Вы тут

10 гадоў таму ў Беларусі запрацаваў першы прамысловы вятрак магутнасцю 1,5 МВт


Праз пяць гадоў пушчана ў дзеянне цэлая ветраэлектрастанцыя. Гэта стала пачаткам развіцця ў краіне новага віду альтэрнатыўнай энергетыкі. Між тым, стварэнне ветрапарка аказалася справай не аднаго года. Мантаж установак праходзіў у складаных умовах надвор'я. Але энергетыкі настроеныя на працяг праекта, што дазваляе і падстанцыя: яе ёмістасць яшчэ трымае свабоднымі каля 10 МВт. Цяпер доля аднаўляльных крыніц энергіі ў краіне складае 8 %.


Фота: РУП «Гроднаэнерга».

Пры пад'ездзе да Навагрудка нельга не звярнуць увагу на магутныя ветракі. Тых, што ўваходзяць у сістэму «Гроднаэнерга», цяпер шэсць. Яны выглядаюць велічна — вышыня аднаго такога гіганта большая за 80 метраў, а даўжыня адной лопасці — 42 метры. Ветракі стаяць на Навагрудскім узвышшы, на Пуцэвіцкай гары, таму добра бачныя з трасы.

Ідэя стартавала роўна 10 гадоў таму. Але перш чым прыступіць да рэалізацыі праекта, спецыялісты прадпрыемства «Гроднаэнерга» вывучалі мясцовасць, лагістыку і саму работу ветрака. Пабывалі на некалькіх заводах Кітая, дзе наладжаны выпуск ветрагенератараў. Была здзейснена паездка на востраў у Жоўтым моры, каб паназіраць за работай мясцовага ветрапарка. І толькі пасля дасканалага вывучэння эфектыўнасці ветракоў на тэрыторыі Беларусі было прынята рашэнне аб іх устаноўцы.

Падрыхтоўчы этап аказаўся даволі працаёмкі. Каб надаць трываласць фундаменту, заліўка бетону вялася няспынным метадам. Работы занялі тры месяцы. У выніку быў падрыхтаваны фундамент дыяметрам 14 метраў і масай адна тысяча тон. Ветраўсталёўку даставілі з Кітая — спачатку марскім шляхам да нямецкага Гамбурга, а затым на спецыяльных платформах аўтацягніком у Беларусь. У красавіку 2011 года першы вятрак быў уключаны ў энергасістэму Гродзенскай вобласці. Яго магутнасць склала 1,5 МВт, што ўдвая больш, чым у ветракоў на кітайскім востраве.

— Вядома, была нейкая доля рызыкі, — прызнаецца генеральны дырэктар РУП «Гроднаэнерга» Віктар Жук. — Напрыклад, былі сумненні, наколькі праект эфектыўны ў дзеянні. Ёсць такое паняцце, як каэфіцыент выкарыстання магутнасці. І калі ён вышэйшы за 20—25 %, праект лічыцца эфектыўным. Гэты каэфіцыент паказала наша ветра- энергетычная ўстаноўка.

Пасля паспяховага «пробнага шара» было вырашана рэалізаваць больш маштабны праект. А канкрэтна — стварыць ветрапарк. Выбар пляцоўкі ўзгоднены з распараджэннем Прэзідэнта ў ліпені 2013 года. Праз два гады, у лістападзе, пачаўся мантаж яшчэ пяці ветракоў.

Удзельнікі тых падзей успамінаюць, што работы вяліся ў марознае надвор'е, хуткасць ветру дасягала 10-15 метраў у секунду. Прыходзілася чакаць, пакуль вецер не сціхаў. Такім чынам мантаж адной устаноўкі доўжыўся некалькіх тыдняў. Некаторыя ветракі ўстанаўлівалі ў тумане, калі з зямлі сувязь была толькі па рацыі. Ветрапарк быў уведзены ў эксплуатацыю летам 2016 года, яго магутнасць разам з першым ветрагенератарам склала 9 МВт. Ужо праз год станцыя пацвердзіла сваю эфектыўнасць.

— З улікам інвестыцый быў зроблены разлік параметраў, на якія павінна выйсці станцыя пасля года з моманту пуску. Яны пацвердзіліся. Былі выпрацаваны 22 мілёны кілаватгадзін электраэнэргіі. Гэта пацвердзіла эфектыўнасць ветраэнергетычнага праекта пад Навагрудкам, — адзначыў Віктар Жук.

Як паказаў маніторынг, хуткасць ветру тут спрыяльная для работы ветраўсталёвак. У Навагрудку за мінулы год сярэдні паказчык склаў больш за 6 м/сек. А лопасці пачынаюць круціцца пры сіле ветру ў 3 м/сек. Цікава, што сістэмы запраграмаваны такім чынам, каб знаходзіць напрамак ветру і паварочвацца за ім. З кола лопасці энергія кручэння перадаецца праз рэдуктар на генератар, які і выпрацоўвае электрычны ток.

Самая спрыяльная пара для работы ветракоў — восень і зіма. Праўда, назіраліся даволі моцныя парывы. Была зафіксавана максімальная хуткасць у 33 м/сек, пры такім ветры генератар аўтаматычна спыняецца, каб зменшыць нагрузку на фундамент і вежу ветраўсталёўкі.

Усяго за 10 гадоў у энергасетку вобласці паступіла больш за 130 мільёнаў кілаватгадзін. Ветраэлектрычная станцыя дазваляе замяніць аб'ём прыроднага газу больш чым на два мільёны «кубоў» на год. А праграма «Энергазберажэнне» на 2021—2025 гады якраз і прадугледжвае паступовае зніжэнне спажывання прыроднага газу. Такія альтэрнатыўныя праекты ў будучым могуць паўплываць і на тарыфы электраэнергіі.

— Сабекошт энергіі складваецца з затрат на яе вытворчасць, перадачу і размеркаванне. Ад гэтага залежыць і тарыф, які атрымае спажывец. Калі б ветрастанцыя займала ў структуры электраэнергетыкі краіны 90 % — гэта адзін эфект, а калі некалькі працэнтаў — эфект, адпаведна, іншы, — патлумачыў Віктар Жук. — Між тым, праект дазваляе зразумець, наколькі альтэрнатыўныя крыніцы энергіі эфектыўныя і наколькі істотную даюць магчымасць знізіць сабекошт кілаватгадзіны.

Маргрыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дывідэнды з паветра

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.