07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Чаму нам сёння нельга замоўчваць усе факты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной?


Падзеі Другой сусветнай апошнім часам становяцца прадметам шматлікіх дыскусій. Найбольш трагічны для нас, беларусаў, гістарычны перыяд, на жаль, часта выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Нам спрабуюць навязаць «новыя» варыянты ваенных падзей, дыскрэдытуюцца іх удзельнікі, увогуле ставіцца пад сумнеў роля савецкага народа ў Перамозе над фашызмам.


Мы вельмі доўга маўчалі. Не хацелі псаваць адносіны з краінамі-суседзямі, не ставілі мэты ачарніць продкаў тых, хто сёння змагаецца за «справядлівасць» у Беларусі. Аднак прыйшоў час паставіць усе кропкі над «і». Як кажуць, найлепшы аргумент — дакумент. У новай рубрыцы, якую «Звязда» неўзабаве распачне з Нацыянальным архівам, мы будзем публікаваць новыя дакументы, якія пацвярджаюць, што Вялікая Айчынная вайна пераўзышла ўсе ваенныя канфлікты — у першую чаргу, па жорсткасці і бесчалавечнасці. За многімі зверствамі, якія ўчынілі на беларускай зямлі акупанты, стаяць не военачальнікі, а звычайныя людзі, у тым ліку тыя, каго мы доўгі час лічылі «сваімі».

Чаму нам аб гэтым нельга маўчаць, няпярэдадні прэм’еры рубрыкі «Без грыфа «сакрэтна» мы пагутарылі з яе суаўтарам, вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдатам гістарычных навук Вячаславам СЕЛЯМЕНЕВЫМ.

— Вячаслаў Дзмітрыевіч, Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу аб генацыдзе ў дачыненні да насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Чаму спахапіліся толькі праз 76 гадоў пасля Перамогі?

— Тое, што мы вярнуліся да гэтай тэмы толькі цяпер, — наша віна. Беларуская талерантнасць амаль праз восем дзесяцігоддзяў пасля Перамогі нам вылілася бокам. За апошні час мы напрацавалі вялікую базу крыніц, у тым ліку па тэме генацыду беларускага народа.

Па кожнай акупаванай вобласці краіны падрыхтаваны зборнікі дакументаў аб злачынствах, здзейсненых нямецкімі акупантамі і іх памагатымі ў адносінах да мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзве кнігі, прысвечаныя Віцебскай і Гомельскай абласцям, ужо выдадзены. Зборнікі складаюцца з дзвюх частак.
У першай, прысвечанай нацысцкай палітыцы генацыду і выпаленай зямлі, прыводзяцца дакументы аб злачынствах акупантаў і іх памагатых. Гэта дакументы выключна ваеннага перыяду. Прычым прадстаўлены не толькі савецкія, але і нямецкія дакументы: у прыватнасці, данясенні карных вайсковых падраздзяленняў, якія прымалі ўдзел у здзяйсненні ваенных злачынстваў. У другім раздзеле зборнікаў адлюстраваны ўстанаўленне фактаў і расследаванне ваенных злачынстваў. Публікуюцца паказанні ваенных злачынцаў, сведкаў падзей. З КДБ нам перадалі 2897 крымінальных спраў на замежных ваеннапалонных, якіх асудзілі за ваенныя злачынствы. Іх паказанні шырока прадстаўлены ў гэтых шасці тамах. Прычым у гэтых справах — матэрыялы не толькі па Беларусі, але і па Расіі, Украіне. Ваеннапалонных судзілі не па месцы здзяйснення злачынства, а там, дзе яны адбывалі пакаранне.

— Вельмі каштоўная інфармацыя для кожнага з рэгіёнаў утрымліваецца ў дадатках да згаданых зборнікаў...

— У кожным зборніку змешчана па чатыры дадаткі. Прыводзяцца спісы месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі вобласці, месцаў масавага знішчэння яўрэяў (дзе было забіта 20 і больш чалавек), буйных карных аперацый, якія былі праведзены ў кожным рэгіёне. Акрамя таго, пералічаны сельскія населеныя пункты, знішчаныя акупантамі поўнасцю і часткова. Мы называем іх менавіта так, бо спалены былі не толькі вёскі, але і сёлы, пасёлкі, хутары, фальваркі. Сюды ўключаны населеныя пункты, у якіх было знішчана не менш за 25 % жылля. У Віцебскай вобласці такіх — 3542, у Гомельскай — 1454. І гэтыя лічбы не канчатковыя.

— Атрымліваецца, што афіцыйная лічба — 9200 спаленых беларускіх вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны — таксама недакладная?

— У нас дзясяткі вёсак, па якіх ёсць інфармацыя, што яны былі знішчаны акупантамі. Але колькі было спалена хат, колькі загінула жыхароў, у многіх выпадках мы не ведаем. Як з упэўненасцю не скажам і таго, колькі канкрэтна населеных пунктаў знішчана, адноўлена і неадноўлена пасля вайны. Адно скажу дакладна: сёння па Беларусі мы выходзім на лічбу звыш 9300 спаленых вёсак, а не 9200, як было прынята меркаваць доўгі час. І «сясцёр» у Хатыні не 185, а значна больш.

Мы публікуем дакументы, што ў Слонімскім раёне была знішчана вёска Воўчыя Норы, у якой да вайны налічвалася каля 190 хат. Вёску знішчылі, ёсць сведкі, але вы не знойдзеце аб гэтым ніякіх публікацый. Або дзесьці стаіць помнік, на ім пазначана, што вёска была спалена, але ні ў кнізе «Памяць», ні ў іншых крыніцах гэтая інфармацыя не пацвярджаецца. І такіх вёсак, якія зніклі з нашай памяці, шмат. Гэта гаворыць аб тым, што тэма да канца не вывучана. Па спаленых вёсках няма ніводнага навуковага даследавання. Нашу нявывучанасць праблемы немцы выкарыстоўваюць у сваіх мэтах.

— Прынята лічыць, што большасць населеных пунктаў у гады вайны было спалена падчас карных аперацый.

— Сапраўды, вельмі шмат вёсак акупанты і іх памагатыя спалілі падчас карных аперацый, але колькі іх было знішчана падчас адступлення гітлераўцаў! Ішлі каманды факельшчыкаў і палілі ўсё на сваім шляху. Насельніцтва маглі не чапаць, а хаты знішчалі. Гэта рабілі і салдаты вермахта. Сёння ж, па меркаванні большасці немцаў, злачынствы ў дачыненні да мірнага насельніцтва здзяйснялі эсэсаўцы, групы СД. Аднак паказанні замежных ваеннапалонных сведчаць: да злачынстваў супраць мірных жыхароў прыклаў руку і вермахт. Ён жа стварыў лагер смерці ў «Азарычах». Ёсць сведчанні вайскоўцаў, у тым ліку генералаў, якія аддавалі каманды па арганізацыі лагера. Хто ведае аб гэтым у Германіі?

— Сучасныя немцы шмат чаго не ведаюць. Як сёння данесці Захаду, якія жахі ў гады Вялікай Айчыннай вайны адбываліся на тэрыторыі Беларусі?

— У іх няведанні — таксама наша віна. Я знайшоў цікавы дакумент. У 1980-х гадах выдавалася кніга сакратара Мінскага падпольнага гаркама партыі Савелія Ляшчэні «З паролем гаркама». Падчас падрыхтоўкі выдання аўтару зрабілі заўвагу, што ён прыводзіць шмат фактаў аб зверствах акупантаў. Кніга, маўляў, можа трапіць у ФРГ і выклікаць негатыўную рэакцыю. Правільна Прэзідэнт наш сказаў: Ізраіль змог данесці аб Халакосце так, што дагэтуль немцы, якія прыязджаюць у гэтую краіну, перш ідуць да помнікаў і просяць прабачэння. А ў Беларусі, дзе знішчылі кожнага трэцяга жыхара, пачынаюць панукваць па новай. Калі стварылі Хатынь, кожная ўрадавая дэлегацыя, якая прыязджала ў нашу краіну, ехала да мемарыяльнага комплексу. Сёння замежныя дэлегацыі там рэдкасць. Вось і не ведаюць заходнія палітыкі, якія зверствы ўчыняліся на нашай тэрыторыі, або не хочуць ведаць.

— Праблема, напэўна, заключаецца яшчэ і ў тым, што па некаторых пытаннях няма канкрэтна сфармуляванага паняційнага апарату...

— Узяць хаця б «Азарычы». На Нюрнбергскім працэсе яны праходзяць як канцлагер. У нашым даведніку пазначаны як «лагер на пярэднім краі нямецкай абароны». Мы самі панізілі статус лагера. Што такое «Бронная Гара» на Брэстчыне — месца знішчэння або канцлагер? Ці той жа «Трасцянец»? З аднаго боку, гэта месца масавага знішчэння людзей. З іншага — там быў створаны працоўны лагер мінскага СД: зняволеныя выконвалі патрэбы акупантаў па рамонце адзення, пашыву абутку. Гэта не быў канцлагер такога кшталту, як «Асвенцым» ці «Майданэк», але тут таксама знішчалі людзей. У нас абсалютна не выпрацаваны паняційны апарат, чым карыстаюцца заходнія гісторыкі. Нашы навукоўцы мала цікавяцца гэтай тэмай.

— Між тым дакладная колькасць знішчаных у «Трасцянцы» сёння так і застаецца нявызначанай.

— Сёння некаторыя эксперты нам раяць рабіць раскопкі. Якія могуць быць раскопкі, калі з другой паловы 1942 года немцы ўжо ведалі, што будуць сыходзіць з акупаванай тэрыторыі, таму стварылі спецыяльную каманду, якая займалася знішчэннем трупаў. Ад людзей застаўся толькі попел. Надзвычайная дзяржаўная камісія вызначала колькасць загінулых па памеры ям, па колькасці попелу, а не чалавечых астанкаў.

У шматлікіх месцах масавага знішчэння людзей немцы паспелі пазбавіцца ад трупаў. Гэта пацвярджаецца дакументамі. Таму лічба, якую мы ведаем як колькасць знішчаных у «Трасцянцы», вельмі адносная. Адзінае, за што можна зачапіцца: калі немцы падымалі трупы, яны дакладвалі аб іх колькасці ў Берлін. Толькі дзе сёння шукаць гэтыя дакументы?

— А ці працавалі нашы даследчыкі ўвогуле з нямецкімі дакументамі па тэме Вялікай Айчыннай?

— Толькі апошнім часам мы актыўна пачалі вывучаць нямецкія дакументы. Аднак трэба разумець, што адну частку дакументаў захапіў Савецкі Саюз, другую — амерыканцы, якія, як толькі атрымалі трафейныя дакументы, зрабіўшы копіі, пачалі іх прадаваць. Захопленае нашымі войскамі вывезлі ў Маскву, дзе стварылі асобны архіў, але да гарбачоўскай перабудовы гэтыя дакументы ляжалі нікім не запатрабаваныя. Некаторыя нашы гісторыкі працавалі з імі, аднак гэта былі адзінкавыя людзі. Праблема заключалася яшчэ і ў тым, што да 1990-х гадоў амаль усе дакументы па вайне знаходзіліся на сакрэтным захоўванні, у тым ліку дакументы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі. Сёння ў нашым архіве мы рассакрэцілі практычна ўсё. Нядаўна Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі выставіў у адкрытым доступе шэраг трафейных дакументаў. Аднак цяпер іншая праблема — тэмай Вялікай Айчыннай вайны мала хто хоча займацца. Мы стварылі вялізную базу апублікаваных дакументаў, а даследчыцкая праца стаіць на месцы.

— А ці ёсць гістарычныя сенсацыі ў гэтых дакументах?

— КДБ нам перадаў пратаколы допыту ваеннаслужачых батальёна Дырлевангера, на якім — і кроў жыхароў Хатыні. Дакументы сведчаць, што ў гэтым батальёне была і беларуская рота. Аказваецца, што калі батальён перакінулі ў Лагойск, да яго далучылі і беларусаў. Рота праіснавала літаральна некалькі месяцаў. Беларусаў судзілі адначасова з украінцамі, якія таксама служылі ў батальёне.

— Тэма калабарацыі вельмі доўга замоўчвалася...

— Паліцэйскія фарміраванні з ваеннапалонных пачалі стварацца ўжо ў жніўні 1941 года. Немцы сутыкнуліся з жорсткім супраціўленнем на тэрыторыі Беларусі, у іх не хапала карных атрадаў. Яны нават не разлічвалі, што ім прыйдзецца ачышчаць свае тылавыя раёны ад партызан. Акупанты першапачаткова пачалі рабіць стаўку на ўкраінцаў. Дарэчы, унутраную ахову Шталага-352 у Масюкоўшчыне складалі ўкраінцы.

Выкарысталі акупанты ў сваіх мэтах і тое, што Савецкі Саюз аб’явіў сваіх ваеннапалонных ворагамі народа. Трэба мець на ўвазе, што некаторыя ішлі ў калабарацыянісцкія фарміраванні з меркантыльных меркаванняў: яны разумелі, што іначай іх чакае смерць ад голаду, а тут, можа, атрымаецца ўцячы. Да канца 1942 года гэты працэс набыў такі маштаб, што Цэнтральны штаб партызанскага руху прымае спецыяльную дырэктыву, згодна з якой ставілася задача не толькі ваяваць з гэтымі фарміраваннямі, але і перацягваць людзей на свой бок. Многія перайшлі да партызан. Ім абяцалі ўсё забыць, але, як скончылася вайна, усё адразу ўспомнілі і амаль усіх пазбавілі волі.

Такім чынам, вайна не двухкаляровая — не чорная і белая. Яна вельмі розная. Гэта страшная старонка ў нашай гісторыі. І судзіць людзей, якія яе перажылі, вельмі складана.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Людзі забываюць, дакументы — помняць

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.