Вы тут

Чаму жылыя дамы ў Гродненскай вобласці не здаюцца ў тэрмін?


На сённяшні дзень у рэгіёне налічваецца 220 будынкаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Больш за палову з іх чакае сваёй чаргі пяць і больш гадоў. Значная частка даўгабудаў мае высокую ступень гатоўнасці.


Фота: pixabay.com

Трэба сказаць, што дынаміка па даўгабудах у вобласці ідзе на зніжэнне. Але праблема застаецца, бо кожны год з'яўляюцца новыя аб'екты, не здадзеныя ў тэрмін.

— Пакуль не ўдаецца выканаць даручэнне Прэзідэнта па скарачэнні аб'ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Летась папрацавалі годна, і гэта быў адзін з найлепшых вынікаў па краіне. Аднак ільвіная доля з таго, што ўдалося зрабіць летась і за першы квартал сёлета, датычыцца аб'ектаў, якія зусім нядаўна ўвайшлі ў лік даўгабудаў. Няздадзенымі засталіся тыя, што чакаюць сваёй чаргі пяць і больш гадоў, — падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.

Як паказаў аналіз сітуацыі, «хвароба» закладваецца на этапе распрацоўкі праекта. Несвоечасовае ўнясенне змяненняў цягне дадатковыя фінансавыя страты.

— Істотныя прэтэнзіі ёсць да распрацоўшчыкаў праектна-каштарыснай дакументацыі. Паводле даных Дзяржбудэкспертызы, па 147 аб'ектах былі выяўлены значныя парушэнні і недахопы. Пры гэтым часта парушаецца адзін з галоўных прынцыпаў — эканомнае расходаванне бюджэтных сродкаў. Такая сітуацыя назіраецца як на стадыі праектавання, так і выканання работ. Гэта сведчыць аб заніжаным кантролі і з боку заказчыкаў, у першую чаргу, упраўлення капітальнага будаўніцтва, і з боку саміх падрадчыкаў, — канстатаваў кіраўнік КДК Гродзенскай вобласці.

У ліку прычын з'яўлення даўгабудаў названы таксама нізкія тэмпы падрадных работ. Адзначалася, што па асобных аб'ектах няма дэталёвай прапрацоўкі крыніц фінансавання. Летась, напрыклад, увага аддавалася толькі тым дамам, якія нядаўна трапілі ў «чорны» спіс. Іх колькасць удалося знізіць амаль на 80 %. Між тым, большасць аб'ектаў засталіся замарожанымі, хоць ступень іх гатоўнасці дасягае
90 % і вышэй, а кансервацыя патрабуе дадатковых затрат.

Але і там, дзе аб'ект прыняты, будаўнікам прыходзіцца вяртацца, каб выправіць недаробкі. Такая карціна стала тыповай.

Праверкі КДК выявілі нямала фактаў завышэння кошту будаўніцтва. Яны правяраюцца праваахоўнымі органамі.

Разам з тым, тэмп будаўніцтва жылля ў вобласці расце. За чатыры месяцы бягучага года на тэрыторыі Гродзеншчыны ўведзена ў эксплуатацыю 180 тысяч квадратных метраў, што складае 117 %
ад аб'ёму аналагічнага перыяду мінулага года. Урадам даведзены план — здаць да канца года 475 ты-
сяч «квадратаў» жылой плошчы. Калі тэмпы работ застануцца на такім жа ўзроўні, заданне будзе перавыканана.

На такі ж вынік спадзяюцца прадстаўнікі будаўнічай галіны і па індывідуальнай забудове. Хоць пакуль тэмпы тут нізкія. Як паведамілі спецыялісты КДК, за чатыры месяцы насельніцтвам уведзена ў эксплуатацыю каля 290 дамоў агульнай плошчай 55 тысяч «квадратаў». Гэта значна менш, чым прадугледжваецца Дырэктывай № 8. У ёй сказана, што кожны год індывідуальнае жыллё павінна складаць не менш як 40 % ад усёй жылой забудовы. Але ёсць раёны, дзе за год будуюцца толькі два-тры дамы. Магчыма, гэта сведчыць аб непрывабнасці раёнаў, а таксама невялікім дастатку жыхароў.

Верагодна, менавіта фінансавая праблема спыняе засяленне 24 кватэр у блочных дамах у горадзе-спадарожніку Скідзелі. Кошт квадратнага метра ў іх складае 1300—1565 рублёў. І хоць у Гродзенскім раёне чарга на жыллё дасягае 1,5 тысячы чалавек, мала жадаючых набыць гэтыя дамы.

У тым ліку і з боку жыхароў абласнога цэнтра, ад якога да Скідзеля ўсяго 30 кіламетраў па магістральнай трасе.

У адпаведнасці з новымі нарматыўнымі дакументамі, кошт квадратнага метра кожнага дома павінен быць не вышэй за сярэднюю заработную плату. Па вобласці гэта 1380 рублёў. Як адзначыў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Петух, ніводны індывідуальны дом у гэты кошт не ўкладваецца. Таму будаўніцтва ў раённых цэнтрах застаецца праблемным. З-за гэтага можа знікнуць такая спецыяльнасць, як муляр. Цяпер усяго 15-20 такіх спецыялістаў на вялікае будаўнічае прадпрыемства.

З-за падзення аб'ёмаў работ летась будаўнічая галіна панесла страту ў тры мільёны рублёў. Па словах Міхаіла Петуха, на сітуацыю значна паўплываў рост кошту будаўнічых матэрыялаў, якія падаражэлі ад 25 да 80 %. Толькі дзякуючы жыллёваму будаўніцтву ўдаецца загрузіць падрадныя будаўніча-мантажныя арганізацыі ў абласным цэнтры і раёнах.

Для вырашэння праблемы звышнарматыўнага будаўніцтва ў профільным камітэце аблвыканкама па 500 аб'ектах распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, які прадугледжвае альбо іх завяршэнне, альбо перапрафіляванне, а таксама продаж ці знос. Большасць мерапрыемстваў ужо рэалізавана. Разам з тым, з пачатку года выяўлена больш за 100 новых звышнарматыўных будынкаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.