Вы тут

Мікалай Залатніцкі — аўтар сістэмы вядзенні хатняй рыбнай гаспадаркі


Яшчэ да нядаўняга часу, калі захапленне дэкаратыўнымі рыбкамі мела шырокае распаўсюджванне, вельмі цяжка было адшукаць які-небудзь дапаможнік па акварыумістыцы, па вядзенні хатняй рыбнай гаспадаркі. А між тым яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя такой літаратуры хапала. І найболей дасведчаным аўтарам яе з’яўляецца ніхто іншы, як наш зямляк Мікалай Фёдаравіч Залатніцкі. Але ж аб усім па парадку...


Праўда, звестак пра Залатніцкага зусім няшмат. Няма дагэтуль нават яго прозвішча ў «Беларускай Энцыклапедыі». Нарадзіўся ж Мікалай Фёдаравіч Залатніцкі 13 красавіка 1850 года ў БрэстЛітоўску. З цягам часу да маладога чалавека прыйшло захапленне батанікай, садаводствам, іхтыялогіяй. Мікалай закончыў педагагічнае вучылішча ў Дрэздэне. Следам была вучоба ў 5-й маскоўскай гімназіі. Затым — на фізіка-матэматычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта.

Спакваля Залатніцкі становіцца яркім, талковым прапагандыстам акварыумаў у Расіі. У 1904 годзе вучоны выдае ў Маскве кнігу «Акварыум аматара». А ў 1906-м — «Школьны акварыум і тэрарыум». Вядомасць у свой час набыла і кніга Мікалая Залатніцкага «Нашы садовыя кветкі, гародніна і плады» (выдадзена ў 1911 годзе). Шмат друкаваўся наш зямляк у такіх выданнях , як «Сад и огород», «Природа и охота», «Московские ведомости», «Естествознание и география», «Нива», «Родник», «Аквариум и комнатные растения», «Природа и люди», у замежных прыродазнаўчых часопісах.

Дарэчы, пра «Беларускую Энцыклапедыю»... Усё ж трэба аддаць даніну павагі выдавецтву ў справе ўшанавання памяці М.Ф. Залатніцкага. У 1994 годзе ў «БелЭн» пабачыла свет рэпрынтнае выданне кнігі брэсцкага натураліста «Цветы в легендах и преданиях» (узноўлена яно было па кнізе 1913 года, якая ўпершыню пабачыла свет у СанктПецярбургу). Між іншым, сучасны тыраж выдання склаў 50 тысяч экзэмпляраў! І кніга разышлася, знайшла свайго чытача. За што і застаецца толькі падзякаваць беларускім энцыклапедыстам. Як, дарэчы, і паспадзявацца, што з цягам часу імя Мікалая Залатніцкага будзе ўшанавана і каторым з будучых выданняў «Беларускай Энцыклапедыі».

А што да ўзнаўлення, перавыдання кніг М. Залатніцкага, то мо хто зверне ўвагу на такія яго работы, як «Наш садик», «Детский аквариум», «Новые аквариумные рыбы и растения». Паверце, паважаныя выдаўцы, чытач вам толькі ўдзячнасць выкажа. Чытаць іх будуць з захапленнем і дарослыя, і дзеці!..

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Жанчыны ўступаюць у першы шлюб у 26,3 года, мужчыны — 28,6.

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.