Вы тут

Як і навошта алічбоўваць кнігі і старыя газеты


Мы няўмольна набліжаемся да новага ўзроўню спажывання ведаў. Бібліятэкі, музеі, архівы свету актыўна алічбоўваюць свае фонды. Паўстала і перад Беларуссю задача стварэння ўласнай электроннай бібліятэкі, і спрычыніцца да гэтай справы мусяць вядучыя кніжныя скарбніцы — нацыянальная і абласныя бібліятэкі.


Перад аблічбаваннем некаторыя газеты трапляюць на рэстаўрацыю.

Стварэнне электронных копій дазваляе не толькі пашырыць доступ да інфармацыйных крыніц, але і захоўваць рэдкія дакументы ці папяровыя носьбіты, якія пад уздзеяннем часу рызыкуюць разбурацца. Напрыклад, такі лёс можа чакаць газеты, што выходзілі ў мінулым стагоддзі. Іх выдаўцы не ставілі перад сабой задачы, каб перыёдыка служыла працяглы час, шырока выкарыстоўвалася танная папера. Яна жаўцее, становіцца крохкай, рассыпаецца, губляюцца тэксты. І таму сёння ва ўсім свеце ўдзяляецца асаблівая ўвага алічбоўцы менавіта рэтраспектыўных газет.

Вядзецца такая работа і ў Беларусі. Задачы, якія стаяць сёння перад бібліятэкамі, абмяркоўваліся падчас круглага стала «Стварэнне калекцый у лічбавым выглядзе як спосаб захавання папяровых нацыянальных дакументаў», што прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы.

Місія — захаваць мінулае

Як паведаміла загадчык аддзела захоўвання спецыялізаваных фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Юлія Цвердахлебава, газетны фонд галоўнай кніжнай скарбніцы Беларусі прадстаўлены выданнямі з канца XVІІІ стагоддзя і ўключае газеты дарэвалюцыйнага, міжваеннага, ваеннага і пасляваеннага перыядаў, дакументы краін постсавецкай прасторы, а таксама сучасныя крыніцы. Аб'ём газетнага фонду — больш за 50 тысяч гадавых камплектаў на 25 мовах свету.

Асабліва каштоўнай часткай з'яўляецца калекцыя нацыянальных газет, якія з'яўляюцца неад'емным гісторыка-культурнай складальнікам спадчыны нашага народа. Гэта каля 66 працэнтаў ад агульнага газетнага фонду. Сюды ўваходзяць у тым ліку газеты ўжо зліквідаваных абласцей і раёнаў.

Але гэта яшчэ не ўся газетная спадчына. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі не хапае як асобных нумароў пэўных выданняў, так і наогул падшывак некаторых газет. Прычын таму некалькі. Калекцыя пачала стварацца ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны многае было страчана. У пасляваенныя гады не хапала памяшканняў для захавання фондаў, якія пастаянна павялічваліся, і забеспячэння ў іх неабходнага светлавога, вільготнаснага і санітарна-гігіенічных рэжымаў.

Сёння бібліятэка прыкладае шмат намаганняў, каб папоўніць фонды, актыўна ўзаемадзейнічае з архівамі краіны, у якіх таксама захоўваюцца перыядычныя выданні. Такая праца дазволіць зрабіць гэтыя крыніцы больш даступнымі для даследчыкаў, бо ў архівах, напрыклад, праз электронныя пошукавыя сістэмы не заўсёды можна знайсці звесткі пра канкрэтныя нумары газет. Да таго ж важна сабраць па максімуме крыніц на адным электронным рэсурсе. Таму разгорнута шырокая праца па пошуку ў фондах архіваў краіны газет, якіх не мае Нацыянальная бібліятэка. Напрыклад, толькі ў дзяржархіве Брэсцкай вобласці, які ўключае газеты, што выдаваліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1919—1939), часоў нямецка-фашысцкай акупацыі, а таксама пасляваенную перыёдыку, было выяўлена 125 найменняў (больш за 3800 экзэмпляраў).

Падшыўкі Нацыянальнай бібліятэкі, у якіх не хапае пэўных нумароў, могуць папаўняцца электроннымі аналагамі.

У будучыні плануецца зрабіць доступ да лічбавых копій у тым ліку ў аддаленым рэжыме.

Шмат робіцца для папулярызацыі такой шыкоўнай крыніцы гісторыі, як перыёдыка. Напрыклад, сумесна з Нацыянальным архівам РБ бібліятэка падрыхтавала электроннае выданне «Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках газет 1917—1922 гадоў».

Толькі віртуальнай рэканструкцыяй газет справа не абмяжоўваецца, супрацоўнікі бібліятэкі прыкладаюць намаганні для таго, каб захаваць арыгіналы. Перад тым як алічбаваць пэўныя нумары газет, ацэньваецца іх стан, і пры неабходнасці газеты трапляюць да рэстаўратара. Калі не прыбраць заломы, не разгарнуць памятыя газеты, не замацаваць фрагменты, якія выпадаюць, не атрымаецца якасная лічбавая копія, і даследчыкі, што шукаюць звесткі пра мінулае, не даатрымаюць важнай інфармацыі. А менавіта старыя газеты — вельмі запатрабаваная крыніца ў краязнаўцаў, гісторыкаў, этнографаў.

Адзіная база

Стварэнне нацыянальнай электроннай бібліятэкі — адзін з пунктаў стратэгіі ўстойлівага развіцця. Задача алічбоўкі фондаў бібліятэк і музеяў уключана ў праграму «Культура Беларусі» на 2021—2025 гады. Вызначаны паказальнік для Нацбібліятэкі па папаўненні фонду дакументаў у электронным выглядзе: да канца 2025-га аб'ём дакументаў павінен складаць 18 мільёнаў старонак. На сёння мы маем больш за 600 тысяч дакументаў у складзе электроннай бібліятэкі (гэта каля 13,6 млн старонак).

Натуральна, алічбаваць увесь нацыянальны фонд толькі сіламі адной бібліятэкі проста нерэальна, таму развіццё і супрацоўніцтва бібліятэк сёння з'яўляецца ключавой задачай. Паступова вырашаецца праблема з забеспячэннем бібліятэк сканавальным абсталяваннем. Ёсць і яшчэ адна задача, якую трэба вырашаць, — стварэнне айці-структуры для захавання электронных дакументаў і забеспячэння доступу да іх у карыстальнікаў.

У 2003 годзе Нацыянальная бібліятэка прыступіла да алічбавання сваіх фондаў. У першую чаргу ствараюцца віртуальныя копіі найбольш рэдкіх выданняў, рукапісаў, старадрукаў, крыніц, якія знаходзяцца ў дрэнным фізічным стане. Для зручнасці карыстальніка ствараюцца тэматычныя калекцыі. Асаблівая ўвага — дакументам гістарычнага зместу. Сярод іх — крыніцы па гісторыі Беларусі канца XVІІІ — пачатку ХХ стагоддзя, што ўтрымліваюць рэдкія выданні, такія як акты і памятныя кніжкі губерняў Расійскай імперыі. Адной з самых вялікіх з'яўляецца калекцыя «Кніга канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя»: нарысы вядомых тагачасных краязнаўцаў, творы беларускіх пісьменнікаў, кнігі савецкага перыяду, якія адлюстроўваюць гісторыю зараджэння Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Створаны электронныя рэсурсы па перыядычных выданнях Беларусі другой паловы ХVІІІ стагоддзя — 1917 года, работа над якімі пачалася ў 2008 годзе. На сёння прадстаўлена 177 найменняў перыядычных выданняў. Асаблівую значнасць у гэтай калекцыі ўяўляюць «Губернскія ведамасці», якія выходзілі з 1838 да 1917 года, і «Епархіяльныя ведамасці». Гэтыя выданні ўтрымліваюць урадавыя пастановы, загады, распараджэнні сінода, царкоўную хроніку, агляд літаратуры, звесткі пра фальклор і этнаграфію.

Вартыя ўвагі і першыя беларускія газеты — «Наша ніва» і «Наша доля». Прычым работа па выяўленні крыніц працягваецца дзякуючы супрацоўніцтву з архівамі і бібліятэкамі краіны.

Сёння створаны і віртуальны праект, скіраваны на папулярызацыю кніжнай спадчыны Беларусі, яе гісторыі і культуры. Рэсурс «Культура і мастацтва. Электронная калекцыя Нацыянальнай бібліятэкі» ўтрымлівае бібліяграфічныя запісы на кнігі, артыкулы са зборнікаў, часопісаў і газет па пытаннях культуры і мастацтва Беларусі, брашуры, навуковыя зборнікі, дысертацыі.

Яшчэ адна калекцыя «Мода і час» прадстаўлена каля 600 выданнямі на розных мовах. Гэта кнігі, артыкулы, ілюстраваныя часопісы аб модзе і больш за 400 мастацкіх дакументаў: малюнкі і фатаграфіі адлюстроўваюць тэндэнцыі моды ў розных краінах свету з cярэдзіны XVІ да сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Пачалася работа па стварэнні электроннай калекцыі «Майстры беларускай культуры». Ужо ёсць паўнатэкставыя рэсурсы, прысвечаныя Яўгену Глебаву і Уладзіміру Алоўнікаву.

Адна з самых вялікіх віртуальных калекцый складаецца з лічбавых копій часопісаў 1919—1939 гадоў. Гэта 270 найменняў перыядычных выданняў, што выходзілі на тэрыторыі БССР і Заходняй Беларусі. Яны ўтрымліваюць звесткі аб грамадска-палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны.

Гэтыя і іншыя рэсурсы стануць асновай нацыянальнай электроннай бібліятэкі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Спадчына пераходзіць у лічбу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.