Вы тут

Лаві хвалю, але не зламай галаву. Доўгачаканы купальны сезон, нарэшце, адкрыты — не забываем пра бяспеку на вадзе


Гэтым летам купальны сезон пачаўся пазней, чым у мінулыя гады. Але ўжо каля тыдня тэмпература вады ў вадаёмах Сінявокай трымаецца на адзнацы +20 — + 21 градус. Яшчэ з пачатку мая (лічыцца, што сезон купання ў нас — з 1 мая да 30 верасня) спецыялісты Таварыства ратавання на водах працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, а з прыходам сапраўднага цяпла работы ім дадасца. Бо гэтым летам вельмі многія грамадзяне не паедуць у адпачынак на мора.


Беларускія пляжы гатовы прыняць адпачывальнікаў. У краіне функцыянуе 431 пляж (з іх 21 — у Мінску). Усе пляжныя зоны бяспечныя, дно вадаёмаў абследавана вадалазамі, на кожным пляжы ўстаноўлены буі, а таксама папераджальныя таблічкі і інфармацыйныя стэнды, выратавальныя станцыі аснашчаны ўсім неабходным — моцнымі катарамі, сучасным выратавальным і вадалазным рыштункам, укамплектаваны прафесійнымі супрацоўнікамі.

— Адпачынак немагчымы без адпаведнай інфраструктуры, — падкрэслівае старшыня Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» Анвар Ігамбердзіеў.

Пляжы абсталяваны з улікам розных інтарэсаў і патрэб адпачывальнікаў: ёсць веладарожкі, дзіцячыя і назіральныя пляцоўкі, кафэ, шэзлонгі, альтанкі, можна ўзяць напракат лодкі і катамараны. Устаноўлены кабінкі для пераадзявання і санвузлы.

У сталіцы гэтым летам будзе працаваць інклюзіўная пляжная зона, распавёў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Дзмітрый Стаселька. Размешчана яна будзе на тэрыторыі пляжа № 2 ў Драздах. Крокі ў гэтым кірунку рабіліся і раней — напрыклад, на пляжы № 1 Цнянскага вадасховішча зона адпачынку абсталявана з улікам патрэб людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а на пляжах 8 і 9 на Мінскім моры ёсць спецыяльныя кабінкі для пераадзявання інвалідаў-калясачнікаў. Але месца для бяспечнага купання людзей з асаблівасцямі пакуль не было.

— Інклюзіўная зона адпачынку будзе ўключаць у сябе купальню, абсталяваную адмысловымі пандусамі і турнікетамі, і месцы для пераадзявання інвалідаў-калясачнікаў, — кажа Дзмітрый Стаселька. — Будзе і пад'язная дарожка да вады. Побач, у непасрэднай бачнасці, размешчана выратавальная станцыя. Месца выбрана зыходзячы з меркаванняў лагістыкі: сюды можна без праблем дабрацца з любога пункта горада.

Словам, адпачывальнікам будзе камфортна. Застаецца толькі выконваць меры асабістай бяспекі на вадзе, кажуць ратавальнікі.

Дзе купацца бяспечна?

У купальны сезон, распавялі супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах, штогод гіне каля 110 чалавек. Летась гэтая лічба склала 107 чалавек, пазалетась — 105.

— Гібель людзей на вадзе ўзрастае ў пачатку купальнага сезона, — падкрэсліў Анвар Ігамбердзіеў.

На сённяшні дзень актыўна працуюць 66 выратавальных станцый і 148 пастоў Таварыства выратавання на водах (100 пастаянных, астатнія — сезонныя). Але гарантаваць бяспеку на абсалютна ўсіх вадаёмах краіны ратавальнікі не ў сілах.

— 90 % людзей гіне ў месцах, непадкантрольных таварыству, — адзначае кіраўнік арганізацыі. — І часцей за ўсё няшчасныя выпадкі на вадзе адбываюцца ў забароненых для купання месцах.

Сёлета да цёплага сезона па ўсіх берагах акваторый выстаўлены знакі «Месца для купання», «Купанне забаронена», на берагах вадаёмаў устаноўлены стэнды з інфармацыяй аб тэмпературы вады і правілах бяспекі пры купанні. Некаторыя пляжы на Мінскім моры радыёфікаваныя — з гучнагаварыцеляў адпачывальнікам на дзвюх мовах, рускай і англійскай, нагадваюць правілы бяспекі на вадзе. Супрацоўнікамі таварыства штодня праводзяцца рэйды.

— Хацелася б падкрэсліць: дазволенымі для купання месцамі з'яўляюцца толькі пляжныя зоны. Там вы абароненыя, — кажа Дзмітрый Стаселька. — Важна разумець: радыус дзеяння выратавальнай станцыі — 1200 метраў. Купаючыся ў іншых месцах, вы рызыкуеце жыццём.

Купаючыся ў неналежных месцах або заплываючы за буйкі, чалавек падвяргае сябе не толькі небяспецы патануць — ёсць яшчэ верагоднасць загінуць ад сутыкнення з маламерным суднам.

— Суднаўладальнікі ажыццяўляюць праход па воднай роўнядзі і не разлічваюць, што ў месцах, не прызначаных для купання, у вадзе будуць людзі. Гэта можа прывесці да трагедыі, бо сучасныя судны (яхты, маторныя лодкі, гідрацыклы) развіваюць вялікія хуткасці, — адзначае намеснік начальніка ДУ «Дзяржаўная інспекцыя па маламерных судах» Юрый Аляксеенка.

Дзяжурны медработнік Ірына Хальчэня  паказвае на трэніровачным манекене, як праводзяцца рэанімацыйныя мерапрыемствы, калі пацярпелага дасталі з вады.

Не заплывайце за буйкі!

На жаль, менталітэт нашых грамадзян часам такі, кажуць ратавальнікі, што калі яны бачаць прадстаўнікоў Таварыства выратавання на водах, то ў забароненых месцах не купаюцца. Ратавальнікі праехалі — усё, вольніца. Характэрна, што з усіх патанулых з пачатку гэтага года (а гэта 91 чалавек) 23 % (21 чалавек) знаходзіліся ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення.

— Чалавек парушае зону купання, гэта бачыць вахтавы, і мы падыходзім да парушальніка на катары. Гэта можа быць, напрыклад, чалавек у нецвярозым стане, які вырашыў такім чынам скараціць дарогу, пераплыўшы вадаём. Часам ён плыве ў адзенні і ў абутку, — расказвае дзяжурны матрос выратавальнага паста Таварыства выратавання на водах Савецкага раёна г. Мінска Рустам Чарнавокі. — Ён плыве з апошніх сіл, і, бачачы, што прыйшла дапамога, тут жа сыходзіць пад ваду. Мы адразу паднімаем такога чалавека, гэта ў нас ужо адпрацавана: адзін выкідвае якар, а двое кідаюцца да тапельца. Выцягваем і чуем: «Я не прасіў вас мяне ратаваць, я даплыў бы!» Гэта самы распаўсюджаны адказ.

Купанне ў забароненых месцах можа пацягнуць за сабой штраф да трох базавых. Але на першы раз ратавальнікі звычайна парушальніку даруюць і не выклікаюць міліцыю.

— Спадзяёмся, што людзі зразумеюць і больш парушаць не будуць.

Уласна кажучы, выпісваць штрафы — гэта кампетэнцыя міліцыі, ратавальнікі толькі папярэджваюць. Ну і ратуюць, зразумела. З пачатку бягучага года прадстаўнікамі таварыства выратаваны 80 чалавек па краіне, з іх 13 — непаўналетнія. Папярэджаны за парушэнне правілаў аховы жыцця людзей на водах 9925 чалавек, у тым ліку 854 непаўналетнія. Але 12 дзяцей з пачатку гэтага года загінулі на вадзе — прадухіліць трагедыю не ўдалося.

— У гібелі маленькіх дзяцей на вадзе звычайна вінаватыя дарослыя, якія паводзяць сябе бесклапотна і пакідаюць малалетніх каля вады без належнага нагляду, — падкрэслівае старшыня рэспубліканскай выратавальнай арганізацыі. — А для 10-12-гадовых і крыху старэйшых галоўная прычына гібелі ў вадзе — бравада.

Быў выпадак у Віцебскай вобласці: дзядуля сам паказаў унукам невялікае азярцо і зрабіў для іх плыцік. І вадаём маленькі, і глыбіня яго ўсяго метр семдзесят, але дзеці вырашылі паплаваць на плыце адны і загінулі.

А што датычыцца бравады, то да яе схільныя не толькі падлеткі, але і, здавалася б, дарослыя людзі, распавядаюць ратавальнікі. Класічны прыклад: пасля лазні кампанія хлопцаў вырашыла паспаборнічаць, хто далей праплыве пад вадой. Нырнулі чацвёра, а на паверхню выплылі трое... Зусім нядаўні выпадак: у невялікім мястэчку гулялі вяселле. Жаніх ад паўнаты пачуццяў нырнуў з дамбы. У выніку дзяўчына, ледзь паспеўшы стаць жонкай, ператварылася ва ўдаву.

Выпісваць штраф — у кампетэнцыі міліцыі,  ратавальнікі могуць толькі папярэдзіць парушальніка.

Твой скачок бачаць усе...

Аматары сэлфі і экстрэмальных відэа — яшчэ адзін галаўны боль ратавальнікаў. Гэтую катэгорыю парушальнікаў бяспекі на вадзе прыцягваюць гідратэхнічныя збудаванні. У Мінску адно з такіх сумна вядомых месцаў з дрэннай рэпутацыяй — гідратэхнічнае збудаванне вадасховішча Дразды. Тут адбыўся не адзін няшчасны выпадак са смяротным зыходам.

— На будынку ўстаноўлены камеры відэаназірання і таблічкі з інфармацыяй аб забароне рыбнай лоўлі і купання. Але гэта не перашкаджае аматарам вострых адчуванняў залазіць на каркас збудавання, здзяйсняць скачкі і ныраць. У гэтым месцы ўжо танулі і нашы грамадзяне, і грамадзяне іншых краін, — расказаў начальнік вадалазна-выратавальнай службы Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства выратавання на водах Дзмітрый Храпкоў. — Тут сапраўды вялікая глыбіня, з-за гэтага — вельмі нізкая тэмпература вады. Разагрэты на сонцы чалавек ад рэзкага перападу тэмператур атрымлівае тэрмамеханічны шок, у выніку спыняецца сэрца. У гэтым выпадку — утапленне. Бываюць і пераломы шыйных пазванкоў, калі скачок у ваду здзейснены няправільна. Гэта таксама цягне за сабой гібель. Дзяжурная змена выратавальнай станцыі «Дразды» бывае тут штодня, а ў найбліжэйшы час будуць здзяйсняць планавыя абходы патрулі МУС.

— Урачам вельмі балюча, калі маладыя здаровыя людзі становяцца інвалідамі, — кажа намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Кірыл Крыварот. — Ныраў у гэтым месцы ужо 10 гадоў, а тут прыплыў корч або вадаём абмяльчэў, чалавек удараецца галавой і пашкоджвае шыйны аддзел пазваночніка. У выніку — параліч. Мы, нейрахірургі, выязджаем, аперыруем, але аперацыя, па сутнасці, артапедычная — вызваліць спінны мозг ад сціскання, выдаліць касцяныя абломкі. З самім спінным мозгам нічога, на жаль, зрабіць мы не можам, і гэта сусветная практыка. Пасля аперацыі чалавеку патрэбны будуць працяглая рэабілітацыя і лячэнне, якое, як правіла, не прыводзіць да поўнага выздараўлення. Таму наша рэкамендацыя: лепш на вадаёмах наогул не ныраць, для гэтага ёсць скачковыя басейны. А дзяцей трымаць на адлегласці выцягнутай рукі, каб яны каля вады былі пад пастаянным кантролем.

Купайся на здароўе!

Такім чынам, правілы паводзін на вадзе ў купальны сезон:

  • Уваходзім у ваду толькі ў месцах для купання.
  • Забяспечваем пастаянны нагляд за дзецьмі і пажылымі сваякамі.
  • Не заплываем за буйкі.
  • Не ўваходзім у ваду пасля каларыйнай ежы і асабліва — пасля ўжывання алкаголю.
  • Не ныраем на натуральных вадаёмах, у тым ліку з трамплінаў, мастоў або абрывістага берага.
  • Разагрэўшыся на сонцы, не ўваходзім у ваду рэзка — даём целу прывыкнуць да перападу тэмператур.
  • Не сядаем у пракатнае судна без выратавальных жылетаў — яны павінны выдавацца разам з лодкай, катамаранам і г. д. у пунктах пракату. Жылет павінен быць менавіта выратавальны, а не страховачны (першыя праходзяць сертыфікацыю, другія — не). Удакладніце гэты момант у супрацоўнікаў пракату.
  • Цвяроза ацэньваем свае сілы і ўменне плаваць.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.