Вы тут

Прававая адукацыя беларусаў: ведаць нормы і наступствы


Правамерныя паводзіны насельніцтва і яго стаўленне да дзяржавы і грамадства залежаць ад узроўню прававой культуры і свядомасці людзей, якія, у сваю чаргу, вынікаюць з работы па прававой адукацыі. Веданне грамадзянамі права і яго норм дазваляе пазбегнуць супрацьпраўных паводзін, прадухіліць злачынствы. Як адбываецца прававая адукацыя беларусаў, расказалі эксперты.


Традыцыйна і віртуальна

Заканадаўства — агульнаабавязковыя правілы паводзін. Мы павінны ведаць, як трэба сябе паводзіць у пэўных стасунках, а таксама як нельга сябе паводзіць (гэта дакладна прапісана ў законах аб крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці), абазначыла Наталля ФІЛІПАВА, намеснік міністра юстыцыі:

— Веданне заканадаўства дакладна вызначае правілы паводзін і выпрацоўвае ў любым чалавеку навык, як паводзіць сябе можна ці нельга. Каб не штудзіраваць усе законы, дастаткова падключыцца да сацыяльных сетак, інстаграм- і тэлеграм-каналаў Мінюста, каб зразумець, якая мадэль паводзін правамерная, а якая — не.

Прававая адукацыя — гэта не толькі павышэнне прававой культуры і свядомасці, але і фарміраванне прававых паводзін у грамадзян. Гэта работа вялікай каманды, галоўная мэта якой — зрабіць права зразумелым і даступным для кожнага ў краіне. Актыўна да гэтага прыцягнуты дзяржорганы, грамадскія аб'яднанні і арганізацыі.

— Пастановай урада зацверджаны дакумент аб прававой асвеце грамадзян, якім прадугледжана 50 мерапрыемстваў. Гэта і традыцыйныя фарматы работы з насельніцтвам: сустрэчы ў працоўных калектывах, размовы з моладдзю, акцыі і конкурсы, форумы. І новыя формы прававой падтрымкі, якія з'явіліся з улікам развіцця інфармацыйных тэхналогій: віртуальныя кансультанты, чат-боты, мабільныя дадаткі. Асобны блок — работа са СМІ і сацыяльная рэклама.

Наталля Філіпава заўважыла, што прававой адукацыі садзейнічаюць таксама і журналісты, якія дапамагаюць проста і зразумела адаптаваць праз прызму жыццёвых сітуацый, відэаролікаў, сюжэтаў складаную і часам незразумелую інфармацыю, каб даносіць да грамадзян навацыі заканадаўства альбо алгарытмы паводзін.

— Мінулы «кавідны» год дапамог нам перавесці некаторыя традыцыйныя фарматы работы ў анлайн-рэжым. Дзякуючы сацыяльным сеткам і месенджарам было ахоплена нават больш насельніцтва. Толькі падчас акцыі, прымеркаванай да 7 лістапада, больш як 5000 грамадзян за адзін дзень атрымалі адказы на пытанні, якія яны дасылалі ў чат-бот. Пры гэтым усе людзі розныя. Камусьці дастаткова 15-секунднага роліка, а ёсць тыя, каму патрэбны традыцыйныя формы стасункаў — дыялог вочы ў вочы з падрабязным удакладненнем нарматыўных актаў, тлумачэннем акалічнасцяў.

Не меншую важнасць маюць і прававыя конкурсы, якія штогод ладзіць Мінюст, творчае спаборніцтва «Права на дзяцінства», дзе непаўналетнія беларусы праз малюнак, відэаролік ці анімацыю паказвалі сваё бачанне права ў краіне. А таксама рэспубліканскі конкурс імя У. Спасовіча, у якім пераможцамі штогод становяцца найлепшыя аўтары інфармацыйных матэрыялаў на прававую тэматыку.

Лекцыі, сустрэчы, відэаролікі

Вялізную работу па прававым інфармаванні насельніцтва робяць натарыусы краіны. Напрыклад, бясплатнае кансультаванне ў пэўныя дні па ўсіх пытаннях, дзе патрабуецца засведчанне натарыуса: шлюбны дагавор, завяшчанне, афармленне спадчынных правоў і іншае. Летась натарыяльныя канторы таксама ўвялі фарматы кансультавання анлайн і аказалі бясплатную юрыдычную дапамогу амаль 18 тысячам грамадзян, акрэсліла Таццяна ДЗЯЛЕНДЗІК, намеснік старшыні беларускай натарыяльнай палаты (БНП):

— На базе бібліятэк краіны (у кожнай чацвёртай такой установе) створана 625 публічных цэнтраў прававой інфармацыі, дзе натарыусы сталі пастаяннымі гасцямі і пракансультавалі каля трох тысяч грамадзян. А сёлета натарыусы далучацца да Міжнароднага дня бясплатнага кансультавання, які адбудзецца ў першую суботу кастрычніка (летась БНП стала членам Міжнароднага саюза натарыята). Вялікай папулярнасцю карыстаецца сэрвіс «Пытанне натарыусу» на сайце натарыяльнай палаты. Штогод тут адказваюць больш як на дзве тысячы пытанняў. Прычым па папярэдняй просьбе часта высылаюць адрасны адказ яшчэ і на электронную пошту заяўніка. За гэты год па дапамогу на сайт звярнулася больш за 500 чалавек. Найбольш актуальнымі, як і раней, застаюцца пытанні афармлення завяшчанняў, даверанасцяў, уступлення ў спадчыну, адрознення завяшчання ад дарэння.

Лекцыі і размовы ў калектывах у складзе інфармацыйна-прапагандысцкіх груп з іншымі спецыялістамі або асобна па запрашэнні кіраўніка прадпрыемства таксама застаюцца задачай натарыусаў. Летась яны правялі амаль восем тысяч бясплатных кансультацый на прадпрыемствах, у сярэдніх спецыяльных установах і ВНУ.

— Перад выездам мы стараемся прааналізаваць, якія тэмы будуць найбольш слушныя ў пэўным калектыве. Часам чалавек саромеецца задаць сваё пытанне пры ўсіх, таму пасля сустрэч натарыус фактычна застаецца на прыём на прадпрыемстве і кансультуе індывідуальна. Так што гэта вялікая сацыяльная місія — дапамагчы людзям у іх складаных сітуацыях, — удакладніла Таццяна Дзялендзік.

— На сустрэчы мы стараемся запрашаць і профільных спецыялістаў тых сфер, пытанні па якіх асабліва хвалююць людзей. А пасля публікуем у сацыяльных сетках абязлічаныя адказы на найбольш частыя пытанні, — дадала Наталля Філіпава.

Яшчэ адзін спосаб прававой адукацыі ад натарыусаў — відэаролікі, якія можна пабачыць у грамадскім транспарце і метро, і бігборды на тэму сацыяльна значных натарыяльных дзеянняў. Штогод выпускаюцца новыя буклеты, дзе коратка расказваецца, што ўяўляе сабой натарыяльнае дзеянне, колькі каштуе і дзе яго можна заказаць.

Са студзеня 2021-га ўступілі ў сілу новыя змяненні ў закон аб натарыяце, якія, прынамсі, павінны зрабіць юрыдычную дапамогу больш даступнай для сельскага насельніцтва. Завяшчанні, згоды і даверанасці на распараджэнне маёмасцю цяпер сведчаць толькі натарыусы, таму амаль удвая павялічылася колькасць іх выездаў у аграгарадкі.

Свабодны доступ і права на абмеркаванне

Ніякая адукацыя, у тым ліку і прававая, немагчыма без свабоднага доступу да інфармацыі, таму найважнейшая задача Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі — стварэнне механізмаў даступнасці прававой інфармацыі ва ўсіх магчымых формах, расказаў Віктар ШАРШУН, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі:

— Найперш гэта афіцыйнае апублікаванне нарматыўна-прававых актаў (НПА) на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале https://pravo.by/, дзякуючы чаму новыя акты заканадаўства становяцца даступнымі вялікай колькасці людзей. Летась на партале было змешчана 9698 НПА. Цэнтр таксама развівае дзяржаўныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы: эталонны банк даных, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы «Эталон» і «Эталон-анлайн», дзіцячы прававы сайт і іншыя. З 1998 года цэнтр выпусціў 312 выданняў, дзе ўтрымліваюцца прававыя акты і каментарыі да іх агульным тыражом звыш двух мільёнаў. А ў 3000 розных мерапрыемствах па прававой адукацыі грамадзян летась паўдзельнічала, напрыклад, каля 43 тысяч чалавек.

У 2013-м быў створаны сайт Прававы форум Беларусі (https://forumpravo.by/), які цяпер стаў важным рэсурсам прававой адукацыі грамадзян, дзе можна абмяркоўваць разнастайныя прававыя пытанні з удзелам прафесійных юрыстаў. А з 2019-га ён стаў афіцыйнай пляцоўкай для публічнага абмеркавання праектаў НПА — тут іх было разгледжана 560 (196 — летась). У межах рэалізацыі дзяржпраграмы «Лічбавае развіццё Беларусі на 2021—2025 гг.» форум будзе мадэрнізаваны.

Спецыялісты аднагалосна сцвярджаюць, што калі ў чалавека ёсць жаданне атрымаць інфармацыю, то спосаб яе данесці заўжды знойдзецца.

Ірына СІДАРОК, 

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Мадэль паводзін паводле закона

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.