Вы тут

Вёсак і гарадоў паэтычны партрэт


«Як многа гавораць мне назвы такія» — новую кнігу ў серыі «100 вершаў» выдала «Мастацкая літаратура». У падзагалоўку: «Выбраныя вершы беларускіх паэтаў пра беларускія гарады і вёскі». Накладам 500 экзэмпляраў да чытача прыйшла сапраўдная падарожная паэтычная анталогія, якая знаёміць з Гродна, Полацкам, Талачынам, Магілёвам, Брэстам, Ашмянамі... А болей за ўсё вершаў — аповяд пра вёскі, якія нарадзілі паэтычныя таленты, выпеставалі іх, а часам сталіся сустрэчамі на розных жыццёвых дарогах.


Пачатак «анталогіі» склалі вершы пра сталіцу нашай краіны — Мінск («Я вас аднолькава люблю» Петруся Броўкі, «Вячэрні Мінск» Алеся Звонака, «Мінску» Рыгора Барадуліна, «Мінск» Якуба Коласа, «*** Праходжу вуліцамі, плошчамі...» Сяргея Дзяргая, «Вячэрні Мінск» Еўдакіі Лось). «Вячэрні Мінск у мроіве агнёў,/ бліскучыя праспекты маладыя,/ а на газонах — травы лугавыя,/ а ў шуме паркаў — подыхі гаёў!..Нішто само у горад не прыйшло — / ні парастак бярозкі, ні цагліна.../ Рукам удзячна кожная руіна, / рукам, што білі друз і мылі шкло./ Рабоце рукі не давалі стыць,/ яны будоўлі не ўракліся смелай — / і Свіслачы, ад гора закарэлай,/ прамылі твар, і вось яна бруіць». ( Еўдакія Лось).

Бальшыня твораў — пра вёскі нашай роднай Беларусі. І яно зразумела: сапраўдная паэзія прыйшла з вясковай бязмежнай прасторы, ад лясоў і лугоў, ад рэк і азёраў... «Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,/ Каб звонка звінела, была, як агонь./ У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, — / Блонь,/ Струнь,/ Звлонь!» (Пятрусь Броўка. «Родныя словы»). Генадзь Кляўко кліча нас у Рудзенск («Ціхі гарадок»), Алесь Пісьмянкоў — у Белы Камень, Мікола Пракаповіч — у Боркі, вёску ў Маларыцкім раёне, якую ў 1942 годзе спалілі фашысты, Мікола Чарняўскі — у Буда-Люшаўскую, у якой нарадзіўся, Генадзь Кляўко — пра Варонічы на Пухавіччыне ("Дзень добры, Варонічы,/ Вёска над Пціччу,/ Калыска маіх/ Недаспелых гадоў!/ Ледзьве вочч заплюшчу —/ Ў адведзіны клічаш,/ Дарогу ўсцілаеш/ Лістотай садоў«.)...Кастусь Жук расказвае пра станцыю Гарадзею. Уладзімір марук — пра вёску Гута. Юрка Голуб — пра Дзярэчын. Кастусь Кірэенка — пра «вёсачку лясную» Забаранкі. Народны песняр Беларусі Якуб Колас запрашае нас ў мясцінку, якая стала для яго і сям’і месцам летняга адпачынку яшчэ ў 1930-я гады:

Быць можа я крых у дзівак,

Але люблю я Загібельку:

Там кожны хвойнік мне сваяк,

Та мясным днём надрэчн гак

Мне суліць мяккую пасцельку.

 

Хадзіў я там, вітаў усход

І першыя праменні сонца,

Што дзень выводзяць у паход,

А з ім і хмарак карагод,

Замлеўшы смехам на сасонцы.

Вясковы, тапанімічны ландшафт, які паўстае з твораў беларускіх паэтаў усім багаццем мастацкіх сімвалаў і вобразаў, гэта старонкі гісторыі нашай Айчыны. Часцей — драматычнай, напоўненай пакутамі і выпрабаваннямі нашых прашчураў. Пімен Панчанка: «Многае з мінулага касуючы,/ Я да скону ў сэрцы зберагу/ Вёску на Бабруйшчыне, Казулічы — / Маладосць маю,/ Маю тугу./ Там чытаў я школьнікам Купалу,/ Сам пісаў я нешта аб вясне.../ Вёска тая / Ў полымі сканала./ Крык апошні/ Знік у чорным сне.» («Казулічы»). Васіль Зуёнак: «Мачулішча.../ Відаць, і пры Ярыле/ Ільны ў нас сеялі,/ Вымочвалі ў Мачыле./ Бель-кужаль пралі, ткалі, вышывалі,/ Кашулі ў кайстры/ Напамінкам клалі...» («Успамін»). 

Са старонак кнігі «Як кнігі гавораць мне назвы такія», адметна, запамінальна аформленай кніжным графікам Міхаілам Дайлідавым, і ўкладзенай чуйным да мастацкага свету паэтам, празаікам і крытыкам Алесем Бадаком, сапраўды паўстае паэтычная карта Беларусі. Угледзьцеся ў яе адрасы — вас чакае нямала віртуальных адкрыццяў, вас чакаюць добрыя падказкі да падарожжаў у розныя куткі нашай бязмежнай краіны.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.