Вы тут

Ніколі больш, або Эсфір, якая страціла ўсё...


Кожны ўспамін людзей, якія перажылі Халакост, — незагойная душэўная рана. Гэты боль людзі неслі ў сабе на працягу ўсяго жыцця. Чытаючы іх сведчанні, нібыта адчуваеш трагедыю кожнага, суперажываеш апавядальніку.


Эсфір Лявіціна.

Эсфір Лявіціна нарадзілася ў шматдзетнай сям'і. Жылі цяжка і бедна. Светлая паласа для дзяўчыны наступіла, калі яна выйшла замуж. У маладых людзей нават супала прозвішча — Лявіціны. Эсфір не магла нарадавацца свайму шчасцю. Муж працаваў электрыкам у санаторыі вёскі Крынкі Старадарожскага раёна. Эсфір радавалася звычайным чалавечым дабротам: службовая кватэра, радыё, дровы, электрычнасць. Але самым галоўным яе шчасцем былі дзеці. Старэйшы сын Яша скончыў 8 класаў, Марык — 6, а дачцэ Ані было ўсяго 5 гадоў.

Ашалела ад гора

Вайна зрабіла Эсфір няшчаснай жанчынай, якая імкліва страціла ўсё. У пачатку вайны ў санаторыі пачала збірацца група падпольшчыкаў, але знайшоўся здраднік, які выдаў усіх патрыётаў. Сярод іх быў муж і старэйшы сын Яша. Гітлераўцы арыштавалі 13 чалавек. Асуджаным на смерць выдалі рыдлёўкі і прымусілі самім капаць сабе магілы.

Ашалелая ад гора маці тры дні шукала магілу родных. Яна хацела пераканацца, што яны там, хоць і мела надзею, што жывыя. Дапамагла дзяўчынка-пастушка, якая бачыла расстрэл. Яма была замаскіраваная пры дапамозе натыканых елак, якія імітуюць лес. Пад праліўным дажджом Эсфір рукамі пачала раскопваць магілу. На самым версе ляжаў яе сын, муж — на дне. Эсфір убачыла, як у сына пачалі ісці бурбалкі крыві з рота, а вусны заварушыліся, нібы хацелі нешта сказаць. Маці заплакала. Але ёй не хацелася выдаваць сваё гора, бо дома заставаліся Марык і Аня. Эсфір старалася знайсці сілы, каб жыць дзеля іх і зрабіць усё для іх выратавання. А каб дзеці не бачылі яе слёз, яна сыходзіла ў хлеў, дзе выла ад гора.

На ранейшым месцы жыхарства заставацца стала небяспечна, бо Эсфір ведала, што іх ужо шукаюць паліцаі. Толькі цудам ёй удалося пазбегнуць арышту. Дзяцей яна паспела завезці да суседа Корзуна, а сама схавалася ў кузні. Уцякала босая па марозе, суседзі прынеслі кажух і далі пад ногі сена.

Пад аховай партызан

Ва ўспамінах Эсфіры Лявіцінай захаваліся падрабязнасці гібелі яўрэяў Дараганаўскага сельскага Савета, калі ў адзін дзень расстралялі 40 чалавек. Адзін яўрэй схаваўся ў хляве, але яго знайшлі і расстралялі, тое ж зрабілі і з яго жонкай і дачкой.

Па дапамогу Эсфір звярнулася да Фёдара Мятліцкага, які, рызыкуючы жыццём сваім і сваёй сям'і, дапамог вывезці Лявіціну з дзецьмі ў бяспечнае месца. За выратаванне сям'і Лявіціных і іншых яўрэяў ён быў удастоены звання «Праведнік народаў свету».

Доўгі час Эсфір з дзецьмі пераходзіла з вёскі ў вёску, дзе спагадлівыя людзі дапамагалі прадуктамі, дзякуючы чаму ўдавалася хоць неяк пракарміць дзяцей. Некалькі разоў яна трапляла ў аблаву. У адзін з такіх выпадкаў Эсфір даведалася, што паліцаі прыехалі па яе, але памылкова ўзялі старую, якая паспела сказаць: «Добра, што ўзялі мяне, а то цябе б расстралялі». Жанчына разумела, што ў вёсцы яе сям'і не выжыць, бо кожную хвіліну ім пагражала смерць. Заставалася адна надзея — знайсці абарону ў партызан.

Толькі ў 1943 годзе сям'і Лявіціных удалося трапіць у 100-ю партызанскую брыгаду імя Кірава Мінскай вобласці. Марык пасвіў коней, а Эсфір мыла партызанам бялізну, гатавала. Партызаны сталі называць яе Дуняй. Дачка Аня дапамагала маме на кухні.

Жыць дзеля дачкі

Аднак злы рок працягваў пераследаваць сям'ю. Ратуючыся ад бамбёжкі, Эсфір несла на плячах дачку, а сын бег побач. Пачаўся моцны бой, і маці страціла Марыка. Яна засталася ўдваіх з дачкой. Раніцай пачула стрэл і крык сына: «Вой, мамачка мая». На наступны дзень Лявіціны сустрэліся з партызанскімі сем'ямі. Жанчыны расказалі пра лёс яе сярэдняга сына Марыка. Яны бачылі, як карнікі злавілі яго, але потым адпусцілі. Марык зусім не быў падобны на яўрэя: бялявы, светлыя валасы. Ён пачаў хавацца, што выклікала падазрэнне ў гітлераўцаў, яны зноў схапілі яго і на гэты раз расстралялі. Эсфір не пераставала плакаць, ёй не хацелася жыць, і ўсё ж гэта трэба было перажыць.

Яна ўсю сябе прысвячала рабоце на кухні, стараючыся як мага смачней накарміць партызан. Яе нават перавялі поварам у штаб брыгады. Аня ў свае сем гадоў дапамагала маме мыць посуд, старанна чысціла нават мёрзлую бульбу.

З вялікай падзякай Эсфір Лявіціна ўспамінала Аляксея Іванавіча Шубу — камандзіра 100-й партызанскай брыгады імя Кірава, які выратаваў многіх яўрэйскіх жанчын і дзяцей: яе саму з дачкой, жыхарку Любані Дору Кустановіч з дачкой, Гольдберг са Старых Дарог, Слуцкіна і многіх іншых. Дванаццацігадовы хлопчык Хаім прыпоўз у брыгаду на карачках. Ён не мог хадзіць, таму што адмарозіў рукі і ногі, прычым настолькі, што ад іх засталіся адны куксы. Прыняўшы Хаі-
ма ў брыгаду, Аляксей Іванавіч загадаў добра карміць хлопчыка і даглядаць яго.

На родных магілах

Апошнім суцяшэннем і ўцехай для маці заставалася дачка. Эсфір марыла бачыць яе жывой і шчаслівай пасля вайны. У партызанскую брыгаду часта прыляталі самалёты з «вялікай зямлі». Лявіціна папрасіла камандзіра брыгады, каб яе дачку адправілі ў Маскву разам з іншымі дзецьмі. Ані пашылі кажух, валёнкі і цалкам падрыхтавалі да дарогі. Эсфір спадзявалася толькі на адно: калі скончыцца вайна і ёй удасца выжыць, яна абавязкова адшукае дачку ў Маскве. Але гэтая надзея аказалася нязбытнай. 1 мая 1943 года партызаны, чакаючы самалёта, не заўважылі, як сямігадовы хлопчык узяў вінтоўку і нечакана стрэліў. Па фатальнай выпадковасці куля трапіла ў Аню. Дзяўчынка загінула. Так вайна забрала ў Эсфір усё.

На партызанскай кухні.

Цяжка ўявіць, дзе знаходзіла гэтая няшчасная жанчына сілы, каб жыць, але каб яна плакала — у брыгадзе ніхто не бачыў. Яна сыходзіла глыбока ў лес, дзе ўпотай ад усіх рыдала. Набліжалася вызваленне Беларусі. За ўдзел у партызанскім руху Эсфір Лявіціна ўзнагароджана медалём «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені. Надышоў час вяртацца ў родныя мясціны. На развітанне Эсфір прыйшла на магілу дачкі.

У дзень вызвалення яна зведвала розныя эмоцыі: было радасна, што Беларусь зноў стала мірнай і свабоднай, але вельмі цяжка ад разумення, што побач няма ўсёй яе сям'і: дачка пахавана ў вёсцы Загалле ў Любанскім раёне, Марык — у вёсцы Казловічы Глускага раёна, а муж і старэйшы сын — каля Слуцка.

Пасля вызвалення Беларусі Эсфір Лявіціну адшукаў старэйшы брат, які паведаміў аб трагічным лёсе сям'і. Іх маці, малодшы брат і яго сям'я былі расстраляны гітлераўцамі. Ён бачыў, як адзін гітлеравец узяў маму за галаву, а другі — за ногі, а затым яе кінулі ў машыну, нібы мяшок з грузам. Сям'я старэйшага брата таксама загінула.


Эсфір Якаўлеўна ўладкавалася працаваць поварам у афіцэрскую сталовую. Выйшла замуж за Майсея Найбурга — чалавека з такім жа трагічным лёсам, які ў Слуцку страціў жонку і чацвярых дзяцей. Так яны маглі падтрымліваць адно аднаго.

Ва ўспамінах Эсфір Лявіцінай гучыць пранізлівы заклік: «Ніколі больш! Мы не хочам, каб заставаліся бацькі без дзяцей і дзеці без бацькоў, каб бралі жывых дзяцей і забівалі ўдарам аб рог, каб ганялі жывых людзей на смерць і прымушалі саміх для сябе капаць ямы, як капалі мае сын і муж, і тысячы нявінных людзей».

Марыя ГАРЭЛІКАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.