Вы тут

Калі заробак «у канверце», вы заўсёды ў мінусе


Дзякуючы сацыяльнай рэкламе ўсе ведаюць: сёння атрымліваеш заробак «у канверце», заўтра не далічышся пенсіі. Хтосьці скажа: калі яшчэ прыйдзе тое заўтра. Але ёсць нямала прыкладаў, калі «шэрыя» даходы добра псуюць жыццё задоўга да выхаду на пенсію. Чым рызыкуе чалавек, пагадзіўшыся атрымліваць зарплату «ў канверце», наколькі распаўсюджаная гэта з'ява, распавёў Юрый РЭБКАВЕЦ, першы намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення ФСАН.


— Наколькі сёння заробкі «ў канвертах» — распаўсюджаная з'ява?

— Цяжка адказаць адназначна. Да таго ж у нас няма такой статыстыкі. Магу зыходзіць толькі з вопыту зносін з людзьмі, якія да нас звяртаюцца. Дык вось, тыя, хто цяпер афармляе пенсію, сутыкаюцца з такой праблемай, што за 90-я гады мінулага стагоддзя не могуць пацвердзіць памер заробку, бо ні на руках, ні ў архівах няма ніякіх дакументаў. Таму калі параўноўваць маштабы «шэрых» заробкаў тады і цяпер, то ў наш час іх, вядома, менш. Але за кожным фактам — чалавек, яго дабрабыт.

Цяпер заробак «у канверце» ў чыстым выглядзе сустракаецца радзей, больш распаўсюджаная камбінаваная форма, то-бок афіцыйна выплачваецца мінімальны, устаноўлены з 1 студзеня ў памеры 400 рублёў, астатняе — у так званым канверце.

— Хто ўваходзіць у групу рызыкі па атрыманні такіх гібрыдных заробкаў?

— У прынцыпе, любы чалавек, які пагадзіўся на такія ўмовы. Адзначыў бы маладых людзей, якія хочуць добра зарабляць цяпер, а пра пенсію яшчэ не думаюць. Больш за ўсё рызыкуюць маладыя жанчыны. Нагадаю, што аплата дэкрэтнага водпуску, а ён доўжыцца 120-146 дзён, ажыццяўляецца са сродкаў нашага фонду, як і выплата дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Сума «дэкрэтных» разлічваецца зыходзячы з сярэдняга дзённага заробку за апошнія 6 месяцаў. Пагадзіцеся, што ёсць розніца: 17 рублёў на дзень пры мінімальнай зарплаце або 37 рублёў пры рэальнай зарплаце ў 900 рублёў. Памнажаем 17 на 120, атрымліваем 2040, а пры «белай», рэальнай зарплаце сума склала б 4440 рублёў.

Рызыкуе любы чалавек, які працуе. Перш за ўсё, аплата бальнічнага, водпуску. А калі вытворчая траўма? У такіх выпадках на бальнічным можна правесці некалькі месяцаў, а то і інваліднасць атрымаць. І пры разліку пенсіі па інваліднасці таксама будзе ўлічвацца афіцыйны заробак. Калі наймальнік эканоміць на падатках, выплатах у ФСАН, то няўжо ён будзе добраахвотна даплачваць работніку са сваіх сродкаў у выпадку бальнічнага або доўгія гады дапамагаць чалавеку, які атрымаў траўму на вытворчасці?

Дадам, што калі заробак у чалавека на 100 % у канверце, то ён не можа разлічваць на атрыманне нават невялікага спажывецкага крэдыту, растэрміноўкі. Пры, так бы мовіць, камбінаванай зарплаце, зноў жа, банкам будзе ўлічвацца толькі афіцыйная сума.

— Да каго звычайна звяртаюцца людзі, калі ўзнікла канфліктная сітуацыя з наймальнікам пры аплаце таго ж бальнічнага?

— Да нас, у інспекцыю працы. Але мы можам дапамагчы грамадзяніну толькі ў рамках ягонага афіцыйнага заробку. Таксама па фактах выплаты зарплаты «ў канвертах» грамадзяне могуць звяртацца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

— Юрый Іванавіч, але кожны хоча жыць лепш ужо сёння. І калі чалавек аказваецца перад выбарам: афіцыйны заробак у 500 рублёў і мікс «белага» і «шэрага» ў 800, то відавочна, што ён абярэ.

— Вось гэта і дрэнна. Такія прапановы захоўваюцца ў тым ліку і таму, што людзі на іх згаджаюцца. Кожны работнік пры прыёме на работу павінен атрымаць на рукі дагавор або кантракт, у якім выразна прапісаныя правы і абавязкі абодвух бакоў. І толькі тое, што напісана на паперы і змацавана подпісамі, будзе разглядацца ў любой інстанцыі. Таму заклікаю падумаць пра тое, што імгненная выгада рана ці позна ператворыцца ў праблемы і страты.

Не лішне нагадаць, што для наймальнікаў з чэрвеня гэтага года прадугледжана ўзмацненне адказнасці, аж да крымінальнай за выплату заробку «ў канверце». Што датычыцца работнікаў, то пры ўмове, што яны даюць паказанні як сведкі ў дачыненні да фактаў выплаты «шэрага» або «чорнага» заробку, з названых імі сум не будзе прад'яўляцца да выплаты падаходны падатак. Пры гэтым усе сацыяльныя гарантыі работніку могуць быць адноўленыя за перыяд атрымання няўлічаных грошай, пры ўмове кампенсацыі наймальнікам нявыплачаных сум страхавых узносаў у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Не чакайце, пакуль шэрае стане белым

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.