Вы тут

«Разам за здаровую будучыню» — новая акцыя МУС супраць наркотыкаў


У пагоні за лёгкім заробкам дзеці ўвязваюцца ў злачынную дзейнасць, з якой потым не могуць выбрацца. Выкарыстоўваючы малалетніх у сваіх інтарэсах, арганізатары наркабізнесу ўнушаюць хлопцам і дзяўчатам, што за гэта ім нічога не будзе. Аднак пакарання пазбегнуць не атрымаецца: за распаўсюджванне наркотыкаў і псіхатропных рэчываў крымінальная адказнасць прадугледжана з 14 гадоў.


З мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў адбылася міжведамасная рэспубліканская прафілактычная акцыя «Разам за здаровую будучыню». Мерапрыемствы, якія на працягу тыдня ладзіліся ва ўстановах адукацыі і грамадскіх месцах, былі накіраваныя на прафілактыку спажывання і збыту наркотыкаў, псіхатропаў і іх аналагаў сярод непаўналетніх.

І калі да фармату падобных мерапрыемстваў з прафілактычным ухілам мы ўжо прызвычаіліся, то навацыяй гэтай акцыі стала шырокае распаўсюджванне праз установы грамадскага харчавання і прадуктовыя сеткі тэматычных лістовак з QR-кодам. Наводзячы на яго, трапляеш на кароткі відэаролік, у якім расказваецца аб шкодзе наркотыкаў і псіхатропаў, а таксама наступствах, звязаных з іх распаўсюджваннем.

Праблема — вуснамі дзяцей

У рэалізацыі задумкі ўдзельнічалі вучні сталічнай гімназіі № 16. Пасля ўрокаў старшакласнікі раздавалі ў цэнтры горада лістоўкі. Прычым да гэтага хлопцаў і дзяўчат ніхто не прымушаў: падлеткі самі вырашылі падтрымаць акцыю. Амаль усе яны з'яўляюцца валанцёрамі-кансультантамі праекта гімназіі «Роўны навучае роўнага». У межах праекта дзеці прыходзяць у класы і расказваюць іншым навучэнцам пра згубныя звычкі, якія існуюць у грамадстве, прапагандуюць здаровы лад жыцця. Прафілактыка наркаманіі — адзін з кірункаў іх грамадскай дзейнасці.

— Нягледзячы на тое, што сучасныя дзеці вельмі занятыя ў школьны і пазашкольны час, трапляючы ў соцыум, яны не застрахаваны: на вуліцы, у гандлёвых цэнтрах, якія наведваюць школьнікі, вельмі шмат спакус, — лічыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце мінскай гімназіі № 16 Алена Кавалеўская. — Можна з дакладнасцю казаць, што навучэнцы, якія прынялі ўдзел у акцыі, прапусцілі гэтую праблему праз сябе, не стануць на шлях наркаманіі і выберуць правільныя каштоўнасці.

На думку прадстаўніка кіраўніцтва гімназіі, папярэджваць наркаманію і гандаль забароненых рэчываў — у першую чаргу задача і ўстаноў адукацыі. «Важная роля ў гэтым класнага кіраўніка, які кожны дзень бачыць сваіх дзяцей і першым павінен западозрыць, калі нешта пойдзе не так, — заўважыла Алена Кавалеўская. — З дзецьмі, стан якіх выклікае трывогу, працуюць спецыялісты сацыяльнай псіхолага-педагагічнай службы, створанай у гімназіі. Калі ёсць неабходнасць, яны наведваюць сем'і. Часта гэта прыносіць свой плён. Увогуле, жудасна ўсведамляць, калі дарослыя пытанні вырашаюцца дзіцячымі лёсамі».

Пад кантролем бацькоў

У адзін з дзён, калі мы сустрэліся з навучэнцамі гімназіі, лістоўкі разышліся ў лічаныя хвіліны. Мінакі з цікавасцю бралі іх, разглядалі, некаторыя нават задавалі пытанні. Падлеткі не губляліся: расказвалі цікаўным пра акцыю і зло, якое прыносяць наркотыкі. Падтрымаць акцыю прыйшлі і выпускнікі гімназіі.

— Вельмі прыемна бачыць, што людзі падтрымліваюць акцыю, — падзялілася ўражаннямі старшакласніца Марыя Зацэпіна. — Многія ўдзячныя нам за тое, што мы раздаём лістоўкі, расказваем людзям аб праблеме і сваім прыкладам змагаемся з ёй. Некаторыя адмаўляюцца браць лістоўку, але такіх няшмат. Самае галоўнае, што мы хочам данесці, — тыя, хто распаўсюджвае наркотыкі, нажываюцца на чужой бядзе.

Са сваёй аднакласніцай згодная і Ганна Рыснік. «Мы ведаем, наколькі шкодныя наркотыкі і як людзі губяць імі сваё жыццё, — мяркуе дзяўчына. — Лёгкіх грошай не бывае. Каб увязацца ў штосьці, перш трэба ўзважыць усе «за» і «супраць». Трэба разумець і тое, што, распаўсюджваючы наркотыкі, чалавек рызыкуе нашкодзіць іншаму, хто нават можа памерці. І гэтую адказнасць трэба будзе несці на сваіх плячах таму, хто гэтыя наркотыкі прадаў».

Старшыня вучнёўскага самакіравання гімназіі № 16 Дзям'ян Саявец, вучань 11 «Б» класа, лічыць, што бясплатны сыр толькі ў пастцы. «Наркотыкі — гэта смерць, — кажа юнак. — Нават той, хто лічыць, што можа своечасова спыніцца, не разумее, што яго жыццё ўжо загублена».

Навучэнцы гімназіі гавораць, што ведаюць аб праблеме не толькі дзякуючы сваім настаўнікам. Вялікую прафілактычную работу з імі праводзяць і бацькі.

— Не трэба баяцца размаўляць на тэму наркотыкаў са сваімі дзецьмі, — пераканана член бацькоўскага камітэта 10 «А» класа гімназіі № 16 г. Мінска Таццяна Пажэлаева. — Аднак трэба не толькі гаварыць, але і быць уважлівымі ў адносінах да сваіх дзяцей. Калі дзіця ўцягнута ў наркабізнес, бацькі не могуць гэтага не заўважыць: адразу мяняецца фізіялагічны стан дзіцяці, адбываюцца змены і ў яго эмоцыях. У прыватнасці, павінны насцярожыць рэзкія перапады настрою, калі на гэта няма падстаў.

У Галоўным упраўленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС прадугледзелі і гэта. Праваахоўнікамі распрацавалі метадычныя рэкамендацыі для бацькоў, якія дапамогуць ажыццявіць кантроль над гаджэтамі непаўналетніх дзяцей.

Законная альтэрнатыва

Як расказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, за мінулы год за распаўсюджванне наркотыкаў і псіхатропных рэчываў крымінальныя справы заведзены ў дачыненні да 111 непаўналетніх. Гэтыя асобы здзейснілі 127 злачынных эпізодаў. Большасць злачынстваў (каля 90 %) ажыццяўлялася пра дапамозе інтэрнэту.

— Праблема ў тым, што маладое насельніцтва, у прыватнасці навучэнцы (пачынаючы ад школьнікаў, заканчваючы студэнтамі), шукаюць магчымасць зарабіць, у тым ліку злачынным шляхам, — адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС палкоўнік міліцыі Алег Сільвестровіч. — Як правіла, на гэта ідуць дзеці з нешчаслівых сем'яў, якім не хапае ўвагі, бацькоўскага клопату і, натуральна, грашовых сродкаў. Аднак сярод затрыманых ёсць і непаўналетнія, якія выхоўваюцца ў поўных, забяспечаных сем'ях. Імі ў большасці рухае азарт рызыкі.

Каб моладзь мела магчымасць зарабіць легальным шляхам, праваахоўнікі звярнуліся да Асацыяцый рэстаратараў і рознічных сетак, якія ініцыятыву падтрымалі. У найбліжэйшы час яны прапануюць моладзі працаўладкавацца, каб маладыя людзі мелі магчымасць зарабляць грошы бяспечным законным шляхам. Акрамя таго, падчас акцыі, дзякуючы намаганням асацыяцый, у рэстаранах, кафэ, іншых установах грамадскага харчавання наведвальнікам прапаноўваліся тыя ж самыя лістоўкі, якія даступнай мовай распавядаюць аб шкодзе наркотыкаў і псіхатропаў, а таксама адказнасці, прадугледжанай за іх распаўсюджванне. Такія ж лістоўкі ўжо маглі бачыць і тыя, хто заказвае дастаўку піцы або сушы на дом.

— Разумеючы, як прыцягнуць увагу моладзі, сумесна з МУС мы стварылі лістоўкі, якія адказваюць сучасным тэндэнцыям, — паведаміў кіраўнік назіральнага савета Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі Яўген Васільеў. — Наша ўзаемадзеянне не абмяжоўваецца толькі гэтай акцыяй. Сумесна з Міністэрствам эканомікі, Агенцтвам знешнеэканамічнай дзейнасці Банка развіцця ажыццяўляем работу над бізнес-планам, алгарытмам, дарожнай картай па адкрыцці малага бізнесу сярод моладзі. Мы хочам данесці да маладога пакалення, што зарабіць легальнай працай значна прасцей і магчымасцяў нашмат болей. Тыя, хто распаўсюджвае наркотыкі, шукае лёгкіх грошай. Мы прапануем ім законную альтэрнатыву, каб яны маглі зарабіць больш, чым атрымліваюць, будучы наркакур'ерамі.

У межах акцыі «Разам за здаровую будучыню» былі праведзены конкурсы малюнкаў, прэзентацый, навучальныя трэнінгі для педагогаў. У кожным рэгіёне краіны супрацоўнікі міліцыі арганізавалі спартыўныя спаборніцтвы з дзецьмі. Як удакладніў начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС палкоўнік міліцыі Кірыл Пашкевіч, школьнікам і іх бацькам на тэматычных лекцыях расказалі аб медыцынскіх і прававых наступствах спажывання і распаўсюджвання наркотыкаў. «Таксама запрасілі хлопцаў і дзяўчат на выязныя судовыя пасяджэнні, — дадаў прадстаўнік міліцэйскага ведамства. — Не засталіся без увагі і месцы адпачынку моладзі: для спынення фактаў абароту дурману міліцыянеры правялі рэйды».

Падлеткам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе — для гэтага ім неабходна зняць відэаролік на тэму «Выберы сваю альтэрнатыву» і загрузіць яго ў інтэрнэт. Адным словам, рэзананс у акцыі атрымаўся вялікі. Галоўнае, каб непаўналетнімі была зроблена выснова, што наркотыкі, псіхатропы і ўсё, што з імі звязана, — зло, смерць.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.