Вы тут

Адліжнае надвор’е захаваецца да канца лютага?


І ў гэты тыдзень на тэрыторыі нашай краіны будзе працягвацца даволі ветранае надвор’е, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pexels.com

А досыць моцныя вятры прынёс нам яшчэ на мінулым тыдні магутны цыклон, якому нямецкія метэаролагі далі назву ZEYNEP. Ён прынёс у многіх раёнах узмацненне ветру ў начныя гадзіны парывамі 15–18 м/с, раніцай і ўдзень да 15–24 м/с, па Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях яго парывы дасягнулі 25–27 м/с. Акрамя парывістага ветру, воблачнасці і ападкаў Атлантычныя цыклоны выносяць на тэрыторыю нашай краіны цёплыя паветраныя масы, якія працягваюць падтрымліваць тэмпературны рэжым у рамках вясновых значэнняў.

У панядзелак было адносна ціха, а вось у аўторак чакаецца зноў ветрана. Надвор’ем будзе запраўляць чарговая сістэма атмасферных франтоў ад атлантычнага цыклона ANTONIA, які ссоўваецца з акваторыі Балтыйскага мора на Пскоўскую вобласць Расіі. Прагназуецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Удзень у многіх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Раніцай на асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Вецер паўднёва-заходні, заходні парывісты, на большай частцы тэрыторыі парывы ветру будуць дасягаць 15–20 м/с (аранжавы ўзровень небяспекі). Максімальная тэмпература паветра будзе 1–7 цяпла, па паўднёвым усходзе краіны — і зусім да плюс 9 градусаў.

У сераду (на мужчынскае свята 23 лютага), Беларусь апынецца ў вобласці паніжанага атмасфернага ціску, у дзённыя гадзіны па паўднёвым захадзе краіны адаб’ецца ўплыў атмасфернага фронту, які ссоўваецца з Заходняй Еўропы. Месцамі па краіне будзе адзначацца кароткачасовы снег, мокры снег, удзень па паўднёвым захадзе краіны ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, раніцай прагназуецца слабы галалёд. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 2—мінус 7 градусаў. Удзень будзе вагацца ад мінус 2 градусаў па паўночным усходзе да плюс 5 па паўднёвым захадзе краіны.

Амаль вясновае надвор’е чакае нас у чацвер. У гэты дзень яшчэ адаб’ецца ўплыў адыходзячага на тэрыторыю Украіны атмасфернага фронту. Таму ўначы і раніцай месцамі па краіне, а па паўднёвым захадзе ў многіх раёнах будуць кароткачасовы снег, мокры снег, слабыя туман і галалёд. У дзённыя гадзіны ініцыятыва ў надвор’і пяройдзе да вобласці павышанага атмасфернага ціску, у сувязі з гэтым істотных ападкаў па краіне не прагназуецца. На асобных участках дарог яшчэ будзе захоўвацца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў да плюс 1 цяпла, па паўночным усходзе краіны ў цёмны час сутак падмарозіць да мінус 6–8 градусаў. У разгар дня лютаўскае сонца прагрэе паветра ад нуля да плюс 7 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу ўначы месцамі па захадзе, раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай месцамі чакаецца слабы туман, у заходніх раёнах слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў да 2 цяпла, па ўсходзе пры праясненнях паветра будзе ахалоджвацца да 7 марозу. Удзень у гэтыя суткі будзе амаль па-сакавіцку — 1–8 цяпла. Хутка вясна. Мабыць…

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.