Вы тут

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылі экспазіцыю «На руінах крэпасці…»


Да дня памяці пачатку Вялікай Айчыннай вайны Нацыянальны мастацкі музей прымеркаваў камерную экспазіцыю «На руінах крэпасці…», якая доўжылася толькі некалькі дзён. Класічныя маштабныя палотны «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» Івана Ахрэмчыка і «1941. Над Прыпяццю» Віктара Грамыкі, прысвечаныя першым трагічным дням вайны, дапаўнялі меней знакамітыя работы айчынных мастакоў. Якія творы аб легендарнай цытадэлі маюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея?


Яўген Зайцаў «Цярэспальскія вароты. Брэсцкая крэпасць», 1950 г.

У адчуванні маўклівага крыку

Побач з праграмнымі палотнамі пастаяннай экспазіцыі жывапісныя эцюды нясуць у сабе іншую інтанацыю. Магчыма, менавіта тут паэтычная праўда перажывання ваенных падзей злучылася з дакументальнай дакладнасцю і праўдзівасцю. «Сёння, калі асабліва востра адчуваецца патрэба вярнуцца да першакрыніцы, уважліва прыгледзецца да падзей даўно мінулых дзён, менавіта жывапісныя эцюды ваеннай і пасляваеннай пары з’яўляюцца крыніцамі самай дакладнай інфармацыі і матэрыялам для рэканструкцыі жывой карціны эпохі. Нягледзячы на непатрабавальнасць і адсутнасць пэўных фармальных адкрыццяў, менавіта яны фарміруюць “зборны” вобраз часу», — лічаць стваральнікі экспазіцыі.

Стрыжнем выстаўкі «На руінах крэпасці…» сталі дзве вышэйзгаданыя работы. «Абаронцаў Брэсцкай крэпасці», прызнаны шэдэўр, Іван Ахрэмчык маляваў з 1957 да 1958 года. Іх подзвіг стаў вядомы толькі ў 1955-м. Храналогію падзей, якія адбыліся ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, апублікаваў гісторык і пісьменнік Сяргей Смірноў. Яго драму «Брэсцкая крэпасць» Іван Ахрэмчык ацаніў адным з першых і застаўся пад моцным уражаннем. Народны мастак знайшоў аўтара, не раз прыязджаў у тады яшчэ разбураную

Брэсцкую крэпасць, адшукваў удзельнікаў падзей… Змрочнасці «Абаронцаў Брэсцкай крэпасці» (як мінімум на фоне іншых у Нацыянальным мастацкім музеі — побач знаходзяцца зімнія «За родную Беларусь» (1948) Уладзіміра Сухаверхава і «Палонных вядуць» (1947) Анатоля Шыбнёва) спрыяюць выявы цёмных казематаў крэпасці. Настрой работы — у адлюстраванні персанажаў: жанчын, якія бінтуюць параненага салдата, і мужчын, выяўленых у поўны рост у актыўным дзеянні. Кампазіцыя пабудавана па класічных акадэмічных правілах гістарычнага жанру.

Віктар Грамыка «1941. Над Прыпяццю», 1970 г.

Хрэстаматыйным палатном «1941. Над Прыпяццю» (1970) Віктар Грамыка здолеў перадаць драматызм і трагічнасць ваенных падзей і, як адзначаюць мастацтвазнаўцы, дасягнуць адчування маўклівага крыку. У карціне народнага мастака не так шмат дзеянняў, як у папярэдняй, але больш выразных вобразаў і метафар. Жанчына, нібы закамянелая ў горы, ледзь жывы салдат прытрымлівае вінтоўку, дзяўчына, якая крычыць у пустэчу (трэба адзначыць, кампазіцыйна яна знаходзіцца ў правым баку карціны і зварот яе быццам да папярэднікаў), — усе яны сімвалізуюць розныя ступені сталасці, мужнасці, энергіі і, больш за тое, зменлівасць гэтых станаў.

Вельмі часта ўспамінаюць гісторыю стварэння карціны, да якой мастак ішоў доўга — больш за тры гады — і згадваў, што штуршок адбыўся нечакана, калі з прыяцелем плылі на маторцы па Прыпяці. На адным са знакамітых агромністых жоўта-белых пляжаў у раёне Петрыкава творца заўважыў адзінокую фігуру жанчыны, якая сядзела на пяску, а побач ляжалі веласіпед і вялікі мех, праз радно якога праступалі рэбры боханаў чорнага хлеба. Гэты вобраз узрушыў мастака, аднак працу над карцінай ён адкладаў. «Але аднойчы, пасля творчых пакут, прыйшло тое, што мастакі называюць азарэннем. Я ўбачыў яе, сваю карціну, але — зусім іншую, — успамінаў народны мастак. — Гэтая работа, што так доўга хавалася ад мяне ў тайніках падсвядомасці, раптам паўстала перад унутраным зрокам так дакладна, быццам я разглядаў рэпрадукцыю. Я ўбачыў, што падзея адбываецца ў сорак першым годзе. Я ўбачыў, што на пяску ляжыць смяротна паранены салдат, укрыты шынялём з пятліцамі пагранічніка. Ляжыць ён на посцілцы, нібы ў чаўне, які плыве ўжо ў нябыт ці, наадварот, у неўміручасць. Я ўбачыў і чорнае сярод белага дня неба, і крывава-чырвоную Прыпяць. І жоўта-белы пясок, і вербы, сагнутыя пад ветрам, і жанчыну з тварам, поўным смутку, і кволую дзяўчынку, якая кліча на дапамогу. Прычым азарэнне было імгненнае. Не паверыце, але карціна напісалася ўсяго за тры сеансы — за тры працоўныя дні. <…> Пры гэтым лічу яе адной з тых, што найбольш цяжка даліся, і — адной з самых удалых. У ёй праз вобразныя сродкі — не праз кроў! — сказана пра вайну вельмі многае».

Руіны, форты, казематы…

Не адно пакаленне беларускіх мастакоў імкнулася адлюстраваць Брэсцкую цытадэль чэрвеня 1941-га і першых гадоў пасля Перамогі, калі пра гераічную абарону крэпасці яшчэ мала хто ведаў. Прыклад гэтаму — жывапісныя эцюды Барыса Аракчэева, Пятра Данэліі і Яўгена Зайцава, што дэманструюцца на выстаўцы «На руінах крэпасці…». Гэта невялікія па памеры работы, якія сёння не на слыху. Сярод іх — «Холмскія вароты. Брэсцкая крэпасць» (1950) Яўгена Зайцава, народнага мастака, вядомага не ў апошнюю чаргу дзякуючы палатну «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950). Паміж творамі няма нічога агульнага: у адрозненне ад батальнай работы, сціплы эцюд не дэманструе дзеяння, не паказвае напружання, уласцівага творам на тэму вайны. Наадварот, на выяве з Холмскімі варотамі адсутнічаюць людзі — глядач бачыць знакамітыя сцены, спакойнае надвор’е, зеляніну… Аніякага намёку на трагічнасць, якая, тым не менш, адчуваецца з-за дысанансу ўяўнага і рэальнага. Крыху не такое адчуванне пры знаёмстве з іншымі эцюдамі мастака («Цярэспальскія вароты. Брэсцкая крэпасць» і «Белы палац. Брэсцкая крэпасць» 1950-га). Тут кідаюцца ў вочы відавочныя прыкметы разбурэнняў, якія схіляюць да роздумаў аб незваротнасці знішчанага і страчанага.

Пётр Данэлія «Інтэр’ер клуба Брэсцкай крэпасці», 1958 г.

Работы Пятра Данэліі «Інтэр’ер клуба Брэсцкай крэпасці» (1958), «Цярэспальскія вароты Брэсцкай крэпасці» (1958) і «Мост Шаблоўскага ў Брэсцкай крэпасці» (1961) колерава больш насычаныя і разнастайныя, чым творы папярэдняга аўтара. Яркі пейзажыст, брэсцкі мастак адлюстроўваў пасляваенныя памятныя месцы разбуранай крэпасці з яе руінамі, фортамі, казематамі, дзе праходзілі жорсткія баі. «Інтэр’ер клуба…» — адзіны сюжэт камернай экспазіцыі, дзе прысутнічаюць людзі. У промнях сонца, што трапляюць у памяшканне не праз вокны, а з-за адсутнасці даху, стаяць дзве дзяўчыны і нешта ўважліва разглядаюць. І нават іх прысутнасць не парушае той цішыні і пэўнай закінутасці.

Усяго адна работа Барыса Аракчэева — чарговыя «Цярэспальскія вароты Брэсцкай крэпасці» (1961) — была замешчана ў часовай экспазіцыі. Аўтар знакамітага палатна «Брэсцкая крэпасць. Параненыя байцы» (1971), якое сёння знаходзіцца ў фондах мемарыяльнага комплексу, у светлым пейзажы зафіксаваў прыкметы і разбурэння, і новага жыцця. Адзіны з трох мастакоў, ён вырашыў зрабіць акцэнт не толькі на знакамітых варотах, але і на рацэ, спакойнай і чыстай — як супрацьпастаўленне страшным старонкам гісторыі.

Аб Брэсцкай эпапеі разважалі многія мастакі, пра работы якіх сёння варта згадаць і некалі сабраць адну грунтоўную і больш разнапланавую экспазіцыю. Напрыклад, знакавымі сталі такія творы, як «Цішыня ў цытадэлі» (1967) Мікалая Чурабы (жывапісец пакінуў шмат палоцен, прысвечаных Брэсцкай крэпасці, згадваць пра подзвіг абаронцаў пачаў раней за іншых мастакоў), «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950) Яўгена Зайцава, «Зорка бессмяротнасці» (1975) Пятра Дурчына… Творы апошняга, дарэчы, у пастаяннай экспазіцыі складаюць цікавы тандэм з карцінамі іншага майстра — Васіля Шаранговіча. Так, цэльную кампазіцыю ўяўляюць работы з серыі «Брэсцкая крэпасць-герой» Пятра Дурчына і «Памяці вогненных вёсак» (1978) Васіля Шаранговіча.

Для тых, каго цікавяць творы на тэму Вялікай Айчыннай вайны, ёсць яшчэ адна нагода завітаць у Нацыянальны мастацкі музей, які падрыхтаваў культурна-адукацыйны праектквэст «Аб Вялікай Айчыннай...» сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго ўнікальнасць у тым, што сцэнарый пабудаваны на ўзаемасувязі ідэнтычных і падобных музейных прадметаў, што прадстаўлены ў экспазіцыях абодвух музеяў. У якасці даведніка па экспазіцыях будзе прапанаваны «Франтавы дзённік» — гісторыя чалавека, які прайшоў шлях з першых дзён вайны і да Перамогі. Выданне ручной работы — сумесная творчая распрацоўка навуковых супрацоўнікаў і мастакоў музея.

Пётр Дурчын «Вежы Холмскай брамы», 1970 г.

Між тым на 3 ліпеня запланавана ўрачыстае ўручэнне акварэлі 1948-га, як мяркуюць, аўтарства Валянціна Волкава, Ірынай Мільто. Музыказнаўца і журналіст паднесла ў дар музею твор — партрэт мамы, Валянціны Мільто, харысткі Опернага тэатра, выказаўшы здагадку, што перапрацаваны вобраз увайшоў у карціну «Мінск 3 ліпеня 1944 года» (1945—1955). У гэты дзень музей таксама прапануе праграму «Водбліск найвялікшай Перамогі» па легендарным палатне.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў часопісе «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.