Вы тут

У сям'і гродзенскай паштальёнкі — курс на лідарства


Нядаўна Таццяна Савук стала фіналісткай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2022» у намінацыі «Мацярынская слава», а яе дачка выйграла алімпіяду ў ГрДУ імя Я. Купалы.


Каб пазнаёміцца з носьбітам пачэснага тытула, накіравалася ў аддзяленне № 11 Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта». Насустрач мне выйшла стройная, невысокая маладая жанчына з адкрытым тварам і прыемнай усмешкай. Гаворка пачалася з удзелу ў конкурсе, на які Таццяну рэкамендаваў прафсаюз прадпрыемства. На адрас конкурснай камісіі было выслана рэзюмэ. І вось неўзабаве яе з іншымі пераможцамі-гродзенкамі запрасілі на ўрачысты прыём для ўручэння дыпломаў і падарункаў. Таццяна прыйшла разам з дзецьмі.

— У мяне тры дачкі, — распавядае суразмоўніца. — Старэйшай Марце 16 гадоў, яна перайшла ў 11 клас. Нядаўна ўдзельнічала ў алімпіядзе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і атрымала перамогу ў намінацыі «Найлепшая інтэлектуальная работа з прававой інфармацыяй». Зараз вызначаецца з будучай прафесіяй. Магчыма, юрыдычны напрамак. Сярэдняя дачка Анастасія, якой 15 гадоў, захапляецца замежнымі мовамі і марыць стаць перакладчыцай. Малодшай Дар'і 6 гадоў. Цікавіцца спартыўнай гімнастыкай і рыхтуецца пайсці ў першы клас.

Таццяна лічыць, што вельмі важна, каб дзеці былі арганізаваныя, адчувалі адказнасць за свае справы. Менавіта такімі выраслі старэйшыя дочкі. Яны і дома дапамогуць, і малодшую сястру дагледзяць.

— Яны дысцыплінаваныя, самі ўрокі рыхтуюць, без напаміну, добра разумеюць слова «трэба». Мабыць, таму, што гэтыя прынцыпы былі закладзены і маімі бацькамі, якія выхавалі пяцёра дзяцей. А цяпер прыклад сваіх бацькоў стараюся перанесці на дзяцей. І бачу, што ў гэтым ёсць сэнс, — дзеліцца вопытам Таццяна.

Яна, як многія маці, цікавіцца рознымі метадамі выхавання, чытае парады псіхолагаў, раіцца з іншымі маці. З некаторымі пастулатамі не пагаджаецца. Напрыклад, лічыць, што не варта патураць усім капрызам дзіцяці. Разам з тым трэба захоўваць павагу да дзяцей, тады яны растуць больш адказнымі і самастойнымі. Гэта важна не толькі для шматдзетнай сям'і, кажа мая суразмоўніца. На яе думку, вялікае шчасце для маці — калі ўсе дзеці дружныя, гатовыя падтрымаць адно аднаго.

Не застаецца ўбаку ад выхавання і муж Аляксей. Ён ініцыятар і арганізатар сямейнага адпачынку. І гэта, трэба сказаць, не такая простая справа. Бо адпачынак у сям'і, як правіла, на прыродзе. Яны аматары турыстычных паходаў, жыцця ў палатках і рыбнай лоўлі. Часам выязджаюць у вёску да сястры Таццяны. Калі дзяўчынкі былі меншыя, іх адпраўлялі ў аздараўленчыя летнікі па лініі прафсаюзаў. Аплата складала 10 % ад кошту пуцёўкі. Падрасце малодшая, і яна будзе ездзіць, упэўнена Таццяна. А вось сумесны адпачынак — толькі на прыродзе.

— Дзеці прывыклі да турыстычнага быту, для іх гэта цікава. Мы выязджаем з сябрамі на вадаёмы, бяром палаткі, варым юшку, запякаем бульбу на вогнішчы. Каля Гродна вельмі шмат прыгожых мясцін, нямала маляўнічых азёр, куды нескладана дабрацца і размясціцца.

Звяртаю ўвагу на стройную фігуру суразмоўніцы. Ці цяжка трымаць сябе ў спартыўнай форме? Аказалася, ніякіх дыет жанчына не трымаецца. Галоўнае, што «здымае» кілаграмы, — гэта рух.

— Я выйшла пасля дэкрэта «калабком», — усміхаецца яна. — Але на працягу трох месяцаў лішніх кілаграмаў як не было. Скінула не менш чым дзесяць. І ўсё гэта дзякуючы руху. У мяне ўчастак — амаль 10 кіламетраў. Кожны дзень яго даводзіцца абхадзіць: людзям трэба дастаўляць карэспандэнцыю — пісьмы, часопісы, газеты. Не езджу на транспарце — толькі пешшу. Гэта вельмі спрыяе на здароўі — адразу перасталі балець ногі.

Работа на пошце жанчыну задавальняе. Калектыў малады, дружны. І графік работы зручны для шматдзетнай маці. Ёсць магчымасць выправіць дзяцей у школу, завесці ў садок малодшую, а потым забраць. Вечары таксама ў сямейным коле.

Зараз сям'я рыхтуецца да чарговага адпачынку. І планы ўжо ёсць. Упершыню за некалькі гадоў яны адправяцца з Карэлію — на радзіму мужа. Прырода там, усклікае жанчына, вельмі ўражвае. «Мы любім адпачываць з дзецьмі, — кажа напрыканцы нашай размовы Таццяна. — Прыемна бачыць, як яны радуюцца ўсяму новаму, і быць у такія моманты побач з імі».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.