Вы тут

Піневіч: Не проста аб’ект аховы здароўя, а інвестыцыі ў будучыню


У Барысаве ў панядзелак, 4 ліпеня, урачыста адкрыўся дзіцячы шматпрофільны корпус цэнтральнай раённай бальніцы.


 

— Мы з нецярпеннем чакалі гэтай падзеі, — радуецца барысаўчанка Ганна Іванаўна, — у мяне двое дзяцей, вучацца ў малодшых класах. Дзякуй Богу, здаровыя. Але ж ёсць малыя, якім патрэбна сур’ёзная медыцынская дапамога, Бацькам даводзілася вазіць іх у абласную бальніцу. А цяпер тут, на месцы, можна прайсці і прафілактыку, і дыягностыку, і атрымаць лячэнне.

Сапраўды, у Мінскай вобласці надаецца шмат ўвагі здароўю дзяцей.

— Нядаўна мы ўвялі ў дзеянне дзіцячую паліклініку ў Жодзіне, сёння адкрываем дзіцячы шматпрофільны корпус. Гэта не проста аб’ект аховы здароўя, а інвестыцыі ў нашу з вамі будучыню, — сказаў падчас урачыстай цырымоніі міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. — Я наведваў гэты аб’ект яшчэ на стадыі праектавання. І вельмі задаволены, што яго здалі своечасова, у сціслыя тэрміны.

Як адзначыў Дзмітрый Піневіч, Барысаўскі раён з’яўляецца цэнтрам, дзе сабраны перадавыя медыцынскія тэхналогіі. У новым дзіцячым комплексе, па яго словах, спалучаюцца ўсе прынцыпы стацыянарнай установы, створаны новыя падыходы. Напрыклад, у прыёмным аддзяленні ёсць усе магчымасці, каб як найхутчэй абследаваць дзіця, падлячыць і адпусціць дадому. Акрамя таго, у корпусе сканцэнтравана ўсё неабходнае дыягнастычнае абсталяванне. «Мы скіраваны на больш глыбокае абследаванне дзяцей, чым у паліклініцы, і ў меншай ступені на іх гаспіталізацыю», — канстатаваў міністр.

Дзіцячы корпус разлічаны на 116 койка-месцаў. Цэнтр зможа прыняць каля 70 тысяч малых пацыентаў у год. Тут ёсць прыёмнае аддзяленне, педыятрычныя аддзяленні для немаўлят, якім няма і года, а таксама для дзяцей, якім споўнілася больш за тры гады, палата інтэнсіўнай тэрапіі перынатальнага цэнтра другога ўзроўню для пацыентаў ва ўзросце да трох гадоў, аддзяленне анестэзіялогіі, дыягнастычныя падраздзяленні.

Увод у дзеянне гэтага корпуса дазволіць на больш высокім узроўні аказваць высокатэхналагічную, спецыялізаваную медыцынскую дапамогу па ўсіх кірунках, уключаючы рэабілітацыю, фізіятэрапію, сучасную ультрагукавую рэнтгенадыягностыку, эндаскапію. У цэнтры будуць прымаць не толькі барысаўскіх дзяцей, але і дзяцей прылеглых раёнаў —Крупскага, Бярэзінскага і горада Жодзіна. А лапараскапічная стойка дазволіць прымяняць малаінвазіўныя метады лячэння хірургічных захворванняў у пацыентаў.

На рэалізацыю гэтага праекта затрачаны 41 мільён рублёў з улікам будаўнічых работ і аснашчэння мэбляй. У тым ліку за кошт Міністэрства аховы здароўя пастаўлена абсталявання на 8 мільёнаў рублёў.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч лічыць, што цэнтр адпавядае ўсім міжнародным стандартам. І самае галоўнае, што тут створаны цудоўныя ўмовы для работы медыкаў і абслугоўвання пацыентаў. А ўсяго за апошнія два гады Мінаблвыканкамам было ўкладзена ў медыцыну 250 мільёнаў рублёў.

Іван Маркевіч падзякаваў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча за рэальную дапамогу, якая на працягу апошніх двух-трох гадоў аказваецца Мінскай вобласці. Ён выказаў ўпэўненасць, што і ў далейшым аблвыканкам і міністэрства будуць цесна супрацоўнічаць.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама Наталля Баярская засяродзіла ўвагу журналістаў на даволі арыгінальнай архітэктуры будынка:

— Тут спалучаюцца як эстэтыка, так і прыгажосць. Палаты аформлены ў яркіх колерах. У падлогах уладкавана ўнутранае ацяпленне, цёплае паветра паступае цераз канвектары. Вентыляцыя паветра ідзе з высокай ачысткай фільтрамі. Да таго ж, у будынку ёсць магчымасць стварэння камфортнага рэжыму, які не залежыць ад вонкавых умоў надвор’я.

— Корпус абсталяваны высокатэхналагічным сучасным абсталяваннем: эндаскапічнымі, лапараскапічнымі стойкамі, апаратамі ўльтрагукавой дыягностыкі. У рэанімацыя ўстаноўлены апарат штучнага вентылявання лёгкіх высокага класа, — дадала Наталля Баярская.

Дарэчы, да канца года на Міншчыне адкрыецца яшчэ некалькі медыцынскіх аб’ектаў: дыягнастычны комплекс з устаноўкай магнітнарэзананснага тамографа ў Дзяржынску, паліклініка ў аграгарадку Азярцо Мінскага раёна, паліклініка ў Бараўлянах на 600 наведванняў штодзень.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.