Вы тут

Адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»


Учора ў сталіцы Падзвіння адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», на якім абмеркавалі ход падрыхтоўкі да самага маштабнага на постсавецкай прасторы культурнага праекта. Нагадаем, «базар» пройдзе з 14 да 19 ліпеня. Афіцыйнае адкрыццё — 15 ліпеня.


Фота: pixabay.com

Віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка канстатаваў, што сёлета адказнасць у тых, хто яго арганізоўвае, асаблівая, бо фэст пройдзе трыццаты раз. Адпаведна, і мерапрыемствы, і паўночная культурная сталіца павінны быць на належным узроўні, каб прыемна ўразіць удзельнікаў і гасцей, запомніцца гараджанам і турыстам.

Паводле слоў намесніка кіраўніка ўрада, у фэсце бяруць удзел прадстаўнікі трыццаці трох краін, што на дзесяць больш, чым летась. Ён падкрэсліў, што ў сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй пытанням бяспекі здароўя ўсіх на «базары» павінна быць аддадзена першарадная ўвага.

Наконт цікавасці да ўдзелу ў фэсце зорак мастацтваў, некаторыя не вытрымалі «інфармацыйных атак» з просьбамі не прыязджаць на віцебскае свята... Але пажадалі выступіць не меней папулярныя і таленавітыя. Ігар Петрышэнка лічыць, што ў рамках актывізацыі ўнутранага турызму тым, хто спецыяльна прыедзе ў Віцебск, каб убачыць «базар», неабходна прапанаваць наведаць і Полацк, Оршу, Браслаўскія азёры. Ды і па самім Віцебску і наваколлях правесці больш экскурсій.

Старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў дадаў, што ў гэтым кірунку ўжо многае зроблена. Будуць працаваць два часовыя турысцка-інфармацыйныя цэнтры. Распрацаваныя новыя маршруты. У прыватнасці, водны — на цеплаходах па Заходняй Дзвіне. На борце, дарэчы, можна будзе ўбачыць шоу: для дзятвы — раніцай і днём, а вечарам паслухаць бардаў, паэтаў.

Што бывае толькі падчас «базару»: арганізуюць праезд на аўтобусе да музея-сядзібы Ільі Рэпіна, які знаходзіцца пад Віцебскам. Наконт транспарту для гледачоў начных канцэртаў: як заўсёды, іх будуць перавозіць на аўтобусах, тралейбусах і трамваях. У гатэлях змогуць спыніцца каля дзвюх тысяч прыезджых. У больш чым дваццаці рэстаранах, кавярнях накормяць удзельнікаў і гасцей, якія змогуць разлічыцца карткамі.

Мэр горада паведаміў, што да 10 ліпеня высадзяць больш чым 900 тысяч кветак. А музычным сюрпрызам стане гадзіннік на ратушы — сімвале горада, які пасля рамонту зможа выканаць любы твор.

Кіраўнік дырэкцыі «базару» Глеб Лапіцкі сказаў, што ўжо рэалізавалі 16 тысяч білетаў і парадку 15 тысяч забраніравалі. На некаторыя шоу засталося вельмі мала білетаў. Летась толькі прыкладна 13 % ад усіх рэалізавалі ў касах, астатнія — праз інтэрнэт.

Наконт навінак: можна будзе на вуліцы дакрануцца да свету кінематографа, даведацца пра яго гісторыю, сённяшні час. Цікавае падарожжа стане магчымым пры дапамозе Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Міністр культуры Анатолій Маркевіч паведаміў, што па традыцыі ў цырымоніі адкрыцця чакаецца ўдзел Прэзідэнта. Будзе, як і ў мінулыя гады, уручэнне кіраўніком дзяржавы ўзнагароды «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Ён выступіць з віншаваннем да ўдзельнікаў і гасцей.

Канцэрт адкрыцця, як і заўсёды, абяцае стаць відовішчным. Сярод іншага будзе паказаны і міні-фільм пра развіццё фестывалю: гледачы пачуюць пра тых, хто шмат для яго зрабіў.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў заўважыў, што людзей у інтэрнэце цікавіць у першую чаргу тое, хто з зорак будзе ўдзельнічаць у фестывалі. Традыцыйна ў беларускі эфір, дзякуючы «Белтэлерадыёкампаніі», будуць выходзіць фестывальныя дзённікі, конкурсныя канцэрты, шоу. І, такім чынам, штодня тэлебачанне дазволіць стаць бліжэй да фэсту. Тэлеканал «Расія-РТР» у запісе мае намер паказаць канцэрты адкрыцця і закрыцця. Прадэманстраваць некаторыя канцэрты цікавасць выказалі калегі з Арменіі, Казахстана.

Гэты і іншыя факты пацвярджаюць, што «базар» па-ранейшаму папулярны. І ў розных сацыяльных сетках усё больш запытаў і станоўчых паведамленняў па фестывальнай тэме.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: «Базар»: не толькі канцэрты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.