Вы тут

Згодна з фактамі


Архівісты дзвюх краін і раней плённа супрацоўнічалі, але за апошні час штуршкоў для новых сумесных даследаванняў стала яшчэ больш. У верасні ў Магілёве адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі. «Магілёўшчына, як памежжа з Расіяй, актыўна ўзаемадзейнічала са сваім блізкім суседам у розныя эпохі, — адзначыў падчас сустрэчы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — А зараз, калі працэс фарміравання асноў Саюзнай дзяржавы паскорыўся, сувязі павінны стаць яшчэ больш трывалымі».


Ёсць меркаванне, што гісторыя — гэта палітыка, што яе нават перапісваюць пад сябе. Але дакументы — рэч надзейная. Архіўныя крыніцы ў гэтым сэнсе — сапраўдны Кландайк. За апошнія 10 гадоў сумеснымі намаганнямі беларускіх і расійскіх архівістаў выдадзена парадку 25 зборнікаў, у тым ліку за кошт сродкаў Расійскай Федэрацыі. І гэта не нейкая там навукова-папулярная інфармацыя, а цалкам пацверджаная дакументальнымі крыніцамі. Сёння больш увагі ўдзяляецца перыяду Вялікай Айчыннай вайны, бо ў свеце робіцца спроба сказіць гісторыю і прыменшыць маштабы трагедыі.

— У адным з праектаў мы ўпершыню паказваем сюжэты 17 верасня 1939 года, усё, што папярэднічала 22 чэрвеню 1941-га, — звяртае ўвагу кіраўнік Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі Андрэй Артызаў. — Дакументы нашых беларускіх калег таксама размяшчаюцца на партале Прэзідэнцкай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, дзе тысячы ўнікальных наведвальнікаў. З тэмай вайны звязаны і праект «Без тэрміну даўніны». У Расіі выйшлі два вялікія федэральныя тамы і яшчэ 23 па кожным рэгіёне, якія былі пад акупацыяй.

— Калі расіяне сталі рыхтаваць гэтыя зборнікі, прапанавалі нам далучыцца, — дадае дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш. — І мы выдалі тры зборнікі дакументаў па Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях, дзе паказаныя ўсе тыя злачынствы, што адбываліся на гэтых землях падчас акупацыі. Тэрытарыяльна тады межы былі крыху іншыя.

Падчас сустрэчы архівістаў адбылася прэзентацыя гэтых зборнікаў дакументаў. Кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» і аўтар шматлікіх дакументальных кніг пра вайну Мікалай Барысенка высока ацаніў такое супрацоўніцтва.

— Любая сустрэча архівістаў — гэта крок насустрач, — лічыць ён. — Абмен фондамі, інфармаванне пра тое, што захоўваецца ў архівах, — найважнейшы складнік для любога даследчыка. Я праглядзеў кнігу «Без тэрміну даўніны» па Магілёўскай вобласці і вельмі ўражаны. Яе каштоўнасць у тым, што тут упершыню сабраныя разам першакрыніцы па генацыдзе, знішчэнні нашых грамадзян. Не трэба вывучаць дзясяткі іншых выданняў. Важна, што тут лічбы рэальныя, не скажоныя, складзеныя на аснове фактаў надзвычайных камісій па даследаванні страты, якую нанеслі фашысты падчас вайны. Гэта акты 1944 года, а не 1960-х, якімі мы ў асноўным карысталіся. Асабіста для нас было адкрыццём даведацца, што захаваліся спісы ахвяр Лупалаўскага лагера смерці, які знаходзіўся ў Магілёве. І гэта бясцэнная інфармацыя, бо мы лічылі, што яна страчаная. Вопытны пошукавік шмат гадоў працуе ў расійскіх архівах, ведае, наколькі карысная і важная там для беларусаў інфармацыя. Апошнім часам стала яшчэ больш дакументаў, з якіх зняты грыф сакрэтнасці. Адзіная праблема — копіі дакументаў каштуюць вельмі дорага.

Магілёўскія музейшчыкі таксама зацікаўлены ў атрыманні копій дакументаў, якія датычацца перыяду Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Расійскай арміяй у Магілёве. І праблема зноў-такі ў грошах. На сустрэчы архівістаў яны звярнуліся да расіян з просьбай дапамагчы. Абяцалі разгледзець пытанне, але ж не хавалі, што таксама заклапочаны ў пошуках сродкаў. Дарэчы, адна з тэм, якую беларусы з расіянамі абмеркавалі на калегіі, менавіта пазабюджэтная дзейнасць. Яна павялічваецца, але ўсё ж такі асноўныя сродкі на захаванне дакументаў паступаюць з бюджэту.

У сумесныя планы архівістаў уваходзіць стварэнне і развіццё навукова-даведачнага апарату, які б дазволіў удасканаліць існуючую сістэму і зрабіць яе больш даступнай. Гэтую тэму прадстаўнікі навукова-даследчых інстытутаў і буйных архіваў Беларусі і Расіі абмеркавалі падчас пасяджэння круглага стала. У выніку аднаго з найбольш удалых беларускіх праектаў быў створаны ўнікальны сайт partіzany.by пра подзвігі і лёс партызанаў. Удзельнікі сустрэчы змаглі таксама азнаёміцца з аднайменнай інтэрактыўнай выстаўкай — алічбаванымі дакументамі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і электроннымі карткамі, якія складзены на іх аснове. На партале з аднайменнай назвай болей чым 190 тысяч персанальных даных партызан. Выстаўка са змяненнямі экспануецца ўжо некалькі гадоў. «Яна пабывала нават за мяжой, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк. — У Падмаскоўі на конкурсе яна заняла трэцяе месца. Зараз мы яе паказваем ва ўстановах адукацыі.

Да 7 кастрычніка выстаўка будзе знаходзіцца ў МДУ імя А. А. Куляшова, затым перамесціцца спачатку ў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, затым — у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій, а адтуль — у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.

У найбліжэйшыя планы расійскіх архівістаў уваходзіць выданне, прысвечанае 75-годдзю Нюрнбергскага працэсу. Яны запрасілі беларускіх калег далучыцца да справы.

— І мы абавязкова дапаможам дакументамі, — запэўніў Віктар Кураш. — Наогул, у нас вельмі багаты фонд, ён складае 13 285 тысяч адзінак захавання. Калі палічкі перавесці ў кіламетры, атрымаецца 214 кіламетраў — прыблізна як ад Мінска да Магілёва. Мы зацікаўленыя ў тым, каб як мага болей данесці праўдзівай інфармацыі да беларускага і расійскага насельніцтва.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта mogіlevnews.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.