Вы тут

У ТЮГ паставілі спектакль паводле «Альпійскай балады» Быкава


У Тэатры юнага гледача 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, адбылася прэм'ера спектакля «Альпы. Сорак першы». Пастаноўка, рэжысёрам якой стала Таццяна Самбук, створана па матывах аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада». Гісторыя распавядае аб двух палонных — Іване і Джуліі, якія ўцяклі з аўстрыйскага канцлагера ў самы разгар Другой сусветнай вайны.


Сцэна, дзе адбываецца дзея, умоўна падзелена на дзве зоны. Першая — пакой, заліты ўтульным, жаўтаватым ад абажура святлом. На сцяне — мноства фотаздымкаў, на стале — шклянкі з гарбатай ды патэфон. Атмасфера цёплага, бяспечнага дома. У гэтым сусвеце і існуюць старыя Іван і Джулія. Відаць, што Джулія, ролю якой шчымліва выконвала заслужаная артыстка Беларусі Вера Кавалерава, добра ведае звычкі Івана: яна, не задумваючыся, кладзе ў яго шклянку неабходную колькасць цукру. Іван, якога заслужаны артыст Беларусі Леанід Улашчанка сыграў цёпла, надзяліўшы свайго героя гумарам і сардэчнасцю, прапаноўвае: «Давай пачытаем». З гэтага моманту герояў зацягвае ў вір далёкіх, цяжкіх успамінаў аб вайне. Глядацкая ўвага пераключаецца на наступную сцэнічную зону, нашмат больш аскетычную, чым папярэдняя. Гэта ўзлесак, вакол некалькі дрэў — голых, з вуглаватымі галінамі. З'яўляюцца два героі: гэта таксама Іван і Джулія, але маладыя.

Да гэтай сустрэчы яны не былі знаёмыя. У Івана прастрэлена нага — ісці складана, і ён ледзь не страчвае прытомнасць. Раптам з ніадкуль паўстае дзяўчына і кідаецца яму на дапамогу. Аказваецца, што абодва ўцякаюць з фашысцкага палону. І вось ужо пару аб'ядноўвае агульная мэта: дайсці да перавалу, а там ужо будзе і падтрымка ад партызан, і псіхалагічна прасцей — усё ж родная зямля Джуліі. Адносіны хлопца і дзяўчыны разгортваюцца паступова. Анастасія Крыштаповіч у ролі Джуліі кранальная і шчырая, вось яна даведваецца, як завуць яе спадарожніка, і з таго часу прамаўляе яго імя з націскам на першую літару. А вось Іван, якога сыграў Генадзь Гаранскі, напачатку насцярожана стрыманы, частуе Джулію хлебам — аддаючы апошні кавалак... Пара збліжаецца не толькі дзякуючы рамантычным пачуццям, але і дзякуючы агульнай траўме: вайне, палону, страце дома.

У фінальнай частцы спектакля маладыя людзі амаль даходзяць да перавалу — мы яго не бачым, мы толькі ведаем пра яго існаванне са слоў герояў. Яны ўяўляюць, якой будзе іх агульная будучыня: народзіцца дзіця, якое зробіць першы крок, адпусціць паветраны шарык у неба, пойдзе ў школу і папросіць дапамагчы ў матэматыцы. Іван і Джулія смяюцца. Зразумець, што нешта пойдзе зусім не так, дапамагае святло. У пакоі з успамінаў Івана раптам робіцца цёмна: цяпер разгледзець фотаздымкі, стол і патэфон даволі складана. Знікаюць колеры і з твараў маладых Івана і Джуліі, яны нагадваюць васковыя маскі. Сапраўды, хацелася б адзначыць работу Аляксандра Гарцуева, мастака па святле спектакля «Альпы. Сорак першы», — гэта адзін з моцных бакоў пастаноўкі. Праца з асвятленнем і адценнямі пабудавана такім чынам, што нагадвае спектакль унутры спектакля.

Адказ, чаму згасае святло ў пакоі Івана, не прымушае сябе доўга чакаць: хлопца забіваюць, а дзяўчына выратоўваецца. У гэты момант становіцца зразумела, што старыя Іван і Джулія — толькі фантазія, выява, якая ніколі не будзе існаваць у рэальнасці. Не будзе ні гарбаты, ні музыкі, ні сумеснага чытання кніг. «У той дзень я памерла разам з ім», — кажа напрыканцы спектакля ўжо старая Джулія.

Гледачы застаюцца ўражаныя... Спектакль па матывах аповесці беларускага класіка пастаўлены на рускай мове і будзе зразумелы шырокаму колу гледачоў, таму ж расійскаму. Быкава можна зразумець на любой мове, хаця маналог, у якім Іван распавядае аб сваёй вёсцы, згадвае беларускія краявіды і родны дом, быў бы на мове арыгінала больш кранальны. Зрэшты, думаю, што тым, хто прысутнічаў на спектаклі, захочацца перачытаць творы Васіля Быкава і даведацца больш пра падзеі нашай трагічнай гісторыі.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.