Вы тут

Як жывуць пастаяльцы Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната?


Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін наведалі Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў, што ў Стаўбцоўскім раёне, у межах дабрачыннай акцыі «Падары радасць блізкаму». Такое мерапрыемства на Міншчыне праходзіць другі год і ўжо становіцца традыцыйным.


Спачатку пачэсныя госці наведалі некалькі пакояў пастаяльцаў, азнаёміліся з умовамі, якія створаны для аздараўлення, адпачынку.

— У нас пражывае 285 чалавек пажылога ўзросту, у тым ліку 4 асобы, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, 102 ветэраны працы. Сярэдні ўзрост кліентаў — 76 гадоў, а працягласць жыцця — 85 гадоў. 243 з іх адзінокія, — расказала дырэктар установы Валянціна Атрушкевіч.

Валянціна Міхайлаўна адзначыла, што ў выніку праведзенага аналізу высветлілася: сярэдняя працягласць жыцця насельнікаў інтэрната большая, чым іх адзінокіх равеснікаў, што жывуць самастойна. На гэта ўплываюць догляд, які атрымліваюць людзі ў дамах-інтэрнатах, харчаванне, кантроль за іх здароўем.

У інтэрнаце створана безбар’ернае асяроддзе: устаноўлены ўнутраныя і знадворныя пандусы, памяшканні абсталяваны поручнямі, прадугледжана паніжэнне бардзюрнага каменя. Ёсць ліфты, эфектыўна выкарыстоўваецца пад’ёмнік. Тэрыторыя выкладзена тактыльнай пліткай, дадаткова ўладкаваны парковачныя знакі для інвалідаў, для зручнасці перасоўвання — таблічкі з шрыфтам Брайля.

Ва ўстанове ажыццяўляецца праект «Здаровае і актыўнае даўгалецце», працуюць кабінеты масажу і фітатэрапіі, рэлаксацыі, трэнажорная зала. Псіхалагічная дапамога і кансультацыі для пажылых грамадзян і інвалідаў праводзяцца ў рэсурсным цэнтры «Сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя». Дзейнічае таксама тэрапеўтычны комплекс з рознымі пляцоўкамі: турызм, краязнаўства, зоатэрапія, трэнажорная тэрапія, гасцёўня, гардэнатэрапія, сэнсарная дарожка, экалагічная сцежка, фізкультурна-аздараўленчая траса.

Прыярытэтная задача ўстановы — захаванне гісторыі, увекавечанне подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Тут абсталяваны музейны пакой «Ад вытокаў да нашых дзён», створана алея памяці «Вайны свяшчэнныя старонкі... ».

Пасля афіцыйнай часткі Аляксандр Турчын і Уладыка Веніямін сустрэліся непасрэдна з пастаяльцамі інтэрната ў цёплай нефармальнай абстаноўцы за кубкам гарбаты.

— Ідэя правядзення такой акцыі нарадзілася летась. Напярэдадні велікоднага свята мы робім падарункі пажылым, дзецям, інвалідам у дамах-інтэрнатах. У наборы — куліч, ікона, фарбаванае яйка. У гэты дзень усе кіраўнікі рэгіёнаў Міншчыны разам з праваслаўнымі святарамі таксама наведваюць дамы-інтэрнаты, каб падзяліцца сваім цяплом з іх жыхарамі, — паведаміў старшыня Мінаблвыканкама.

Як адзначыў Аляксандр Турчын, разам з Уладыкам Веніямінам яны прыехалі павіншаваць пастаяльцаў, пагутарыць з імі, выслухаць пра тое, што іх турбуе.

— Вы — гісторыя нашай краіны, таму пагутарыць з вамі — вялікі гонар для нас, — падкрэсліў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

Падчас экскурсіі па доме-інтэрнаце Аляксандр Турчын унёс прапанову наконт сустрэч пажылых з падлеткамі, вучнямі, моладдзю, якую і агучыў за круглым сталом:

— Хтосьці з вас прайшоў вайну, нехта ўсё жыццё працаваў на карысць дзяржавы, і хочацца, каб наша маладое пакаленне, якое вучыцца ў школе, з першых вуснаў змагло даведацца аб вашым жыцці.

Аляксандр Турчын папрасіў прысутных не адмаўляцца ад сустрэч з дзецьмі, часцей бываць у школах, расказваць аб цяжкасцях, з якімі сутыкнуліся, як перамагалі ворага, аднаўлялі разбураную народную гаспадарку. Маладыя не павінны быць «манкуртамі».

Мітрапаліт Веніямін таксама павіншаваў паважаных людзей з Вялікаднем.

— Мы прыехалі, каб пагутарыць з вамі, падзяліцца добрымі думкамі, даведацца як вы жывяце, якія ў вас ёсць пажаданні, як зрабіць ваша жыццё лепшым, дабрэйшым, дасканалейшым, — выказаўся Уладыка.

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўручыў дырэктару ўстановы мікрафон і гукавую калонку. Аляксандр Турчын — сертыфікат на 20 тысяч рублёў для набыцця неабходных рэчаў.

Першай узяла слова Варвара Піліпаўна. Хутка ёй споўніцца 94. Жанчына знаходзіцца ў інтэрнаце сем гадоў. " Хто не бачыў дрэннае, той не ацэніць добрае, — сказала яна. — Лепшых умоў для пражывання, як тут, я нідзе не бачыла«. Варвара Піліпаўна расказала, што яна жыла ў Расіі, ва Украіне. Пераехала у Беларусь да сына ў 80 гадоў, засталася без грамадзянства. Пасля апынулася ў доме-інтэрнаце. У 2017-м установу наведала Наталля Качанава, на той час — кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Менавіта Наталля Іванаўна дапамагла жанчыне атрымаць датэрмінова беларускае грамадзянства.

За плячыма Валянціны Бітэль 94 гады, яна — інвалід другой групы. Пасля школы працавала ў аддзяленні паштовай сувязі, узнагароджана медалём «Ветэран працы». У інтэрнаце знаходзіцца на ўмовах поўнага дзяржаўнага ўтрымання. Валянціна Браніславаўна ўваходзіць у склад групы інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа актыўнага даўгалецця», удзельнічае ў мастацкіх выстаўках, конкурсах, кірмашах, распрацавала свой дызайн-праект мастацкіх работ па вязанні.

Святлана Казловіч — удзельніца праекта «За духоўнае адраджэнне». Святлана Мікалаеўна займаецца ў профільнай працоўнай майстэрні «Айрыс Фолдынг», добра малюе, выкладвае карціны бісерам, захапляецца мастацкай літаратурай. Былы ваенны Мікалай Паўлоўскі знайшоў у інтэрнаце спадарожніцу жыцця Ларысу Уладзіміраўну, з якой жывуць разам ужо шэсць гадоў, згодна ды суладна. Мікалай Мікалаевіч распавёў, што ў 2016 годзе інтэрнат наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Падчас сустрэчы з жыхарамі Аляксандр Рыгоравіч даведаўся, што закаханыя збіраюцца распісацца, і падтрымаў дадзенае рашэнне. «Так што Аляксандр Рыгоравіч, можна сказаць, блаславіў наш шлюб», — кажа мужчына.

У завяршэнне сустрэчы адзін з пастаяльцаў інтэрната выканаў пад акампанемент гармоніка знакамітую «Кацюшу», яму падпявала аўдыторыя.

— Наведванне людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, добрым слове, у велікодныя дні — гэта традыцыя. Цяпер яна адраджаецца і пашыраецца на нашай зямлі, — так пракаментаваў журналістам вынікі сустрэчы Уладыка Веніямін. — Гэтыя людзі перанеслі Вялікую Айчынную вайну, хтосьці стаў інвалідам, страціў блізкіх, сваякоў, што налажыла пэўны адбітак на іх жыццё. Разам з тым, ад іх ідзе ўнутраны спакой, радасць. Відаць, на гэта ўплываюць выдатныя ўмовы, якія тут створаны для пражывання.

— У людзей, якія тут апынуліся, няпростая жыццёвая сітуацыя, яны шмат прайшлі, шмат перажылі. Тым не менш, ад іх павявае аптымізмам. Здавалася б, ім трэба скардзіцца на жыццё. Але такога няма абсалютна. Яны радуюцца жыццю, чаго часта не хапае, на жаль, нам. У гэтым складаным свеце, дзе шмат негатыўнай інфармацыі, навін, прыязджаючы сюды, забываеш аб мітусні, напаўняешся атмасферай цеплыні. А дзяржава робіць усё для таго, каб гэтыя людзі адчувалі клопат з яе боку. Кіраўніцтва, персанал становяцца для падапечных нібыта членамі сям’і, бо адносяцца да іх, як дзеці да сваіх бацькоў, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.