Вы тут

Шлях узнёслай душы


Мастак Аркадзь Астаповіч пражыў кароткае, але напоўненае творчасцю жыццё. Пра яго вядома не вельмі шмат — хіба толькі тое, што расказала за сваё амаль векавое жыццё сястра, таксама мастачка Зінаіда Астаповіч-Бачарова. А між тым работы майстра ўваходзяць у залаты фонд беларускай графікі 1920—1930-х гадоў. Нядаўна асноўны захавальнік спадчыны Аркадзя Астаповіча Нацыянальны мастацкі музей Беларусі адкрыў выстаўку да 125-годдзя з дня нараджэння мастака, дзе прадставіў як эталонныя работы, так і графічныя аркушы, якія экспануюцца рэдка. Сёння ў калекцыі гэтай скарбніцы знаходзіцца больш як 200 твораў аўтара міжваеннага перыяду.


Аўтапартрэт, 1940 г.

Аркадзь Астаповіч нарадзіўся ў Мінску ў 1896 годзе. Бацька, калежскі сакратар, а пазней тытулярны саветнік, Антон Астаповіч выкладаў у гарадскім чатырохкласным вучылішчы. Ад гэтага перыяду захавалася фатаграфія маленькіх Аркадзя і Зіны, зробленая на Захар’еўскай вуліцы (сёння праспект Незалежнасці).

У 1900 годзе Астаповічы пакінулі Мінск (Аркадзь вернецца ў 1929-м) і да пачатку Першай сусветнай вайны жылі спачатку ў Рэчыцы, а пазней у Гродне, куды Антон Астаповіч пераехаў, каб даць дзецям прыстойную гімназічную адукацыю. Гродзенскі перыяд стаў адным з самых спрыяльных у жыцці Аркадзя і Зінаіды. Менавіта тут яны пачалі маляваць. Вядома, што да таго часу ў родзе Астаповічаў не было прафесійных мастакоў.

Аркадзь усе школьныя гады лічыўся найлепшым вучнем і ў 1914-м скончыў гродзенскую гімназію з залатым медалём. У гэтым жа годзе, пасля смерці бацькі, сям’я Астаповічаў пераязджае ў Пецярбург (Петраград), дзе юныя брат і сястра ў 1915-м паступаюць у Малявальную школу пры Імператарскім таварыстве заахвочвання мастацтваў і вучацца ў адных і тых жа настаўнікаў — Івана Білібіна, Паўла Навумава, Альфрэда Эберлінга… Да таго ж Аркадзь Астаповіч атрымлівае адукацыю ў Політэхнічным інстытуце на караблебудаўнічым аддзяленні.

Натуральна, у гэтыя гады іх надзвычай прываблівалі музеі і галерэі.  «Асабліва прыцягвалі выстаўкі “Свету мастацтва”. Там выстаўляліся вельмі цікавыя мастакі: Мітрохін, Лансэрэ, Білібін, Нарбут, Сомаў, Кустодзіеў, Астравумава-Лебедзева, — успамінала Зінаіда Астаповіч-Бачарова. — Брат быў вельмі эрудзіраваным і ў галіне выяўленчага мастацтва, і ў галіне музыкі, літаратуры, паэзіі. З ім было цікава, зносіны з ім узбагачалі. З мастакоў любіў Левітана, шматлікіх з пералічаных мною вышэй графікаў і, вядома, вельмі шматлікіх іншых і старых, і новых майстроў…» Пасля 1916 года шляхі Аркадзя і Зінаіды перасякаліся толькі часам: у Навасёлках пад Мінскам, у Маскве і Ленінградзе.

Фрагмент экспазіцыі.

У гады Першай сусветнай вайны ён служыў у сапёрным батальёне. З 1918 да 1922-га праходзіў службу ў Чырвонай арміі, а ў 1920—1922 гадах займаўся ў малявальнай школе ў Харкаве. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму бацькі ў Мінскую губерню, дзе ўзяў шлюб са стрыечнай сястрой, вясковай настаўніцай Нінай Якубовіч. З пункту гледжання большасці даследчыкаў творчасці Аркадзя Астаповіча і на думку яго сястры, час знаходжання Аркадзя Астаповіча ў Навасёлках (а гэта перыяд да 1929 года) з’яўляецца самым плённым. Тут ён пачаў займацца лінагравюрай, перапрацоўваў раней назапашаны матэрыял, рабіў натурныя замалёўкі. Большасць работ — прысвячэнне беларускай вёсцы, асноўны жанр — пейзаж. Выстаўляўся на першых усебеларускіх выстаўках. І ўсе гэтыя гады ў вёсцы, а пазней і ў горадзе працаваў настаўнікам матэматыкі, чарчэння і малявання. Школа ў Навасёлках існуе дагэтуль, але ад той захаваўся толькі падмурак. Стары будынак і дом Астаповічаў побач з ёю згарэлі ў час вайны.

У 1929 годзе Аркадзь Астаповіч вярнуўся ў Мінск і настаўнічаў. Супрацоўнічаў з беларускімі выданнямі, ілюстраваў дзіцячы часопіс «Іскры Ільіча» (1940) і мастацкую літаратуру (напрыклад, твор «Рабінзон Круза» Д. Дэфо, 1937). У 1938 годзе творцу і педагога арыштавалі па даносе. Чатыры месяцы ён правёў у магілёўскай турме, але быў вызвалены пасля ліквідацыі «яжоўшчыны». І ўсё ж лёс не пашкадаваў мастака.

Жыццё Аркадзя абарвалася пад Арлом у першыя месяцы вайны, на якую ён пайшоў добраахвотнікам.

У лістападзе 1941 года Зінаіда Антонаўна атрымала пахавальную, дзе скупа паведамлялася: «Ваш брат ст. лейтэнант Астаповіч Аркадзь Антонавіч загінуў смерцю храбрых у в. Рухава-Будзі». Месца пахавання дагэтуль невядома.

Імя Аркадзя Астаповіча пры жыцці было знаёма толькі вузкаму колу мастакоў. У пэўнай ступені прычынай таму маглі стаць уласцівасці характару творцы. Па ўспамінах сястры, гэта быў замкнёны і сціплы чалавек, надзвычай патрабавальны да сябе і сваёй працы.

Фрагмент экспазіцыі.

Ён падтрымліваў сяброўскія адносіны з Анатолем Тычынам, Мікалаем Дучыцам, быў знаёмы з Заірам Азгурам. Але, як меркавала сястра Зоя Антонаўна, ніхто з беларускіх мастакоў, якія ведалі яго асабіста, не меў уяўлення пра дыяпазон яго творчасці.

Не быў папулярны ў эпоху сацрэалізму і лірычны пейзаж — любімы жанр Аркадзя Астаповіча. Гэта якраз вялікая частка выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Упор на кантраст, шматграннасць суіснавання чорнага i белага — тое, што адразу кідаецца ў вочы. Асаблівая тэма для мастака — зімовыя краявіды: «Зімовы дзень» (1921), «Зімовы пейзаж» (1927), «Зіма» (1927), «Вёска зімой» (1928), «З дровамі» (1929)… Шэры, белы, чорны колеры — найлепшыя для мастака-графіка — дазволілі майстру і перадаць стан прыроды зімой, і практыкавацца ў варыяцыях манахромнасці.

Даследчыкі падзяляюць творчы шлях Аркадзя Астаповіча на чатыры перыяды: пецярбургскі, «светамастацкі» (1914—1916); армейскі (1917—1922); навасёлкаўскі, перыяд творчага ўзлёту (1923—1929); мінскі (1930—1941). Як адзначаюць стваральнікі выстаўкі, экспазіцыя пабудавана так, каб глядач убачыў увесь шлях тонкай і ўзнёслай душы мастака, якая вырывалася за межы вуглоў і простых ліній.

Ледзь не ў кожнай рабоце першых перыядаў счытваецца імкненне да ўзнёсласці — цішыні, спакою, прыгажосці. Знарок стваральнікі экспазіцыі вылучылі зусім маленькую па памеры работу пад назвай «Маладзік» (1923). Тут аўтар працаваў у тэхніках акварэлі і аплікацыі, што дазволіла адлюстраваць і цемру ночы, і святло маладзіка, і колер начнога неба. Гэты ідэалізаваны лаканічны пейзаж мог стварыць толькі чалавек, які яшчэ не звык да хараства жыцця, аддаленага ад мітуслівага горада. Сапраўды, знаходжанне ў вёсцы не магло не паўплываць на мастака: трапіўшы ў Навасёлкі, ён апынуўся ў незнаёмым яму асяроддзі, бо быў прыроджаны гараджанін, хоць, па меркаванні мастацтвазнаўцаў, з крыху змрочным успрыманнем горада.

Між тым на прыродзе ён працягнуў гарадскую серыю «Заводаў» (напрыклад, «Заводскія карпусы», 1926), дзе выкарыстоўваў метад аплікацыі, да якога звяртаўся і пазней. І ўжо ў гэты перыяд відазмяніўся яго погляд на вёску. На некаторых выявах можна ўбачыць прыкметы часу, якія на фоне традыцыйнай вёскі выглядалі, мякка кажучы, незвычайна, хоць аўтару ўдалося стварыць гарманічыя карцінкі. Гаворка тут, напрыклад, пра твор  «Трактар» (канец 1920-х). З пераездам у Мінск Аркадзю Астаповічу давялося лічыцца з палітычным станам у краіне: відавочная змена стылю… «Калгас “Авангард”. Качагаркі» (1930-я) ды «Каля заводскай ваколіцы» (1936), натуральна, вельмі адрозніваюцца ад серыі «Заводаў». У рэшце рэшт зусім незвычайна ў творчасці мастака выглядаюць работы з назвамі «Дзе крызіс не адчуваецца» (1932) і «Работа вучнёўскай брыгады ў калгасе» (1930-я). Аднак такія творы, як, напрыклад, «Начная дарога» (1928), і тады, і сёння здольны схіліць да глыбокіх разважанняў пра час, людзей і лёс творцы.

— У пачатку 1930-х гадоў яго вобразна-выразная сістэма са спрашчэннем форм да сімвала-знака, у якім заключалася філасофскае выяўленне і рэальнага, і ідэальнага, не магла мірна існаваць у рамках ідэалагізаванага «пралетарскага рэалізму», — лічыць куратар выстаўкі, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX—XXI стст. Дзмітрый Салодкі. — Астаповіч паспрабаваў працаваць у згодзе з новымі мастацкімі прынцыпамі, але дасягнуць якіх-небудзь вышынь у чужой яго натуры мастацкай сістэме так і не ўдалося.

Першая персанальная выстаўка Аркадзя Астаповіча адбылася ў 1960 годзе, праз амаль 20 гадоў пасля яго смерці. Пазней з’явіліся кнігі, у якіх быў дадзены аналіз творчасці. Вартасці мастака не засталіся па-за ўвагай даследчыкаў. Між тым некалькі гадоў таму ў выдавецтве «Беларусь» у серыі «Славутыя мастакі з Беларусі» пабачыў свет альбом «Аркадзь Астаповіч». Аўтар тэксту і складальнік — мастацтвазнаўца Надзея Усава. Добра гэта ці не, але выданне яшчэ ёсць у кнігарнях. А на выстаўку ў Мастацкім, дарэчы, цудоўна аформленую, зазірнуць можна толькі на працягу месяца: праект будзе працаваць да 19 снежня.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.