Вы тут

VІP-лазня і новыя сеткі. Калі ў Фаніпалі вырашыцца «воднае» пытанне


Фаніпаль — горад-спадарожнік Мінска. Лічыцца, што ў гэтага населенага пункта вялікая перспектыва. Патэнцыял прамысловай зоны СЭЗ «Мінск» дае штуршок для развіцця Фаніпаля. Сёння тут пражывае больш як 16 тысяч чалавек. Чакаецца, што ў недалёкай будучыні колькасць насельніцтва павялічыцца да 29 тысяч. Разам з тым сістэма водазабеспячэння адстае ад патрэб горада. Неаднаразова жыхары Фаніпаля скардзіліся ў розныя інстанцыі на тое, што знікае ў кватэрах гарачая і халодная вада. Прарывы на трубах адбываюцца пастаянна. Зношаныя сеткі не вытрымліваюць празмерных нагрузак. Як у горадзе вырашаецца пытанне з водазабеспячэннем, карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў старшыні Дзяржынскага райвыканкама Максіма Лысенкі.


— Сапраўды, у Фаніпалі вельмі старыя сеткі водазабеспячэння, якія вычарпалі свой рэсурс. На першым этапе для вырашэння праблемы ўчастак, які раней быў філіялам КУП «Маладзечнаводаканал», мы забіраем у камунальную уласнасць з мэтай сфарміраваць сваё ўнітарнае прадпрыемства «Дзяржынскводаканал», — распавёў Максім Лысенка. — Ужо распрацаваны праект, які праходзіць экспертызу. У Фаніпалі на сёння дзейнічае шэсць артэзіянскіх свідравін, але гэтага недастаткова. У 2022-м будуць узводзіцца дзве новыя свідравіны. Акрамя таго, дадаткова прадугледжана будаўніцтва рэзервуара на 2 тысячы метраў кубічных для таго, каб у выпадку чарговых аварыйных сітуацый вада ў дамах не прападала. Мы не можам адначасова перакласці ўсе сеткі водазабеспячэння. У мінулым годзе пераклалі іх на вуліцы Чыгуначнай і Заводскай. Сёлета такія работы прадугледжаны на вуліцах Жукава і Чапскага. Думаю, з цягам часу сітуацыя з падачай у жылы фонд вады нармалізуецца.

— Ёсць інфармацыя, што ў наступным годзе ў Фаніпалі з’явіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс…

— У лютым фізкультурна-аздараўленчы комплекс пачнём будаваць у Дзяржынску. У Фаніпалі плануецца здаць аналагічны аб’ект у 2023 годзе. Комплекс запраектаваны з улікам густаў моладзі. Яго візуальны праект быў размешчаны ў нашых сацыяльных сетках для абмеркавання і вельмі спадабаўся жыхарам горада.

Будынак будзе трохпавярховы. Тут запланаваны два басейны, руская, фінская і турэцкая лазні, для VІP-паслуг будзе асобна абсталявана саўна з купеллю. Зробяць тут і ўніверсальную спартыўную залу для міні-футбола, баскетбола, гандбола. Прадугледжаны асобныя залы для гульні ў тэніс, для заняткаў фітнэсам, пілатэсам, гіманастыкай, настольным тэнісам, пакой з трэнажорамі. Словам, гэты аб’ект будзе адпавядаць усім патрабаванням. Больш за тое, на сёння праектуецца школа павышанай змяшчальнасці на 1050 месцаў, дзе таксама будуць спартыўная зала, стадыён і басейн. Таму ў найбліжэйшыя гады патрэбу горада ў спартыўных аб’ектах мы закрыем.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.