Вы тут

«Ты, радзімае поле, скажы...». Заходнебеларускі паэт Анатоль Іверс


Сярод літаратараў і падпольшчыкаў, якія пакінулі свой выразны след у жыцці, грамадскіх, палітычных падзеях Заходняй Беларусі, — і паэт Анатоль ІВЕРС, які нарадзіўся на Слонімшчыне, у вёсцы Чамяры 2 (15) мая 1912 года У маі 2022 — 110-годзе з дня яго нараджэння. Засталося меней года да гэтай даты. І добра было б, каб і дату гэту, і адпаведна самога літаратара ўспомнілі не толькі публікацыямі ў друку, але і канкрэтнымі дзеямі па мемарыялізацыі яго памяці. Што з гэтай нагоды зрабіць — вырашаць найперш на Слонімшчыне, у Гродзенскай вобласці. Вырашаць слонімскім уладам, слонімскай грамадскасці. Будзем верыць, што з’явяцца і ініцыятывы, і следам будуць пэўныя дзеі...


«Ты, радзімае поле, скажы/ Каласістым павевам вясны,/ Хай не хіліць аж да мяжы/ Пазалочаны жытні траснік./ Можа, песню араты згубіў/ На шнурах — на барознах крывых,/ А з ёй пеніцца вецер між ніў/ Ў сонца брызгах — чырвонай крыві./ І заціснуўшы туга жывот,/ Дзяцей просіць цярпець... да жніва.../ Галаву перакінуў праз плот/ Пазалоту вачыма зрываць.../ Помніць: летась звінелі сярпы — / Пераборысты шумны акорд.../ А ў далі, нібы матавы пыл,/ Па балоце — туман-малако,/ І напеваў жывых пераліў,/ Што не знаюць былля і мяжы.../ Прыйдуць трактары ў полымя ніў,/Там, дзе некалі колас тужыў». («Да жніва», 1938 год). 

Чытаем у трэцім томе шасцітомнага біябібліяграфічнага даведніка «Беларускія пісьменнікі»: «...Чытаць па-руску паэта навучыў бацька, потым некалькі месяцаў хлапчук вучыўся ў мясцовай беларускай школе, але яна была закрыта. Летам 1926 паступіў у Віленскую беларускую гімназію, у 1928 годзе выключаны за актыўную падпольную дзейнасць...» Праз шмат гадоў Анатоль Іверс (сапраўднае імя — Іван Дарафеевіч Міско) будзе ўспамінаць пра тыя дні: " У Віленскай гімназіі я стаў камсамольцам-падпольшчыкам. Вучобу прыходзілася спалучаць з нелегальнай дзейнасцю. Раскідваў лістоўкі, вывешваў сцягі, насіў у турму мопраўскія перадачы для вязняў, перад выбарамі ў сейм расклейвалі па гораду плакаты ППС-лявіцы, хадзілі на дэманстрацыі рабочых. А вечарамі ў інтэрнаце чыталі беларускія кніжкі, што траплялі да нас з Мінска. Усё гэта давала такі ўздым, што мы гатовыя былі варочаць горы. 

Будучы гімназістам у Вільні, пазнаёміўся я з такімі старэйшымі выдатнымі сябрамі, як Язэп Урбановіч, паэт Алесь Салагуб. Там я сустрэў першы раз ужо добра вядомага ў Заходняй Беларусі паэта Міхася Васілька, які выступаў са сцэны Віленскай беларускай гімназіі. <...> А тым часам падбіралася да нас дэфензіва. Пэўна, не без яе ўказкі дырэктар гімназіі Радаслаў Астроўскі не дапусціў да заняткаў некалькі вучняў старэйшых класаў. Гэта выклікала ўсеагульны пратэст, бунт. Астроўскі доўга не думаў, пазваў паліцыю, якая ўмела рабіць подлую справу. Усе нашы барыкады былі зламаны націскам адкормленых і добра ўзроеных паліцаяў. Пасля пагрому некаторых старэйшых хлопцаў арыштавалі, а каля сотні малодшых, у тым ліку і мяне, пад канвоем адвезлі і здалі бацькам пад распіску. 

Дома чакалі непрыемнасці. Аднак на сямейнай нарадзе вырашылі, што паеду паступаць у Клецкую беларускую гімназію..." Пра гэта Анатоль Іверс згадваў у нарысе-успаміне «Святлу насустрач», датаваным 5 красавіка 1980 года. Пасля вучобы ў Клецку была яшчэ і Навагрудская гімназія... «Прынялі ў верасні 1930 года. А выкінулі з 7-га класа ў маі 1931 года. На гэты раз выкінулі нягучна. У Навагрудку хіліліся да мяне асабліва малодшыя вучні, пэўна, бачачы перад сабой „героя“. Я расказваў ім аб барацьбе і неабходнасці барацьбы беларускага народа за свае сацыяльныя і нацыянальныя правы. Гаварыў, што з вучобай трэба ўмела спалучаць палітычную самаадукацыі, бо на нас, больш адукаваных, у будучыні ўся надзея...

Дырэктар Іван Цеханоўскі вёў сябе як лагерны стражнік. Паклікаў мяне ў кабінет і сказаў: 

— Едзь дадому і не думай рабіць бунт, бо аддам паліцыі.

На гэтым і закончылася мая вучоба ў гімназіях. Але і ў вёсцы паліцыя не давала спакою, перад кожным святам арыштоўвала, катавала. Двойчы нават судзілі, хоць не было канкрэтных фактаў. Але навошта паліцыі факты? Выдумалі і судзілі „за чынны опур владзы“. У турме не сядзеў, бо з невялікім прысудам трапіў пад амністыю...» Анатоль Іверс, узяўшы сабе розныя псеўданімы, пачаў друкавацца з вершамі ў газетах і часопісах: «Асва», «Шлях моладзі», «Наша воля», «Беларускі летапіс», «Калоссе»... Адна з першых публікацый — верш «Вёска»: 

Разляглася вёска

Хатамі у рад.

Дзе-нідзе бярозка

Блісне паміж хат. 

Сонца лье без ласкі

Вогненную плынь.

Жудасную казку

Шапаціць палын. 

А ў сялянскіх хатах

Хлеб як рэдкі госць. 

У далях сіняватых

Лес шуміць чагось. 

(1933 год). 

У 1939 годзе выходзіць з друку кніга вершаў Анатоля Іверса «Песні на загонах». Праз многія гады вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік так ахарактарызуе творчасць паэта са Слонімскай старонкі: «Анатоль Іверс самы значны, пасля Валянціна Таўлая, паэт з ліку тых, каго вылучыла рэвалюцыйная Слонімшчына ў даваенны час...»

Няпроста склаўся лёс Анатоля Іверса пасля 1939 года, калі прыйшло доўгачаканае ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі... Працаваў у слоімскай раённай газеце «Вольная праца». У час Вялікай Айчыннай вайны — падпольшчык. Па заданню штаба партызанскага атрада працаваў у гарадской управе. Калі пачаліся арышты падпольшчыкаў-антыфашыстаў, пайшоў у партызаны. Фашысты замучылі ў лагеры смерці Калдычэва бацьку і жонку паэта. У партызанскім злучэнні быў прызначаны намеснікам камандзіра атрада па разведцы. Пасля вайны — адказны сакратар раённай газеты. У 1949 — 1966 гг. — майстар смалакурнага завода, тэхнолаг лесахімзавода. У 1966 годзе вярнуўся ў рэдакцыю раённай газеты. У 1976 — 1984 гг. — адказны сакратар раённага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Наступны зборнік вершаў (першы за гады савецкай улады) выйшаў у свет у 1970 годзе — «З пройдзеных дарог». Затым, яшчэ праз дванаццаць гадоў, — у 1982 годзе пабачыла свет кніга паэзіі «Жыву ў бацькоўскім краі»... Ужо тое, што на кнігі Анатоля Іверса адгукаліся ў друку Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль-Загнетава, Алег Лойка, Мікола Арочка, Уладзімір Калеснік, сведчыць пра асаблівае, вартае месца заходрнебеларускага паэта ў гісторыі беларускай літаратуры. 

Асаблівую ролю ў захаванні, перавыданні (а ў дачыненні да многіх твораў — і ў выданні) спадчыны Анатоля Іверса адыграў Сяргей Чыгрын — даследчык беларускай літаратуры, вядомы айчынны карязнаўца, які жыве і працуе ў Слоніме. Адзін з яго артыкулаў, прысвечаны паэту-земляку, — «Не пыталі, ці зжата, ці скошана...» Сімвалічная назва. У ёй — адбітак усяго жыцця і ўсяе творчасці Анатоля Іверса, паэта з слонімскай вёскі Чамяры. 

Памёр Анатоль Іверс 26 кастрычніка 1999 года. Адзін з апошніх па часе напісання (1998 год) твораў паэта — «Жыву ў Беларусі»: «Да любога прыйдзі дому — / Гаварылі па-прастому. / І хоць школ сваіх не мелі,/ Ад дзядоў не анямелі:/ Гаварылі мовай „хамскай“/ І не польскай, не в’етнамскай./ Мы свабоду ўсе любілі,/ Дык за гэта нас і білі/ Ў дэфензіве, пастарунку...»

Відавочна, што паэзія (асабліва ў год, калі дзень уз’яднання Заходняй Беларусі з Савецкай Беларуссю — 17 верасня стаў дзяржаўным святам) Анатоля Іверса, як і Міхася Васілька, Валянціна Таўлая, іншых заходнебеларускіх паэтаў, патрабуе перавыдання. Абавязак нашчадкаў — помніць іх лёсы, помніць іх творы, помніць, якой цаной, праз якія выпрабаванні яны ўваходзілі ў беларускую літаратуру і ў беларускае грамадскае, беларускае нацыянальнае, палітычнае жыццё. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.