Вы тут

Як падрыхтаваны да зімы беларускія дарогі?


Айчынныя дарожнікі перайшлі на зімовы рэжым работы яшчэ з 15 кастрычніка. У краіне арганізаваны кругласутачныя дзяжурствы людзей і тэхнікі, а пры надзвычайных выпадках (моцных снегападах, завірухах, галалёдзіцы) ім гатовы дапамагчы іншыя спецыялісты. Як падрыхтаваны да зімы беларускія дарогі, расказалі эксперты.


Фота: pixabay.com

Чысціць, пасыпаць, утылізаваць

У сталіцы нарыхтавана 110 тысяч тон супрацьгалалёдных матэрыялаў: 47 тон солі і 51,5 тысячы тон хіміка-фракцыйных матэрыялаў (сумесі солі і пяску), падрыхтваны скрыні для пяску. Для пасыпкі мінскіх дарог выкарыстоўваецца галіт маркі А — гэта чыстая тэхнічная соль, а ў хіміка-фракцыйныя матэрыялы дадаецца яшчэ пясок, і больш ніякіх шкодных для абутку дадаткаў, паведаміў Уладзімір Латушкін, намеснік генеральнага дырэктара «Гаррамаўтадар» Мінгарвыканкама:

— Да работы на мінскіх вуліцах гатовы 760 адзінак камунальнай снегаўборачнай тэхнікі на базе самазвалаў і МТЗ, снегапагрузчыкі і іншае. Сёлета абноўлены парк на 40 адзінак: самазвалы, камбінаваныя дарожныя машыны, трактары. Штодня на прыбіранні задзейнічана да 800 прыбіральшчыкаў тэрыторыі. Мы стараемся аснашчаць машыны абсталяваннем, каб яны маглі працаваць і летам, і ўзімку. Налета, дарэчы, запланавана вялікая работа па поўнай замене дарожнага пакрыцця ў дварах сталіцы.

Спецыфіка прыбірання гарадскіх дарог у тым, што па вуліцах рухаецца спачатку калона машын, якая ачышчае дарогу ад снегу (спераду ў яе адвал, а знізу — шчотка). Пры гэтым хуткасць тэхнікі 25—30 кіламетраў у гадзіну. А ўжо пасля яе працуюць машыны, якія пасыпаюць чыстую паверхню супрацьгалалёднымі матэрыяламі, падкрэсліў спецыяліст:

— У межах мінскіх праспектаў шмат тэрыторый, догляд якіх замацаваны за суб'ектамі гаспадарання, паколькі ў многіх з іх маюцца на вуліцы свае вынасныя элементы. Тратуары прыбіраем мы, а прылеглую тэрыторыю — яны. Аднак здараецца, што яны снег са сваёй тэрыторыі проста выкідаюць на дарогу, а адказваць пасля за здарэнне прыходзіцца дарожнікам.

У Мінску шмат часу і сродкаў выдаткоўваецца на ўтылізацыю снегу. У сталіцы арганізавана дзевяць пляцовак складзіравання снегу і спецыяльны пункт, які прымае да пяці тысяч м3 снегу штосутачна. Пры надзвычайных сітуацый будзе дзейнічаць план «Пурга», а па ўсіх дарожных пытаннях можна звяртацца ў дыспетчарскую гарадскую службу Мінска — 80447656086.


23 філіялы на 16 тысяч кіламетраў

Прадпрыемства «Мінскаблдарбуд» абслугоўвае 16,2 тысячы кіламетраў дарог сталічнай вобласці, з якіх 8,5 тысячы — асфальтабетонныя, 5,7 — гравійныя і дзве тысячы — грунтавыя. Штогод каля 300 гравійных кіламетраў дарог, дарэчы, «апранаюцца» ў асфальтабетон.

Да пачатку сезона дарожнікі зрабілі ямкавы рамонт і выканалі работы па прафіляванні гравійных дарог. А для рамонту «зімовых ям» маецца спецыяльная аргана-мінеральная сумесь — так званы халодны асфальтабетон, расказаў Валянцін ВОЎЧАНКА, начальнік аддзела ўтрымання дарожнай сеткі і бяспекі руху Мінскаблдарбуд:

— Робіць бяспечны праезд па дарогах 620 адзінак спецыяльнай тэхнікі, якая знаходзіцца ў баявой гатоўнасці. Гэта 160 пескаструменнаразмеркавальнікаў, 217 трактароў-бульдозераў, 107 аўтагрэйдараў і 142 пагрузчыкі. Вядома, што тэхніка не можа быць адначасова на ўсіх 16 тысячах кіламетраў дарог. Таму пры надзвычайных сітуацыях па дагаворах гатовы дапамагчы тэхнікай іншыя сельгас- і вытворчыя прадпрыемствы.

У кожным з 23 філіялаў «Мінскаблдарбуда» працуе кругласутачная дыспетчарская служба (гарадскі нумар — 80173203936 і сотавы — 80445694269). Кожныя дзве гадзіны інфармацыя па дарожнай сітуацыі абнаўляецца, а ўся тэхніка аснашчана GPS-навігатарам, каб было відаць, дзе яна працуе.

Усім арганізацыям, якія маюць сваю снегаачышчальную тэхніку і гатовы дапамагаць чысціць не толькі сваю, але і прылеглую тэрыторыю, лепш узгадняць час прыбірання з дарожнікамі вобласці. Далёка не ва ўсіх ёсць свае пагрузчыкі, і сабраны снег часам проста няма куды дзець, акрамя як выкінуць на дарогу, якую ўжо пачысцілі прадстаўнікі «Мінскаблдарбуда». Калі ж узаемадзейнічаць, такіх праблем будзе менш, параіў ён.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: «Зімовыя ямкі», план «Пурга» і кругласутачнае дзяжурства

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.