Вы тут

Краявіды, Радзівілы і футбол. Фестываль «Вытокі» едзе ў Столін


Няхай пакуль лета не радуе цёплым надвор'ем, але праводзіць першыя летнія выхадныя дома таксама не лепшы варыянт. Тым больш калі іх можна правесці цікава і актыўна: Столін 3-4 чэрвеня наведае культурна-спартыўны фестываль «Вытокі». Падарожжа ўглыб беларускага Палесся, самабытны горад і мноства спартыўных лакацый. Чым не нагоды пабудаваць маршрут у Брэсцкую вобласць!


Столін — горад на беразе ракі Гарыні, прытока Прыпяці. За сваю гісторыю, якая пачынаецца ў 1555 годзе, ён шмат чаго бачыў. І ўсё гэта памятае, таму акцэнт на культурнай спадчыне, які сёлета робяць арганізатары фестывалю, тут будзе вельмі яркі. Асобнай увагі заслугоўвае назва горада: існуе аж тры версіі, чаму Столін так называецца. Першая казачная: па легендзе, калісьці на месцы горада было вялізнае возера, у якім вылавілі сто лінёў. Другая больш празаічная: у даўнія часы каля горада затанула баржа, і выцягвалі яе з дапамогай крэпкіх вяровак — лінёў, якіх, як можна здагадацца, было сто. Трэцяя версія рамантычная: на рацэ Гарыні размяшчалася дванаццаць гарадоў, якімі кіравалі сем князёў. Іх месца збору для агульных пасяджэнняў, нарад, то-бок, стол, быў на месцы сучаснага Століна, адсюль і назва.

Сучасны Столін — вельмі цікавы для аматараў настальгічнага турызму. А калі наведаць не толькі горад, але і раён, можна пазнаёміцца з непаўторным беларускім Палессем. Напрыклад, у вёсцы Цераблічы аматары мастацтва адкрыюць для сябе выдатныя драўляныя скульптуры, выкананыя майстрам Іван Супрунчыкам. У вёсцы Гарадная можна пазнаёміцца з ганчарным рамяством, спакон веку тут жылі таленавітыя ганчары. Сучасныя жыхары і сёння захоўваюць і працягваюць традыцыі сваіх продкаў. А тым, хто хоча на свае вочы ўбачыць непаўторную палескую прыроду, варта завітаць на экалагічную сцежку ў Альманскіх балотах. Пакуль гэты турыстычны напрамак толькі развіваецца. На жаль, не ўсе ведаюць ці не разумеюць, наколькі цікавае Палессе. Каб гэта выправіць, Нацыянальнае агенцтва па турызме арганізавала выязны семінар па Брэсцкай вобласці і прэзентавала турыстычны маршрут «Да берагоў Гарыні і Прыпяці» (падрабязнасці семінара — у найбліжэйшых нумарах «Звязды»). Гэты маршрут распрацаваны ў рамках пілотнага праекта «Турысцкі рэгіён Прыпяцкае Палессе». Кожнаму беларусу варта ведаць, што ж такое на самай справе Прыпяцкае Палессе, бо гэта неад'емная частка краіны і яе гісторыі. І фестываль «Вытокі» таксама ў гэтым дапаможа.

Праводзячы свае выхадныя ў Століне, абавязкова трэба завітаць да руін сінагогі. Яна пабудавана ў далёкім 1792 годзе ў стылі барока, гэта рэдкі помнік сінагагальнай архітэктуры XVІІІ стагоддзя. Нават па руінах можна ўявіць, наколькі шыкоўным калісьці быў гэты будынак. На сценах захаваліся рэшткі традыцыйнага роспісу. Праўда, убачыць іх няпроста. Каб захаваць тое, што засталося, вокны і іншыя праёмы, праз якія можна прайсці ўнутр, закрылі дошкамі. Шмат вякоў разам з палешукамі ў Століне жылі яўрэі. У канцы XVІІІ стагоддзя сюды пераехаў сын вядомага хасідскага цадзіка Аарона І з роду Пярловых. Столін стаў «сталіцай» палескіх хасідаў. Дому равіна, што знаходзіцца побач, пашанцавала больш, чым сінагозе: захаваўся, яго адрамантавалі. Праўда, па прызначэнні сёння не выкарыстоўваецца.

Вуліца Пінская прывядзе да былой кірмашнай плошчы. Тут захавалася старажытная планіроўка вуліц з невялікімі дамамі. Калі падключыць фантазію, можна ўявіць, як калісьці выглядаў Столін.

Падчас канцэртнай праграмы фестывалю «Вытокі» арганізатары абяцаюць ажывіць адну з самых цікавых старонак гісторыі горада. У Століне аддадуць даніну павагі Радзівілам. Гэты знакаміты род не абмінуў сваёй увагай палескі горад. І сведка таму — парк «Манькавічы». У XVІ стагоддзі пры Мікалае Радзівіле Чорным была заснавана Давід-Гарадоцкая ардынацыя Радзівілаў. Але да ХІХ стагоддзя яна не мела сваёй рэзідэнцыі. Гэта трэба было выпраўляць. Выбар упаў на маляўнічае месца на высокай тэрасе, прыпаднятай над Капанцам (старарэччам Гарыні) у маёнтку Манькавічы. Дарэчы, гэтая тэраса — яшчэ адна славутасць Століна. На раўнінным Палессі вельмі рэдка сустрэнеш такую асаблівасць рэльефа. Шыкоўны парк у 1885 годзе заклала княгіня Марыя Дарота дэ Кастэлян, жонка Антонія Радзівіла. Сёння яе імя і год заснавання парку захоўвае вялікі закладны камень. Парк у Століне нагадвае парк у Нясвіжы, месца надзвычай рамантычнае. Стары дуб, узрост якога больш за 200 гадоў, указвае на месца, дзе калісьці стаяў палац Радзівілаў. Палац быў пабудаваны для Станіслава Радзівіла ў стыле неабарока італьянскім архітэктарам Венцэлем. Пасля гібелі князя рэзідэнцыя перайшла да яго пляменніка Караля Радзівіла. Той быў вялікім аматарам палявання. Дзякуючы яму, у палескіх лясах каля Століна адпачывалі і палявалі многія арыстакраты Польшчы і Еўропы. Княжацкае паляванне каля Століна было знакамітае на ўсю Еўропу. У 1943 годзе палац згарэў, гітлераўцы вывезлі арыгінальную літую браму парку. На шчасце, сам парк захаваўся. І сёння ў ім растуць 125-гадовая лістоўніца, серабрыстыя ліпы, канадскія елкі, чырвоны дуб і іншыя экзатычныя дрэвы, прывезеныя сюды з розных канцоў свету. На тэрыторыі парку працуе мясцовы краязнаўчы музей. Яго экспанаты расказваюць гісторыю Століна: ад побыту вясковых палешукоў да раскошы мясцовых арыстакратаў.

«На Палессе трэба ехаць»

Існуе стэрэатып, што гарады, далёкія ад сталіцы ці абласных цэнтраў, не маюць чаго паказаць. Але з кожным днём, з кожным святам гэты стэрэатып рушыцца. Спалучыўшы багатую гісторыю і актыўнае сучаснае, «Вытокі» пакажуць, наколькі Столін цікавы. «Мы вельмі ўзрадаваліся, калі даведаліся, што «Вытокі» будуць праходзіць у нас. Горад узмоцненымі тэмпамі рыхтуецца, каб паказаць, што ў нас таксама цікава. З дапамогай гэтага фестывалю мы хочам даказаць, што на Палессе трэба ехаць, што тут ёсць, на што паглядзець», — адзначыў Андрэй Буян, старшыня Столінскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

Алімпійскі квэст, які пройдзе 4 чэрвеня, будзе складацца з 22 спартыўных лакацый. Напэўна, самай папулярнай з іх будзе футбольная. Гэтая гульня ў Століне ў вялікай пашане. Па словах Андрэя Буяна, не паспяваюць столінскія дзеці навучыцца хадзіць, як ужо імкнуцца біць нагой па мячы. «У мінулым годзе наша каманда Столінскага раёна перамагла ў турніры «Скураны мяч». Мы чатыры гады да гэтага ішлі, кожны раз былі побач з п'едэсталам і ў мінулым годзе нарэшце сталі пераможцамі. У нас таксама любяць і іншыя гульнявыя віды: баскетбол, валейбол», — расказаў ён.

Акрамя традыцыйных для Століна відаў спорту, будуць прадстаўлены і незвычайныя. Зацікавіць стэнд па пажарна-ратавальным спорце. У Столін прыедзе гоначны грузавік каманды «МАЗ-СПОРТаўта», а таксама будзе працаваць інтэрактыўная зона VOKA Games з развіццёвымі камп'ютарнымі гульнямі. На свята завітаюць знакамітыя беларускія спартсмены.

Тых, хто спортам не захапляецца, не пакіне абыякавым паказ калекцый адзення праекта «Роднае моднае» ад беларускіх прадпрыемстваў, дызайнераў і прадпрымальнікаў. Можна паслухаць добрую музыку ў выкананні зорак беларускай эстрады і таленавітых маладых вакалістаў.

На Палессі заўсёды ўмелі добра праводзіць святы і сустракаць чаканых гасцей. Каб у гэтым упэўніцца, варта прыехаць на «Вытокі» ў Столін. А пасля — наведаць і яго ваколіцы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Столін

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.