Вы тут

Адбыўся X з'езд Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане


Воіны-інтэрнацыяналісты з усёй краіны сабраліся разам, каб не толькі падвесці вынікі работы за 2017—2022 гады, але і падзяліцца сваімі меркаваннямі, праблемамі, на якія неабходна звярнуць увагу як унутры арганізацыі, так і на самым вышэйшым узроўні. Акрамя таго, дэлегаты абмеркавалі дзейнасць ветэранскай арганізацыі на найбліжэйшую пяцігодку.


Адкрываючы з'езд, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка агучыў зварот Аляксандра Лукашэнкі да яго дэлегатаў. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сучасным свеце злом традыцыйных маральных нормаў суправаджаецца грэбаваннем урокамі гісторыі і вопытам папярэдніх пакаленняў, спробамі прынізіць, сказіць подзвіг савецкіх салдат і афіцэраў, якія заўсёды неслі людзям свабоду, абаранялі іх права жыць і працаваць пад мірным небам і самім вырашаць свой лёс. «Воіны-інтэрнацыяналісты як ніхто ведаюць каштоўнасць чалавечага жыцця, магчымасці ствараць і расціць дзяцей у свабоднай ад войнаў і разбурэнняў краіне, — падкрэсліў беларускі лідар. — Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане шмат гадоў свята захоўвае і памнажае традыцыі слаўнага подзвігу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, актыўна працуе на ніве грамадзянска-патрыятычнага выхавання, з'яўляецца надзейнай апорай для сем'яў аднапалчан, якія сышлі».

— Сёння ветэранская арганізацыя запатрабаваная як ніколі, — заўважыў падчас гутаркі з журналістамі Ігар Сергеенка. — Воіны-афганцы актыўна прымаюць удзел у патрыятычным выхаванні моладзі. Кіраўніцтва гэтай структуры падтрымлівае ветэранаў, інвалідаў, сем'і загінулых афіцэраў і салдат у гады афганскай вайны. Самае галоўнае, што праз многія-многія гады яны пранеслі гэтую памяць сяброўства, воінскай вывучкі, братэрства, беражна ставяцца да захавання гісторыі.

Як удакладніў Ігар Сергеенка, можна па-рознаму ставіцца да той далёкай вайны, выканання інтэрнацыянальнага абавязку, але тады сітуацыя ацэньвалася некалькі па-іншаму, чым яна бачыцца сёння. «Воіны-інтэрнацыяналісты былі першымі пасля ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія сутыкнуліся непасрэдна з агрэсарам, з тэрарызмам на тэрыторыі чужой краіны і праявілі там і стойкасць, і мужнасць, і гераізм, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Аб гэтым сёння трэба расказваць моладзі, тлумачыць, што за гэтым стаіць вялікая ратная воінская праца. У нашай краіне многае робіцца і для ўвекавечвання памяці загінулых, і самае галоўнае, каб тыя, хто жыве сёння, не адчувалі сур'ёзных жыццёвых праблем, а тым, хто сутыкнуўся з пэўнымі цяжкасцямі, своечасова аказвалі дапамогу».

Па словах Ігара Сергеенкі, воіны-інтэрнацыяналісты прыходзяць на змену ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Падзяліўся ён і сваім меркаваннем наконт таго, што адбываецца на тэрыторыі еўрапейскіх краін, калі зносяцца помнікі савецкім воінам-вызваліцелям. «Толькі ў Польшчы загінула 600 тысяч салдат і афіцэраў, якія вызвалялі гэтую краіну, — акцэнтаваў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Я ўжо не кажу пра тое, якія сур'ёзныя ахвяры былі ў Германіі — узяцце Берліна. І тое, што сёння адбываецца, асабіста ў мяне выклікае пачуццё абурэння, злосці. Як так можна, калі ўсе 80 гадоў з гэтым асацыявалі подзвіг савецкага салдата, вызваленне Еўропы ад «карычневай чумы», а сёння гісторыю паварочваюць назад. Гісторыя такіх рэчаў не даруе».

— Гэтая пяцігодка была багатая на знакавыя падзеі: парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, канстытуцыйны рэферэндум, — ва ўсіх іх мы прымалі актыўны ўдзел, працавалі ў выбарчых камісіях і ў якасці назіральнікаў, — паведаміў старшыня савета Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый Гайдукевіч. — Мы, людзі, якія прайшлі горан вайны і маюць баявы вопыт, разумеем, што заўсёды павінны стаяць на варце законнай улады — і толькі ў адзінстве наша сіла.

Як расказаў старшыня савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір Шокаў, апошнім часам вялікую ўвагу воіны-інтэрнацыяналісты сталі больш удзяляць патрыятычнаму выхаванню моладзі. «Увялі ў школы кіраўнікоў па ваенна-патрыятычнай падрыхтоўцы, ствараем музейныя экспазіцыі, праводзім сумесныя з моладдзю мерапрыемствы, круглыя сталы, суботнікі, у тым ліку вучым яе абараняць нашу Радзіму», — заўважыў ён.

Напрыканцы з'езда дэлегаты перавыбралі Валерыя Гайдукевіча на пасаду старшыні Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.