Вы тут

Якія новыя праекты рэалізоўвае вучнёўская моладзь Гродзеншчыны


Самыя цікавыя былі прадстаўлены падчас рэспубліканскага Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Як аказалася, спектр інтарэсаў даволі шырокі: ад ініцыятыў маладзёжнага парламента да аўтарскіх праектаў, якія скіраваны на развіццё асобы, творчых здольнасцяў і падрыхтоўку да дарослага жыцця.


Як адзначыў намеснік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мацюшонак, дадатковая адукацыя павінна быць даступнай, эфектыўнай і якаснай. Традыцыйны штогадовы Тыдзень дадатковай адукацыі якраз і павінен паказаць, наколькі гэта сістэма гатова да новага вучэбнага года.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслана Абрамчыка, у рэгіёне сістэма работы ў гэтым кірунку ўдасканальваецца. Значныя змены адбыліся ў апошнія гады. У многіх установах праведзены капітальныя рамонты, адкрыты спартыўныя залы і басейны. Падчас пандэміі асвоена альтэрнатыўная форма работы ў рэжыме анлайн. Педагогі праводзяць такім чынам майстар-класы, вядуць вучэбныя блогі. У рэгіёне працуюць аб'яднанні, якія ўдзяляюць вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню, павышэнню экалагічнай культуры і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Таксама папулярнасцю сярод дзяцей і моладзі карыстаецца валанцёрства.

Самыя цікавыя праекты былі прадстаўлены падчас Тыдня дадатковай адукацыі ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Інтэрактыўныя пляцоўкі размясціліся па кірунках дзейнасці. Напрыклад, некалькі ініцыятыў прадставіў маладзёжны парламент пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў. Адным з брэндаў стаў праект «Маршруты здароўя», калі некалькі раз на год усе дэпутаты маладзёжнага парламента ездзяць па вобласці, праводзяць флэшмобы, спартыўныя спаборніцтвы, сустрэчы, знаёмяцца з маляўнічымі куткамі прыроды роднага краю. Нядаўна ў маладзёжным парламенце нарадзіўся праект «Мова краіны маёй». Было створана звыш 100 відэаролікаў з дэкламацыяй беларускай паэзіі ў выкананні самых розных жыхароў рэгіёна.

Ёсць у маладзёжным асяроддзі і конкурс прадпрымальнікаў, які праводзіць культурна-асветніцкі дабрачынны фонд, створаны пры маладзёжным парламенце. Сюды прыходзіць моладзь, каб прыдумаць і прадставіць свой праект, а таксама абмеркаваць новыя ідэі.

Шырока распаўсюджваюцца валанцёрскія і інклюзіўныя ініцыятывы. У гэтым сэнсе выклікае цікавасць сацыяльны праект «Казкі ад Алеся». Яго аўтар Аляксандр Каравайчык невыпадкова заняўся казкатэрапіяй. Сам ён выхаванец дзіцячага дома і ведае, як важна падтрымаць і стварыць добры настрой у маленькіх слухачоў. Ён прыходзіць да іх са сваёй фетравай гульнятэкай, у якой самыя розныя персанажы, і разам з дзецьмі стварае новую казку. У ліку інклюзіўных можна назваць і праект па рэканструкцыі батлеечнай школы пачатку ХХ стагоддзя. Яго стварылі навучэнцы Мірскага мастацкага каледжа, якія выязджаюць са сваім лялечным тэатрам у інтэрнаты і дзіцячыя дамы.

У раздзеле турыстычна-краязнаўчай дзейнасці прыцягваюць увагу прыгожыя макеты гродзенскіх храмаў. Усе яны створаны з удзелам школьнікаў. У адным выпадку — дзеці з бацькамі, у другім — дзядуля з унукам, у трэцім — выкладчык з вучнямі. Матэрыялы — папера, дрэва, гліна... Такім чынам знайшлі ўвасабленне касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Шылавічы Ваўкавыскага раёна, знакаміты Сынкавіцкі храм-крэпасць, царква святога Аляксандра Неўскага ў Крэве, Гродзенскі Свята-Пакроўскі сабор, храм у Жыровічах і многія іншыя. Усяго ў конкурсе прыняло ўдзел каля 70 макетаў. Метадыст цэнтра турызму і краязнаўства Вікторыя Каўцэвіч расказала, што цяпер установа рыхтуе новы конкурс. На гэты раз увага ўдзяляецца старым і адноўленым сядзібам, якія з'яўляюцца аб'ектамі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Вывучэнне адукацыйных традыцый свайго краю працягваюць у Шчучынскай гімназіі. Па словах настаўніцы гісторыі Алены Лісоўскай, горад быў вядомы з ХVІІІ стагоддзя калегіумам ордэна піяраў, дзе бясплатна вучылі юнакоў грамаце. А ў 1903 годзе тут з'явілася царская настаўніцкая семінарыя. У ёй цяпер месціцца гарадская гімназія. Адукацыйны кірунак выліўся ў шэраг цікавых праектаў. Адным з іх стала ўзнаўленне па старых гравюрах друкаванага станка часоў Францыска Скарыны. Яго ўнікальнасць у тым, што гэты станок працуе, і тут нават друкуюць лісты «пад старажытнасць».

А вось у Шчучынскім палацы творчасці, які належаў некалі Друцкім-Любецкім, школьнікі арганізавалі клуб «Чайная сустрэча». Тут нават абсталявана спецыяльнае ўтульнае памяшканне. Фітаклуб стаў і месцам сустрэч, і майстар-класаў. Асабліва папулярная травяная гарбата. І гэта невыпадкова. Клуб супрацоўнічае з мясцовым саўгасам «Вялікае Мажэйкава», які спецыялізуецца на вырошчванні лекавых раслін — рамонку і календулы. Тут мяркуюць узнавіць рэцэпт травяных настояў былых уладальнікаў палаца. Праект скіраваны на развіццё кулінарнага турызму. І гэта не адзіны «чайны» праект. З традыцыямі чаявання знаёмяць у музеі Навагрудскай спецшколы-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Тут сабраны прадметы чайнай цырымоніі многіх краін свету. А работнікі інтэрната разам з дзецьмі нарыхтоўваюць лекавыя травы, каб частавацца духмяным настоем падчас сумесных збораў.

Інавацыйны напрамак набывае экалагічны профіль. Напрыклад, у Лідзе арганізавалі Школу юнага ветэрынара з трохузроўневым навучаннем. Апошні этап — практыка ў адной з ветэрынарных клінік. Школьнікі дапамагаюць выратоўваць прадстаўнікоў фаўны, якія атрымалі траўмы. Валанцёрскай дзейнасцю займаецца Мастоўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, а ў гродзенскай СШ № 12 працуе музей-лабараторыя ашчадных гаспадароў. Кіраўнік па даследчай рабоце Іларыён Лахніцкі расказаў аб энергазберагальных праектах. Самыя галоўныя — аўтаматызаваная цяпліца і пункт аўтаматычнага ўпраўлення школьнымі званкамі. Спецыяльны блок уключае званкі і святло па праграме праз інтэрнэт. Гэта значна эканоміць электраэнергію. Абодва праекты атрымалі дыпломы конкурсаў тэхнічнай творчасці сярод моладзі.

Яшчэ даволі цікавая студыя займае вольны час вучняў СШ № 16 горада Гродна. Тут працуюць з горнымі пародамі і мінераламі — іх дробняць у ступцы, а потым распісваюць крошкай выявы. Кіраўнік студыі «Каменная казка» Таццяна Сердзюкова нават прапанавала правесці майстар-клас з удзельнікамі Тыдня дадатковай адукацыі і знайшла нямала ахвотных. Мінералы, якімі распісваюць на аснове клею, самыя розныя: лазурыт, малахіт, яшма, мармур розных адценняў, графіт, кварц. У мінулым годзе тут распачалі праект па інклюзіўнай дзейнасці дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Праект адзначаны дыпломам. Падчас Тыдня дадатковай адукацыі сваё майстэрства прадэманстравалі дзіцячыя музычныя і танцавальныя калектывы.

Усяго падчас прэзентацыі інтэрактыўных пляцовак было прадстаўлена звыш дваццаці праектаў. Па словах дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільчанкі, на Гродзеншчыне дзеці атрымліваюць максімальнае пазашкольнае развіццё, яны ўдзельнікі, лаўрэаты і пераможцы многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Брэнды вольнага часу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.