Вы тут

Адам Кіркор раскапаў каля тысячы курганоў


Імя Адама Кіркора, калі не забытае, дык ладна падзабытае ў гісторыі культуры Беларусі, а зроблена гэтым чалавекам немала. Значны ўнёсак у археалогію, этнаграфію, філалогію, краязнаўства, гісторыю Беларусі. Ён быў і выдаўцом, і архівістам, і мастацтвазнаўцам — словам, таленавітай шматграннай асобай. Толькі вось супрацоўніцтва Кіркора з крывавым рэжымам Мураўёва-вешальніка падарвалі яго маральны аўтарытэт. Але ў сваіх працах ён быў цвёрдым і верным вызначаным прынцыпам і поглядам. Тут яго не маглі збіць з панталыку ідэалагічныя пастулаты. Ён быў сапраўдным патрыётам Беларусі, называючы яе старажытным найменнем Літва, і лічыў сябе літвінам. «Я — літвін, ніколі не знішчыць ува мне гэтага пачуцця. Я люблю сваю радзіму з усім натхненнем юнака, з усім самаадрачэннем мужа».


А радзімай Кіркора была якраз што ні ёсць Белая Русь па тагачасным вызначэнні — двор Слівін Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер Манастырскі раён Смаленскай вобласці Расіі). Тут, у небагатай сям’і шляхты Карла Кіркора і Тэклі з роду Волкавічаў, 5 студзеня 1818 года нарадзіўся Адам. З дзяцінства ён захапіўся кнігамі, што надалей паўплывала і на вучобу (якая адымала час ад чытання), і на жыццёвы выбар — выдаўца. Пасля Кіркор у 1838 годзе становіцца сакратаром канцылярыі Віленскай казённай палаты. Пасада, нібыта і не дрэнная, але казённая, якая не спрыяла яго даследчыцкай натуры, яго жаданню пошукаў і адкрыццяў. Тым больш знаёмства з віленскай, культурнай элітай (братамі Канстанцінам і Яўстахіем Тышкевічамі, гісторыкам Тэадорам Нарбутам, паэтам Уладзіславам Сыракомлем і іншымі), натхнялі яго да творчай працы. Сяброўства з такімі знаўцамі мінулага Беларусі, як Міхаіл Гамаліцкі і Ігнат Кулакоўскі паўплывала на выбар Кіркора, кажучы па-сучаснаму — беларусазнаўства. Кіркора цікавіла амаль усё — гісторыя, культура, мастацтва, археалогія, этнаграфія, вусна-паэтычная творчасць. Хапіла б толькі часу і сіл! З іншага боку, для Кіркора паўстала вечная для творчых асоб праблема — адносіны з уладай. Ён марыў выдаваць свой часопіс, выдаваць кнігі, але ў царскай Расіі гэта было магчыма пры ўмове не колькі лаяльнасці да царызму, а служэнню яму, прычым вернападданства. Кіркор прыняў гэтыя правілы паводзін. Пэўна, кіраваўся ён прынцыпамі: «З паршывай авечкі хоць пасму воўны». Трэба было праявіць дзівоснае майстэрства грамадзянскай эквілібрыстыкі паміж уладай і ліберальным грамадствам, каб быць сваім для кожнага з іх. Здавалася, Кіркору гэта ўдалося. Ён атрымаў дазвол на выданне альманаха «Радэгаст» і надрукаваў там цікавыя матэрыялы, у тым ліку і беларускія. Свае карэктывы ў планы ўнеслі грашовыя праблемы. З-за адсутнасці сродкаў давялося спыніць выхад «Радэгаста». Спробы Кіркора стварыць іншыя выданні як у Вільні, гэтак і ў Адэсе і Пецярбургу, не ўдаліся, нават не дапамог і Фадзей Булгарын, які за яго хадайнічаў у высокіх інстанцыях.

Кіркор не з тых людзей, які апускаў рукі пры няўдачы. Ён рэдагуе выданне Віленскага статыстычнага камітэта «Памятная кніжка Віленскай губерніі», і з карысцю скарыстаўся гэтым, друкуючы свае матэрыялы па гісторыі і статыстыцы не толькі самой губерні, але і ўсяго краю. Больш плённым было выданне польскамоўнага альманаха «Віленскага зборніка», які выходзіў у 1857–1858 гадах. Кола аўтараў было адметным: Антон Адынец (сябра Адама Міцкевіча), Адам Плуг, Вінцэсь Каратынскі, Уладзіслаў Сыракомля, Юзаф Крашэўскі і іншыя «краёвыя» літаратары. У «Зборніку» пабачыў свет грунтоўны нарыс Сыракомлі «Мінск», друкаваліся археалагічныя працы Канстанціна Тышкевіча і шмат іншага годнага матэрыялу па Беларусі. Па-сутнасці, вакол выдання Кіркора склаўся навукова-творчы гурток па вывучэнні гісторыі, культуры, народнага жыцця тагачаснай Беларусі. Выйшла толькі пяць нумароў, і ўлады закрылі «Зборнік», ён аказаўся «шкодным». І гэтым разам Адам Кіркор шукае выйсце і знаходзіць падтрымку багатых мецэнатаў у братоў графаў Тышкевічаў, графа Чапскага, графіні Агінскай. За атрыманыя ад іх сродкі Кіркор разам са сваім кампаньёнам паэтам Антонам Грозай, які апублікаваў «Успаміны» Франца Савіча, набываюць друкарню і дзве кнігарні. Кіркор бярэ ў арэнду афіцыйную газету «Виленский вестник». Вось цяпер можна было і разгарнуцца! Але тут падышлі трывожныя часы, хваляванні ў гарадах, бунты ў вёсках, рэвалюцыйныя заклікі, а пасля выбухнула паўстанне, і Кіркору было ўжо не да асветніцтва. Каб захаваць выданне, ён пайшоў на супрацоўніцтва з царскімі ўладамі, стаў чужым для сваіх былых сяброў. А ён проста стаў заложнікам крывавага Мураўёва, які пахваляўся: «Я трымаю Кіркора, бо ён ведае, што я дваццаць разоў магу яго павесіць». Красамоўныя словы, што сведчаць аб нейкіх «грахах» Кіркора, за якія і можна пакараць смерцю. Магчыма, справа датычылася яго былой жонкі Гелены Маеўскай, якая ў Варшаве здавала кватэру «дыктатару» паўстання Рамуальду Траўгуту. Кіркор мог паддацца на шантаж, каб аблегчыць становішча некалі каханай ім жанчыны. Вось і друкаваў урадавыя пастановы і звесткі, рэдагаваў вернападанніцкі адрас цару ад паноў і шляхты.

Пакараць Кіркора, як здрадніка, мелі намер і паўстанцы. Словам, ён апынуўся паміж агнём і полымем. Зрэшты, ён звальняецца з рэдактарскай пасады «Виленского вестника», каб хоць так пазбегнуць перад самім сабой маральнай адказнасці за «мураўёўскі тэрор». У Вільні ў прыстойных дамах ён стаў чужы. Кіркор у адчаі хоча з’ехаць з Вільні. Ён зноў шукае магчымасць займацца выдавецкай справай, але ўлады іншага меркавання: «...даваць Кіркору права на выданне новай газеты не толькі не пажадана, але з’яўляецца ў вышэйшай ступені вельмі шкодным». Зрэшты, Кіркор у 1867 годзе пераязджае ў Пецярбург і разам з журналістам Юматавым выдае ліберальную газету «Новое время». Тон Кіркора змяніўся, ён піша аб цяжкім становішчы насельніцтва, г. зв. «Северо-Западного края», абараняе народы гэтага краю ад гвалтоўнай русіфікацыі. Вельмі ж колкімі былі словы Кіркора: «Першым чым абрусіць некаторых з іх, патрэбна найперш ачалавечыць». Фраза двухсэнсоўная: каго абрусіць, падняволеныя народы ці саміх абрусіцеляў? Нядзіўна, што на трэці год выдання «Новое время» забаранілі, а Кіркора пачалі пераследваць, пагражаць даўгавой турмой, і ў 1871 годзе вымусілі з’ехаць на жыхарства ў Кракаў. Тут яго даймала самотная настальгія па страчанай радзіме: «...паўсюль мне будзе кепска, апроч Вільні. І забівае думка, што ніколі ўжо не пабачу Літвы». Кіркор хоча па-ранейшаму быць карысным грамадству. Выдае тры нумары альманаха літаратурна-мастацкіх, культуралагічных і эканамічных нарысаў «На сёння», два нумары газеты «Кракаўскі зборнік», а таксама «Нарысы сучаснай рускай літаратуры» (1873 г.), кнігу сваіх лекцый, якія чытаў у Кракаўскім тэхнічна-прамысловым музеі, «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874 г.), «Літоўскія абразкі» (1874 г.), праводзіць археалагічныя вышукі ў Галіцыі і на Падолллі.

Незадоўга да смерці (10 студзеня 1881 года) Адам Кіркор падвёў вынік свайго драматычнага жыцця: «Што было ў маіх сілах і сродках, я зрабіў і магу з чыстым сумленнем прызнацца, што маё жыццё для Літвы (як называў Беларусь. — В. Ч.) не прайшло марна». Сапраўды, так. Адзін пералік навуковых прац Кіркора даволі доўгі, а калі пра кожную з іх сказаць хоць пару слоў, дык гэта зойме не адну старонку. Назавём самыя значныя: дэбютны артыкул «Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі» (1839 г.), «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню (1857–1859 гг.)», «Вандроўкі па Вільні» (1856 г.). Асобная гаворка і пра археалагічныя вышукі Кіркора (а гэта каля тысячы курганоў), яго ўдзел у стварэнні Віленскага музея братоў Тышкевічаў і працу ў ім захавальнікам. квінтэсенцыяй навуковай дзейнасці, багатых ведаў па гісторыі і культуры Беларусі Кіркора сталі яго 17 нарысаў (з 21-га) у трэцім томе «Живописной России», якая выйшла ў Санкт-Пецярбургу ў 1882 годзе. У гэтым выданні талент Кіркора праявіўся ва ўсёй красе. З любоўю да сваёй Радзімы і з глыбокай пашанай да народа і народнай культуры расказвае Кіркор аб Літве-Беларусі. Гэта было сапраўднае адкрыццё невядомага краю для рускага чытача!

Частка прац Кіркора засталася не надрукаванай у архівах, не ўсё, што хацелася, ён сказаў. Толькі верыў, што новае пакаленне пойдзе па новых шляхах і будзе працаваць на карысць Радзімы. А ён быў толькі на пачатку гэтага шляху, доўгага шляху да Беларусі!

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.