Вы тут

Тэлевяшчанне па максімуме: 18 гадзін у суткі, сем дзён на тыдзень


Наваполацкая рэгіянальная тэлерадыёкампанія «Вектар» была створана яшчэ ў 2000 годзе. Сфарміраваўшы ўласную сетку вяшчання і правёўшы рэбрэндынг, у лістападзе 2019 года яна прадставіла маштабны праект — ваенна-патрыятычны тэлеканал «Звязда». Яго стварэнне прымеркавалі да знакавых юбілейных дат: вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Вялікай Перамогі. Галоўная місія канала — праўдзіва і дакладна даносіць аўдыторыі факты пра гістарычна важныя і значныя падзеі ХХ стагоддзя. Пра месца рэгіянальнага тэлебачання ў сістэме СМІ краіны, аб праектах і ўнікальнасці транслюемага фармату паразмаўлялі з дырэктарам Наваполацкага кабельнага тэлебачання «Вектар» Аляксандрам АСЕНКАМ.


— З моманту стварэння канала вы дастаткова хутка займелі папулярнасць і заваявалі давер гледачоў, аб чым сведчыць уваходжанне ў «топ-20» самых папулярных тэлеканалаў сярод тых, якія транслююцца аператарам электрасувязі «Белтэлекам» (ZALA), а іх прыкладна 200. Асноўны напрамак вяшчання «Звязды» — ваенна-патрыятычны. Чаму сёння так важна прадстаўляць шырокай аўдыторыі менавіта такі кантэнт?

— Гісторыю ніхто не павінен забываць, гэта наша памяць. Хочам дастукацца да ўсіх сэрцаў, у тым ліку і моладзі. Наша асаблівасць — унікальнае інфармацыйнае напаўненне. Мы паказваем класіку савецкага ваеннага кіно, сучасныя мастацкія фільмы і серыялы, дакументальныя, навукова-папулярныя, публіцыстычныя праграмы пра Вялікую Айчынную вайну, аўтарскія праекты, кадры хронік і архіўныя матэрыялы — усё тое, што аб'ектыўна адлюстроўвае падзеі мінулых гадоў. Канал вяшчае на ўсю краіну 18 гадзін у суткі, сем дзён на тыдзень. Мы адсочваем, што цікава нашым гледачам. Наладзілі добрае ўзаемадзеянне з тэлепраграмай «Зваротны адлік», дзе прыводзяцца малавядомыя гістарычныя факты з жыцця краіны, выпускаем хроніку надзвычайных здарэнняў «Рубікон». Вельмі шчыльна цяпер супрацоўнічаем з «Ваен-ТБ» — тэлекампаніяй Міністэрства абароны, выпускаем у эфір як сацыяльныя ролікі, так і дакументальныя праекты.

Галоўная задача тэлевізійнай каманды — аператыўна і аб'ектыўна паведамляць актуальныя навіны краіны, рэгіёна. Аснову вяшчання тэлеканала складае праграма «Навіны», у эфіры яна з аўторка да пятніцы тры разы на дзень. У выпусках адлюстроўваюцца найважнейшыя сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. Мы не проста інфармуем, але і аналізуем розныя падзеі і факты. З гэтай нагоды кожны панядзелак у эфір выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Альтэрнатыва», у рамках якой асвятляем вынікі работы за мінулы тыдзень. На пастаяннай аснове транслюем інтэрактыўны праект «Ёсць пытанне», тэлечасопіс «Тваё здароўе», праграму «Творчая майстэрня», духоўна-асветніцкую перадачу «Лампада». Ёсць і серыйныя праекты, напрыклад «Гістарычны каляндар», «Цана Перамогі», дзе ў 26 серыях адлюстраваны асноўныя падзеі і факты Вялікай Айчыннай вайны.

— З кім канкурыруе «Звязда»? Якое месца займае ў сістэме рэгіянальных СМІ?

— Канал быў створаны для таго, каб вывесці рэгіянальнае тэлевяшчанне на новы ўзровень і каб прапанаваць нашым калегам, кабельным аператарам, запатрабаваны кантэнт. Пра цікавасць да яго сёння сведчаць рэйтынгі. За апошні год мы заваявалі давер і ўвагу свайго тэлегледача і падняліся ў рэйтынгу самых папулярных телеканалаў, якія транслююцца аператарам электрасувязі «Белтэлекам» (ZALA) са 112-й пазіцыі на 16-е месца. Што датычыцца канкурэнцыі, то лічу: больш карэктна казаць, што з іншымі рэгіянальнымі СМІ мы калегі, з імі цяпер актыўна наладжваем партнёрства.

— Вы актыўна ведзяце сацыяльныя сеткі...

— У пэўны момант наша каманда адчула, што тэлебачанне страчвае папулярнасць, актуальнасць у першую чаргу з-за хуткасці атрымання інфармацыі. Несумненна, інтэрнэт усё больш актыўна заваёўвае гледача, канкурэнцыя ўзмацнілася. Для таго каб хацелася ўключыць тэлеканал, яго неабходна напаўняць якасным, разнастайным кантэнтам, арыентаваным на інтарэсы аўдыторыі. Пры гэтым галоўнымі прынцыпамі павінны заставацца аб'ектыўнасць і аператыўнасць інфармацыі. Таму вырашылі актыўна развіваць сацсеткі. Першае, з чаго пачалі, — гэта відэахостынг YouTube. На сёння на канале фіксуецца амаль 9,5 тысячы ўнікальных гледачоў у месяц. Радуе, што, калі выкладваем кантэнт на YouTube-канал, заўсёды ёсць зваротная сувязь, прычым каментарыі неадназначныя, ідзе дыялог паміж карыстальнікамі сеткі, ёсць розныя пункты гледжання, абмен думкамі. Паралельна прысутнічаем і ў іншых сацыяльных сетках: «УКантакце», дзе за месяц бывае амаль 3 тысячы ўнікальных наведвальнікаў і каля 8 тысяч падпісчыкаў; Facebook (колькасць падпісчыкаў прыкладна 1,5 тысячы карыстальнікаў), Іnstagram, дзе перасягнулі планку ў 6,5 тысячы падпісчыкаў, «Аднакласнікі». У Іnstagram мы аператыўна размяшчаем навіны з месца падзей, коратка паведамляем самую важную інфармацыю, адначасна анансуючы нашы тэлепраграмы і тэлесюжэты. Ёсць і ўнікальныя праекты, якія ствараліся менавіта для дадзенай сацсеткі і вядуцца толькі там. Напрыклад, праект, створаны сумесна з ДАІ, — «Бяспечная дарога». Цяпер вельмі актыўна развіваецца TіkTok, таму ў хуткім часе будзем адаптаваць кантэнт і пад яго.

— Якія задачы паставілі на бягучы год? Якім бачыце развіццё свайго тэлеканала ў найбліжэйшай будучыні?

— Хацелася б развіваць дакументалістыку ўласнай вытворчасці і каб журналісты прэзентавалі сябе як асабістыя брэнды, былі ўніверсальнымі спецыялістамі. Каб яны адкрыта выказвалі сваю пазіцыю па розных пытаннях, праблемах. Лічу, што ў нашай прафесіі цяпер трэба быць больш смелымі. Мне вельмі падабаецца, як працуюць калегі з нацыянальных тэлеканалаў, — трэба ісці ў гушчу падзей і паказваць усё самае цікавае і актуальнае. Але інфармацыя павінна быць толькі з афіцыйных крыніц. Да таго ж для нас вельмі важны дыялог з тэлегледачамі, зваротная сувязь з імі ў фармаце праглядаў, каментарыяў, лістоў. Зараз мы запатрабаваныя як СМІ і ўпэўнены, што ў далейшым будзем станавіцца толькі лепшымі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: «Звязду» — у кожны дом

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.