Вы тут

Таццяна Абель: Любую дзяржаву можна разбурыць без адзінага стрэлу


Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага цырка імя Валерыя Абеля ДУ «Палац культуры» Касцюкоўка» (г. Гомель) падзялілася з карэспандэнтам zviazda.by меркаваннем адносна плануемага рэферэндуму па канстытуцыйнай рэформе:


Фота: pixabay.com

— Абноўленая Канстытуцыя і рэферэндум — гэта паказчык сталасці беларускага грамадства. За гады незалежнасці і суверэнітэту мы назапасілі пэўны вопыт як сацыяльнага, так і палітычнага жыцця. Дзесьці «набілі гузоў», а нейкія нашы дасягненні варта браць як прыклад усім астатнім дэмакратычным краінам свету, — пераканана сенатар. 

Яна нагадвае, што Беларусь, знаходзячыся на скрыжаванні Усходу і Захаду, на ўсіх гістарычных этапах мела свой унікальны вопыт у пытаннях народаўладдзя і палітычнага ладу. 

— Сёння мы верныя сваім традыцыям, — звяртае ўвагу Таццяна Абель. — У праекце Канстытуцыі Усебеларускі народны сход прапануецца зрабіць канстытуцыйным органам, своеасаблівым гарантам стабільнасці ў нашай краіне на любым этапе яе развіцця. Пры гэтым паўнамоцтвы Прэзідэнта і парламента будуць пераразмеркаваны. Такім чынам будуць рэалізаваны прынцыпы класічнай дэмакратыі ў сукупнасці з беларускімі традыцыямі і сучаснымі рэаліямі.

Сенатар звяртае таксама ўвагу на тое, што змены закрануць і захаванне гістарычнай памяці:

— Бо гэта той падмурак, без якога немагчыма пабудаваць свабоднае дэмакратычнае грамадства, — падкрэслівае яна. — У апошні час усё часцей здзяйсняюцца спробы разбурыць гэты падмурак, і наш абавязак перад будучымі пакаленнямі — захаваць для іх праўду аб Вялікай Айчыннай вайне і злачынствах фашыстаў.

Як член профільнай камісіі Таццяна Абель не магла абысці артыкулы, якія датычацца захавання сямейных каштоўнасцяў. 

— Любую дзяржаву можна разбурыць без адзінага стрэлу, калі падмяніць у яе грамадзян каштоўнасці і традыцыі на лжывыя і ўяўныя, — адзначае яна і акцэнтуе ўвагу на самым галоўным з яе пункту гледжання. — У абноўленай Канстытуцыі замацуюць той факт, што быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь — гэта мець непарушныя гарантыі сваіх правоў, але таксама гэта азначае мець пэўнае кола абавязкаў. А значыць, абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны — прыйсці на рэферэндум і пацвердзіць свае намеры па пабудове і ў далейшым свабоднай суверэннай незалежнай дзяржавы.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.