Гэта, як спявалася некалі, «было нядаўна, гэта было даўно». Нас, студэнтаў педінстытута, адправілі на цаліну, на ўборку пшаніцы. Ураджай яе, прычым вельмі багаты (мы такіх і не бачылі), звозілі з палёў на ток, там жа перасушвалі і адпраўлялі далей — на элеватар у горад Жаксы. Студэнты і шафёры працавалі кругласутачна і пазменна. А студэнткі ў свае «адгулачныя» дні моду завялі — падсаджваліся ў машыны, ездзілі ў горад, каб там пахадзіць па крамах і потым (часам з пакупкамі) — вярнуцца назад.
Жаданні дзяўчат былі зразумелыя, аднак не ўсе, бо, напрыклад, мы з аднакурсніцай Томай проста жах як хацелі навучыцца кіраваць... самазвалам.
З гэтай мэтай неяк напрасіліся ў кабіну да вясёлага дзядзечкі (яны, дарэчы, з ахвотай бралі гаваркіх пасажыраў, каб па дарозе — пад сотню вёрстаў! — крый бог, не заснуць), заехалі з ім у горад, не без таго — пабегалі па крамах, а на зваротным шляху, што называецца, агучылі мару. Дзядзечка чамусьці не здзівіўся, наадварот — з ахвотай паказаў, што трэба пакруціць і на што нагой націскаць, каб паехаць, як руль у дарозе трымаць... Пад яго наглядам мы нават «парулілі» — па чарзе, па стэпе! А ён — трэба сказаць — ляжаў там паўсюль, да самага гарызонту! Дарог — ніякіх: добра, калі нейкі след — ад папярэдніх машын. Нягледзячы на гэта...
Помню той дзень — нібы ўчарашні! На дварэ, значыць, спёка. І ў нас — абедзенны перапынак. Падчас яго ўсё жывое (і ўсе жывыя) на дзве гадзіны спаўзаюць у цень.
Я таксама «спаўзла» і адтуль — у шэрагу іншых машын — убачыла заёмую, можна сказаць, «сваю». Вясёлага дзядзечкі-шафера пры ёй не было (як не было нідзе і нікога). А таму я (дзіцячыя мазгі!) мігам апынулася на сядзенні, завяла самазвал і — ад шчасця аж дух заняло! — паехала! Спачатку нясмела, памалу, потым — трохі хутчэй і яшчэ хутчэй!..
Адкуль на маім «шляху» ўзяўся газік па мянушцы «казёл», шчыра кажучы, я не заўважыла. Аднак з яго кабіны ўжо выскачыў нейкі мужчына, патрабавальна замахаў рукамі — загадаў спыніцца.
Паспрабавала ўспомніць, як гэта робіцца, і не паспела: дзядзька нейкім чынам апынуўся ў кабіне, выхапіў руль «майго» самазвала, стаў кіраваць ім ды рознымі словамі бэсціць шафёра: пагражаць, што пакажа яму, дзе ракі зімуюць, што пагоніць з работы, пазбавіць прэміі...
Я ледзьве не плакала: бажылася, што шафёр тут ні пры чым, што я сама, без яго ведама, села ў машыну, што караць тут трэба толькі мяне! «Цябе бог пакарае, — агрызнуўся дзядзька. — Вось народзіш трайню і тады ўспомніш!»
...Да родаў адтуль, з цаліны, было як да неба.
А ў той дзень я ўбачыла толькі адно: калі бог каму хоча дапамагчы, ён абавязкова нешта зробіць, прышле чалавека на выручку.
Не ведаю, як далёка я тады заехала б (разварочвацца яшчэ не спрабавала)? Не ведаю, што рабіла б, калі б раптам скончыўся бензін, у самазвале нешта зламалася б ці ўсчалася якая бура? Стэп не даруе бяздумнасці. Але мне, дзякуй богу, пашчасціла.
Зоя Наваенка,
г. п. Падсвілле, Пастаўскі раён.
Ну хіба што... казёл?
Памятаеце, у дзядулі Крылова: «У сильного всегда бессильный виноват...»
Між іншым, спрэчная выснова, бо, здараецца, што слабы ўмомант паставіць на калені моцнага. Ды яшчэ і плакаць не дасць! Ну вось вам прыклад.
Мой знаёмец Анатоль набыў сабе шчаня нямецкай аўчаркі. «Падрасце — ахоўнікам будзе,» — казаў усім. (Я таксама скажу — па сакрэце: у Таляна ёсць, што ахоўваць)...
І праз нейкі час, як выглядала, з'явілася каму, бо тое шчаня на добрых харчах вельмі хутка ператварылася ў сапраўднага ваўкалака! Адным відам сваім мінакоў палохала... А гаспадар яшчэ і папярэджанне да варот прыбіў: асцярожна, маўляў, сабака добры, толькі нервы ў яго слабыя.
Што, між іншым, чыстая праўда, бо аднойчы...
Нясе, значыць, Талян харчы свайму ваўкалаку, ставіць міску каля яго будана — чакае, пакуль сабака выйдзе.
А тым часам да ягонай міскі певень падляцеў. І пачаў дзяўбсці...
Сабака, абражаны гэтым нахабствам, куляй да птушкі...
Думаеце, яна спужалася і наўцёк? Не! Яна з усёй сілы дзеўбанула «немчука» ў яго высока задраны нос.
Што было потым?
Вясковую ціш парушыў жаласны енк: Талянаў ахоўнік баязліва падціснуў хвост і схаваўся ў сваім будане, каб залізваць раны. А яны, трэба сказаць, былі не толькі фізічныя, але і псіхалагічныя. Ва ўсякім разе, пры кожным кукарэканні гаспадарскага ці суседскага пеўня сабака яшчэ доўга ўцякаў хавацца...
Але ж з байкі я пачаў гэтую гісторыю, байкай і скончу. Гадоў колькі таму расійскія каналы паказвалі рэпартажы з заапарка пра незвычайнае сяброўства паміж тыграм Амурам і казлом Цімурам. Адгукнуўся на гэту падзею і я:
Вось дзівосы дык дзівосы:
Тыгру сябрам стаў казёл,
Пазайздросціць можна лёсу,
Глянь, што робіцца наўкол —
Па сусветнаму закону
Моцны душыць небарак,
Можа, той казёл шалёны,
Што яму шанцуе так?
Ці то з тыграм непарадкі,
Што такая дур найшла?
Знай, тыгрыныя нашчадкі
Не пахваляць за казла.
І, вядома, выйдзе бокам
Паласатаму любоў,
А казёл
глядзіць звысоку...
Не іначай — цар звяроў?!
... Часта так бывае з намі,
Шмат не буду гаварыць.
Што жывеш вось так з казламі —
І нічога не зрабіць.
Генадзь Мішчук,
в. Вотчына, Маларыцкі раён.
...З чаго пачаць? Мо з таго, што еду я неяк у гарадскім аўтобусе і ад няма чаго рабіць людзей разглядаю. Бачу маладую дзяўчыну ў навушніках (відаць, слухае музыку з дарагога айфона), побач з ёй — з дзявочым заплечнікам — «пані трошкі ў гадах», насупраць — мажная-мажная бабуля з унукам гадоў сямі, які з зайздрасцю паглядае на той айфон.
— Дзіцятка, нам у паліклініку трэба, — кажа бабуля яго ўладальніцы. — Падкажы, дзе лепей выйсці? На гэтым прыпынку?
— Зараз пагляджу, — слізгаючы пальцам па экране мабільніка, абяцае дзяўчо.
Аўтобус тым часам збаўляе хуткасць — набліжаецца да прыпынку.
— Бабуля, пайшлі! — загадвае ўнук. — Учора мы тут выходзілі!
— З наступнага прыпынку будзе бліжэй, — спыняе іх «пані» з заплечнікам.
— Не, вам тут выходзіць! — паведамляе дзяўчо, праклаўшы маршрут на электроннай карце.
Але ж дзверы аўтобуса ўжо амаль зачыніліся!..
Ад'язджаючы ад прыпынку, я са шкадобай паглядзела на бабулю з хлопчыкам, якія ледзьве паспелі выйсці, і ў чарговы раз падумала, чаму (нават ведаючы нешта!) мы шукаем чужых парад? І за іх жа потым трымаемся...
Гэта я кажу не толькі пра іншых, але і пра сябе. Ну вось мяркуйце самі.
Сёлета я зрабіла рамонт у зале, і не сама, як звычайна, а рукамі прафесійнага майстра. Знайшла, наняла і, здаецца, не прагадала: ён бездакорна выраўнаваў сцены, паклаў ламінат, паклеіў дарагія шпалеры...
Факт, што старая люстра да гэтага ўсяго, мякка кажучы, не пасавала, і таму іншага выйсця не было: я накіравалася ў найбліжэйшы гандлёвы цэнтр, каб купіць там прыгожы сучасны свяцільнік.
Мая сяброўка Люба, не раздумваючы, пайшла са мной.
...Гэта вельмі рэдка бывае, аднак люстру — маю! — я ўбачыла здалёк і адразу ж уявіла, як гарманічна яна «ўпішацца» ў інтэр'ер абноўленай залы, як будзе свяціць...
— Вось гэтая?! Фу-у! — скептычна скрывілася Люба, зірнуўшы на люстру. — Ды яна ж падобная на старую... Пайшлі далей — я там іншую бачыла, проста суперсучасную! Вунь яна... Паглядзі!
Сяброўка паказвала рукой на круглае металічнае вечка з дробнымі дзіркамі пад адмысловыя лямпачкі. Яны дружна выпраменьвалі сіняе святло, ад якога тут жа ўзнікала цьмянае адчуванне трывогі. Металічныя пікі, падобныя на лёзы нажоў, і дзіркі ў крузе, што нагадвалі цэнтрыфугу пральнай машыны, толькі ўзмацнялі яе. Але...
Вы здагадаліся: цяпер гэта суперсучасная «цэнтрыфуга» вісіць у нашай зале. Гледзячы на ??яе, я кожны раз даю сабе слова ўсе больш-менш значныя пакупкі рабіць самастойна.
Што Люба?
Яна па-ранейшаму часцяком заходзіць да нас, па-ранейшаму любуецца люстрай — нахвальвае сябе за выбар. Ну і мяне — за пакупку.
Наталля Шастакова,
г. Гомель.
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Прэв’ю: pixabay.com
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.