з абласных цэнтраў?

— Я ўпэўнены: патрэбны другі оперны тэатр у Мінску, а потым ужо можна і ў абласных гарадах. Скажам, у Берліне — горадзе з амаль такой жа колькасцю насельніцтва, як у Мінску, тры оперныя тэатры. І кожны з іх знакаміты і прэстыжны. У Галандыі ў кожным раённым цэнтры ёсць тэатр з выдатнай акустыкай. Гэта спараджае канкурэнцыю, прымушае тэатр рухацца, змагацца за якасць выканаўцаў, за публіку! Скажам, адкрыццё ў беларускім Вялікім Камернай залы імя Ларысы Александроўскай, дзе салісты оперы выконваюць камерную праграму, не «абрынула акцыі» Белдзяржфілармоніі?! Не. Толькі дапоўніла. Вялікі выбар канцэртных праграм, спектакляў — гэта тое, што павінен атрымліваць наш карміцель — беларускі падаткаплацельшчык! Да таго ж для маладых беларускіх спевакоў гэта проста жыццёва неабходна. Многія з іх проста не могуць рэалізавацца! Яны гатовыя хутка вучыць матэрыял, адкрытыя да рэжысёрскіх эксперыментаў, але ім проста няма дзе разгарнуцца. Дарэчы, у Беларусі быў вопыт стварэння антрэпрызнага опернага спектакля, і ён карыстаўся каласальным поспехам у публікі. Віктар Пласкіна — наш былы галоўны дырыжор — вярнуўся ў Кіеў і стварыў там муніцыпальны тэатр оперы. Гэты тэатр таксама карыстаецца велізарнай цікавасцю ў публікі. Навошта дзяржаве гэта ўсё трэба? Адказ таксама ёсць, ён просты: гэта — прэстыж краіны. І, дарэчы, усе высокія міжнародныя дэлегацыі абавязкова «патрабуюць» паход менавіта ў Вялікі тэатр оперы і балета, і яны ў захапленні ад нашых спектакляў!

— Андрэй, ці не парадокс: набраўшы ваша імя ў пошукавіку, я знайшла больш публікацый на расійскіх сайтах, а не на беларускіх?

— Не зусім да мяне пытанне... Нядаўна пра мяне былі публікацыі ў двух нямецкіх часопісах, якія пішуць толькі пра опернае мастацтва. У нас раней быў толькі часопіс «Партэр» Вялікага тэатра, які магла купіць наша публіка, у кіёсках ён не прадаваўся. Гэта значыць, часопіс не выходзіў за рамкі кола артыстаў і прыхільнікаў. На мой погляд, прэс-служба тэатра стараецца прасоўваць артыстаў, але як няма ў нас другога опернага тэатра, так і няма спецыялізаванай прэсы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.