Вы тут

Кветкі на плітах Монтэ-Касіна


Беларусы ўшанавалі памяць землякоў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны пры вызваленні Італіі ад нацыстаў.


Розныя мас-медыя коратка расказалі, што нядаўна дэлегацыя Амбасады Беларусі ў Італіі ўсклала вянок да мемарыяла на вайсковых могілках Монте-Касіна ў памяць пра больш чым 200 беларускіх салдат, якія там пахаваныя. (Наша газета пісала («Высокае неба Монтэ-Касіна», 16.09.2015), што ў маі 1944-га ў крывавай бітве, як сведчаць гісторыкі, загінула 924 салдаты корпуса генерала Андэрса, з іх 264 — беларусы. Усе яны пахаваныя на асобных Польскіх вайсковых могілках ля манастыра, там створаны мемарыял. Сотні нашых суайчыннікаў за гераізм атрымалі Памятны крыж Монтэ-Касіна. Яшчэ 80 беларусаў атрымалі тады вышэйшую польскую вайсковую ўзнагароду — Крыж Адважных, 45 чалавек — Сярэбраны крыж Заслуг з мячамі, і сямёра — Залаты крыж Заслуг з мячамі. — Рэд.) Мерапрыемства было прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у якой загінуў кожны трэці беларус. З урачыстымі зваротамі на цырымоніі выступілі Часовы павераны ў справах Беларусі ў Італіі Дзмітры Ярмалюк і мэр камуны Касіна Салера Энца. На мемарыяле былі таксама іншыя прадстаўнікі мясцовай улады, беларускай Амбасады ў Рыме, беларускай дыяспары ў Італіі.

Мне таксама пашчасціла быць на той урачыстасці. А ездзім мы, беларусы Неапаля, на мемарыял ужо чатыры гады запар напярэдадні свята Перамогі. Летась, праўда, кавід паламаў планы. Былі перакрытыя межы між абласцямі: Монтэ-Касіна — гэта Лацыё, а мы, з Неапаля, у Кампаньі. Сёлета імпрэза прысвячалася 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, называлася «Беларусь памятае!». А між тым у сувязі з пандэміяй каранавірусу ў Італіі ў застоі эканаміка, сацыяльнае жыццё. І наша Беларуская суполка ў Неапалі — Асацыяцыя «Bellarus» — павінна была спыніць дзейнасць. Але напярэдадні важнай даты вырашылі: ну трэба ж яе адзначыць! Бо жывём і тут у рытме жыцця Айчыны. Мы, беларусы Італіі, штогод адзначаем Свята Перамогі. Гэта даніна глыбокай павагі тым, хто яе заваяваў, памяць пра вялізныя страты Бацькаўшчыны (загінуў кожны трэці жыхар!) у крывавай вайне. Штогод суполка «Bellarus» ладзіць паездкі на мемарыял Монтэ-Касіна: магілы землякоў наведваем, памяць іх ушаноўваем, кветкі кладзем на магільныя пліты і дзякуем землякам за іх мужнасць, за іх подзвіг.

Сёлета ў маі ў сувязі з каранцінам па ўсёй Італіі ў Монтэ-Касіна мы не патрапілі — прымеркавалі паездку да іншае даты. Імпрэзу «Беларусь памятае!» правялі 13 чэрвеня 2021 года. Гэта быў у нас дзень памяці пра ўсіх, хто на палях бітваў і ў тыле змагаўся з нацыстамі па ўсім свеце. А могілкі на Монтэ-Касіна, як вядома — ці не адно з найбуйнейшых месцаў кампактнага пахавання беларусаў на чужыне. Там шмат загінулых з Наваградскага, Пастаўскага, Ваўкавыскага, Браслаўскага, Ашмянскага ды іншых заходнебеларускіх паветаў. І тыя героі — гэта нібы нашы моцныя карані тут, у Італіі, якімі мы ганарымся: гэта ж нашы людзі тут зламалі надзвычай моцную абарону ворага, перамаглі.

Беларусы Італіі ля мемарыяла Монтэ-Касіна. 13.06.2021

Акцыя наша яшчэ раз нагадала італьянскім грамадзянам, беларускім суайчыннікам у Італіі: нашы дзяды, прадзеды разам змагаліся супраць нацыстаў. Як у Італіі, так і ў Беларусі. Перамога над фашысцкай Германіяй — гэта подзвіг і слава ў тым ліку й беларускага народа. На жаль, не ўсе тое ведаюць. Як і аб прычынах, наступствах той жорсткай і кровапралітнай вайны, не засвоілі суровыя урокі з гісторыі, таму зноў то тут, то там разгараюцца ваенныя канфлікты. А нельга забываць подзвігі продкаў, у тым ліку і герояў Монтэ-Касіна, што ваявалі супраць карычневай чумы далёка ад роднай Беларусі. Мы зберагаем у памяці подзвіг народа нашага, усіх беларусаў, якія зрабілі свой пасільны ўнёсак у Вялікую Перамогу.

У часе акцыі «Беларусь памятае!» прайшла цырымонія ўскладан­ня вянка да Вечнага агню і ўскладанне кветак на магілы беларускіх салдат. Мы ўшанавалі памяці тых, хто не вярнуўся з вайны, Мінутай маўчання. Гучалі кранальныя вершы на беларускай мове: як згадка пра Бацькаўшчыну, пра нашу любоў да яе і павагу да нашых каранёў, і ў знак ушанавання памяці загінулых суайчыннікаў. Мяркую, падобныя акцыі дапамагаюць развіваць і падтрымліваць павагу да беларускага народа, да Беларусі, зацікаўленасць да яе ў карэнных італьянцаў. Можа, нехта пацікавіцца ў выніку: дзе ж тая Беларусь? Што паклаў яе народ на алтар Перамогі? Ды зразумее: усе, хто супрацьстаяў нацысцкім ідэям раней, хто ўстае на абарону светлых сваіх антыфашысцкіх ідэалаў сёння — гэта браты па духу. Дзе б ні жылі.

У часе ўрачыстасці

Ускладалі кветкі на магілы землякоў і беларусы з Неапаля. Гэта былі мае сябры-аднадумцы Таццяна Леўсік, Наталля Стасюкевіч, Ірына Тапчылка, Часлава і Марына Яфімчак, Ганна Чарнавок, Вера Баярская, Інна Лебедзь, Ніна Чубрык, Джэрарда Каруза, Людміла Міклашонак, Тэадор Яніў ды шмат іншых. А ехалі мы ў Монтэ-Касіна аўтобусам, паездку нам дапамагла аплаціць Амбасада і МЗС Беларусі, за што мы ім вельмі ўдзячныя. Гучалі ў часе паездкі, на мемарыяле песні ваеннай тэматыкі на беларускай і рускай мовах, верш «Макі Монтэ-Касіна» ў перакладзе на беларускую мову. На мемарыяле да нас далучылася і група палякаў: таксама прыехалі пакланіцца землякам. І ўсе разам спявалі мы, хто ведае польскую мову, песню «Макі на Монтэ-Касіна».

Напрыканцы афіцыйнай часткі акцыі «Беларусь памятае!» беларускі дыпламат Дзмітры Ярмалюк павіншаваў усіх з Днём Незалежнасці Беларусі — ён ужо хутка. Пасля ўрачыстасцяў была ў нас невялічкая экскурсія па абацыі Монтэ-Касіна. А яшчэ зладзілі мы «Беларускую маёўку» на прыродзе, з пачастункамі. У часе яе спявалі шмат песень ваеннай тэматыкі ды песні, што дапамагаюць выявіць нашу любоў да роднай Беларусі. Некаторыя нашы сябры падняліся на самую высокую частку гары Монтэ-Касіна, дзе стаіць стэла у гонар загінулых там салдатаў — з іх пахаваным прахам.

І толькі ўвечары наша дэлегацыя вярнулася ў Неапаль.

Таццяна ПУМПУЛЕВА, кіраўніца суполкі Асацыяцыя «Bellarus», г. Неапаль.

Фота: Ганна Чарнавок, Наталля Стасюкевіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.