Вы тут

Паэта Янку Лучыну ў маладосці паралізавала, але ён працягваў ствараць


Псеўданім, які ўзяў сабе паэт Ян Неслухоўскі (1851–1897), «Лучына», сведчыў пра яго творчае крэда — несці асвету народу, і як ён дэкляраваў у адным з рускамоўных вершаў («Не ради славы иль расчета»): «Служить стране глухой, забитой, // Где мрак невежества царит». Яго літаратурны талент праявіўся ў розных жанрах — паэзіі, прозе, гістарычных нарысах, перакладах, ажно на трох мовах — беларускай, польскай, рускай. Тэхнік па адукацыі і прафесіі, Ян Неслухоўскі меў паэтычную душу і чуйнае сэрца. Такія людзі вельмі спагадлівыя да чужога гора, а калі гэта гора ўсяго народа, дык гэта нязгасаючы душэўны боль.


Нарадзіўся будучы паэт 6 ліпеня 1851 года ў Мінску ў сям’і калежскага сакратара Люцыяна Неслухоўскага і Антаніны Лукашэвіч. У дзяцінстве на свядомасць хлопчыка паўплывалі падзеі паўстання 1863–1864 гадоў. Губернскі Мінск тады перажываў часы ўзрушэння (гімназісцкія сходкі, спяванне патрыятычных гімнаў у касцёлах, жалоба жыхароў і рэпрэсіі царскіх улад). Пад строгі паліцэйскі нагляд трапіў і Люцыян Неслухоўскі «по подозрению, что не мог не знать революционного образа мыслей своими сослуживцами, виновность которых обнаружена следствием» — словам быў вінаваты, што не данёс на сваіх таварышаў і заставаўся годным чалавекам. Сямейная драма, магчыма, і вызначыла далейшы шлях Яна Неслухоўскага — служэнне свайму народу:

Бо на сэрцы маю путы

І з народам імі скуты.

З ім я зліўся з добрай волі —

Чы-то ў долі, чы ў нядолі;

Жыццёвы шлях Янкі Лучыны, здаецца, просты і звычайны, без асаблівых драм і трагедый. Пасля сканчэння Мінскай гімназіі ў 1870 годзе ён год правучыўся на матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, але перавёўся ў Тэхналагічны інстытут, дзе і атрымаў у 1876 годзе дыплом інжынера. Прафесія магла пракарміць небагатага маладога шляхціча, але пазбаўляла яго свабоды. Ён вымушаны быў працаваць на чужыне, хай і маляўнічай, але ўсё ж не ў роднай краіне. Два гады Неслухоўскі працаваў у Тыфлісе (Тбілісі), у галоўных майстэрнях Закаўказскай чыгункі.

Тут ён пазнаёміўся з маладым рабочым і будучым знакамітым пісьменнікам Максімам Горкім. Пазней, у 1928 годзе, Максім Горкі, вяртаючыся з Італіі, у размове з рабочай дэлегацыі Мінска пацікавіўся: «А дзе Лучына? Я асабіста ведаў яго».

Значыць, ужо ў Тыфлісе Неслухоўскі меў паэтычны псеўданім Лучына, пад якім і ведаў яго Горкі. Нявыключана, што іх збліжала літаратура і агульныя перажыванні. Ад Лучыны Горкі мог пачуць не толькі жывое беларускае слова, але і вершы, напісаныя ім. Невыпадковая цікавасць Горкага да беларускай літаратуры і мовы (нагадаем добразычлівы водклік на паэзію Купалы і просьбу да «Нашай нівы» даслаць яму слоўнік Насовіча). Пасля двух гадоў працы на Каўказе Лучына вярнуўся на радзіму ў Мінск. Неўзабаве радасць вяртання азмрочылася цяжкай хваробай — паралічом ног. Можна ўявіць адчай маладога, поўнага сіл і надзей чалавека, які не мог хадзіць. Здавалася, што актыўнае, асэнсаванае жыццё скончылася, заставалася дажываць бездапаможным інвалідам. «Жыцця навек закрылася кніга», — са скрухай прызнаўся Лучына ў сваім праграмным вершы «З дзеяў жыцця і песні».

Кволы духам чалавек падначальваецца лёсу, моцны — змагаецца. Лучына не здаўся хваробе. Падняўся на ногі, хоць абапіраючыся на два кійка, але пачаў хадзіць, уладкаваўся працаваць у тэхнічнае бюро на Лібава-Роменскай чыгунцы. Толькі вось з аўтабіяграфічнага верша Лучына «З дзеяў жыцця і песні» можна даведацца і аб яго жыццёвых драмах, пакутлівых пошуках свайго прызначэння, душэўных пачуццях. Як і многія, ён у юнацтве перажыў няшчаснае каханне: «Жар пагас у сэрца-святыні, // Знікла шчасця жыццёвага ранне». Засталася горыч і расчараванне, але ж перад гэтым перанёс ён узнёслыя імгненні рамантычнага натхнення, калі хацелася сачыняць песні. А цяпер вось даводзілася «З халодным пачуццём» глядзець на свет, стрымліваць сваё сэрца, «развесціся з пачуццём і верай» і прагматычна будаваць сваё жыццё. Вучоба, праца, і вось раптам хвароба, і адчай... і з’яўленне паэтычнай музы.

Калі адчай лажыўся на аблічча,

Калі парвалася апошняя ніць,

Зноў багіня, мая Беатрыса,

Прыйшла і кажа змагацца і жыць.

Паэзія ратавала яго, убогага духам і фізічна нямоглага, лекавала яго пачуццём патрэбнасці людзям і перш за ўсё тым, каму ён мог дапамагчы сваім паэтычным словам, якое падтрымлівала б іх надзеяй і верай.

І прыйшло разуменне, што яго талент належыць народу.

Я магу толькі шчыра да скону

Полымем сэрца служыць народу.

Так нарадзіўся паэт Янка Лучына! У яго творчасці няма шэдэўральных вершаў, нябеснай філасофіі ці высокамастацкай вобразнасці. Вершы яго простыя, часам наіўныя да прымітыўнасці, але ў гэтым іх і вартасць — яны зразумелыя і даходлівыя, як чуллівая мелодыя ў параўнанні з шматгалоснай сімфоніяй. Яго паэзія адрасавалася народу, і ён мусіць яе ўспрымаць, як сваё, не панскае, а менавіта народнае.

Не я пяю — народ Божы

Даў мне ў песні лад прыгожы.

Сваім «народніцтвам» Лучына працягваў традыцыі Францішка Багушэвіча, але ў адрозненне ад свайго славутага папярэдніка яго паэтычная палітра больш разнастайная і псіхалагічная. Ён не толькі выкрывальнік, ці апісальнік, але і суцяшальнік і спачувальнік у горкай долі, стваральнік народных вобразаў, хоць і прыгнечаных, а ўсё ж захаваўшых сваю людскасць і годнасць. Самім фактам стварэння беларускіх твораў Лучына (як іншыя яго калегі) разбівалі шавінісцкі міф аб немагчымасці беларускай літаратуры «ні ў сучаснасці, ні ў будучыні», што народная мова не стане «літаратурнай, пісьмовай і кніжнай». Як бачым, мова стала кніжнай, і беларуская літаратура нарадзілася, рабіла першыя крокі, неўзабаве яна пасталее, перажыве выпрабаванні і пакуты, і дасць свету сапраўды вялікія творы! Творчасць Янкі Лучыны вельмі паспрыяе гэтаму, палюбіцца Якубу Коласу і іншым паэтам.

Доўгі час вершы Лучыны разыходзіліся ў рукапісах, і толькі ў 1903 годзе, ужо пасля смерці паэта, студэнты-беларусы выдалі ў Пецярбургу невялічкі зборнічак беларускіх вершаў Янкі Лучыны «Вязанка». Аднак большая частка беларускамоўнай творчасці Лучыны была вывезена родзічамі падчас першай сусветнай вайны і згубілася ў віхуры часу.

Самастойнае значэнне мае польскамоўная творчасць Лучыны. Ім напісана некалькі невялічкіх паэм: «Гануся», «Віалета», «Андрэй», «Акварэлькі паляўнічыя», шэраг лірычных вершаў, якія друкаваліся ў польскіх часопісах. Зноў жа пасля смерці паэта ў Варшаве ў 1898 годзе выйшаў яго зборнік «Паэтычныя творы», які ўключаў «Акварэлькі паляўнічыя» і вершы. Зборнік высока ацаніла крытыка. Гэта было запозненае прызнанне. Пры жыцці Янка Лучына гэтак і не выдаў ніводнай сваёй кнігі. З-за прыроднай сціпласці ён лічыў, што ў яго няма арыгінальных, вартых выдання твораў. Ён не мог ацаніць свае сілы, узровень талента... «Без мэты, то-бок без надзеі на друкаванне, мая і без таго кульгавая муза маўчыць, зубы сцяўшы», — прызнаваўся Лучына ў 1889 годзе гісторыку Мітрафану Доўнар-Запольскаму.

Зноў жа пасля смерці Лучыны ў 1889 годзе у Кракаве ананімна выйшла яго кніга «З крывавых дзён», прысвечаная паўстанню 1863 года на Міншчыне. Гэта была годная даніна памяці паўстанцам. Аўтар грунтаваўся не на архіўных дадзеных, а на ўспамінах сведкаў, што абумовіла арыгінальнасць і каштоўнасць кнігі.

З рускамоўнай творчасці Лучыны варта адзначыць яго празаічныя творы-замалёўкі «С праздничной поездки», у якой па-майстэрску перададзены калядны настрой пасажыраў цягніка і роздум пра будучыню роднага краю, на які наступае цывілізацыя са сваімі новымі ўкладамі. Невялічкая аповесць «Верочка» (выдадзеная ў 1900 годзе ў Маскве) носіць дыдактычны характар, але аўтар кранальна праз перажыванні дзяўчынкі вучыць спагадзе чужому гору, якое закранае чуйнае сэрца.

Ранняя смерць 16 ліпеня 1897 года не дазволіла цалкам раскрыцца таленту Янкі Лучыны не толькі, як самабытнаму пісьменніку, але і нацыянальнаму дзеячу. Ён збіраў фальклёр для вядомага этнографа Паўла Шэйна і сам друкаваў яго ў польскіх часопісах. Уваходзіў у Мінскі гурток адраджэнцаў, які рыхтаваў беларускія матэрыялы для выпускаў «Северо-Западного календаря». Дарэчы, там друкаваліся вершы Лучыны і яго пераклады на беларускую мову вершаў Сыракомлі.

Нягледзячы на неспрыяльную долю, Янка Лучына не губляў веру ў будучыню свайго народа.

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя

Праглыне ясна над нашаю ніваю,

І будуць жыці дзеткі патомныя

Добраю доляй — доляй шчасліваю!..

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.