Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў: «Такая бландзінка патрэбна самім»


Такая бландзінка патрэбна самім

Ездзіць з горада ў вёску, дзе ў цешчы гаспадарка і з «паўвалочкі зямлі» (валока — прыблізна 20 дзесяцін, 21 гектар) — гэта, брат, на аматара! Вось такіх — сярод гарадскіх зяцёў — мо адзін на тысячу... Але ж ёсць!


Фота: pixabay.com

...Любіў Вова цешчыны бліны. А найболей — што там, можна сказаць, за плотам, ёсць ладнае азярцо, і розная рыбка водзіцца. Значыць, можна летам, як толькі наступіць водпуск, «сплавіць» жонку з дачкой у Турцыю, а самому, нарэшце, махнуць у вёску: паспаць там на верандзе, паесці цешчыных прысмакаў, няхай сабе — нешта зрабіць, але і парыбачыць!

На возера Вова адправіўся ў першы ж вечар: прыхапіў японскія кручкі, кітайскую лёску, модную англасакскую донку — фідар. На беражку распакаваў дарагі фірменны прыкорм з анісавым пахам, замуціў яе ў тазіку з вадой, паставіў набухаць. Сам прысеў, стаў прывязваць да лёскі кармушку, кручкі і так захапіўся, — вакол сябе нікога не чуў-не бачыў, хоць яно і мог бы: амаль што побач, трохі вышэй ад вады, згуртаваліся цешчыны козы. Нейкі час яны ўважліва сачылі за Вовам, а найсмялейшая дык нават падышла і ціхенька, ні разу не чвякнуўшы... з'ела за спінай тазік прыкорму!

Калі Вова, павярнуўшыся, такі згледзеў гэта, хітруля ўжо аблізала дно тазіка, прадбачліва адступіла назад і... нават не пацярпела, бо рыбак яе проста не дагнаў... І тазікам, на жаль, не пацэліў!

...Назаўтра з раніцы Вова зноў уладкаваўся на беразе. І зноў жа непадалёк цешча навязала коз. «Але не ўсё ж мігдаламі карміць, — папярэдзіў рыбак. — Сёння вам, мілачкі, ужо нічога не свеціць!».

Сказаў вось так — і невялічкае вядзерца з прыкормам надзейна накрыў вялікім.

Знаёмая ўжо бландзінка ўбачыла гэта, але ўсё роўна падышла бліжэй — стала глядзець у ваду. І што вы думаеце: праз хвіліну-другую Вова ўжо цягнуў на бераг ладную рыбіну!

А далей — болей! Усё пайшло як па пісаным! За дзве гадзіны цэлае вядро налавіў!

Увесь гэты час бландзінка стаяла побач.

Скарыла душу: Вова сам аддаў ёй рэшткі прыкорму.

Назаўтра гісторыя паўтарылася. А вось на трэці дзень цешча навязала коз за былой калгаснай пуняй, і Вова не злавіў ані рыбкі.

Таму на чацвёрты, зноў не дачакаўшыся клёву, рыбак на ровары паімчаў за пуню, адвязаў сваю сяброўку, прывёў на бераг, паставіў і...

Не паверыце, але ж цуды сапраўды здараюцца: як толькі каза з'явілася побач, рыба стала кляваць!

...Факт, што ў наступныя дні Вова ўжо не шкадаваў для сваёй любіміцы ні духмянага хлеба, ні драбочкаў цукру, накасіў, назапасіў ёй сена на зіму.

Водпуск, карацей, у чалавека ўдаўся! І ў дзень ад'езду зяць напрамілы бог прасіў сваю цешчу аб адным: як зрэнку вока берагчы казу, ні ў якім разе, ні за якія грошы не прадаваць!

Ну як там у байцы? «Такая жывёла патрэбна самім!».

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён


Чула звон, альбо Грошы бярыце кашамі...

Амаль у кожнага, хто жыве ў вёсцы на зямлі, ёсць якая-ніякая гаспадарка, свой сад-агарод, а ўжо там...

У адных гаспадароў добра ўрадзіла морква, у іншых — проста не абабрацца яблыкаў ды груш! Прападаюць...

Каб такога не было, у вяскоўцаў завядзёнка — усім лішнім дзяліцца з раднёй, з суседзямі... Не з нас гэта пачалося, не з намі, дасць бог, і скончыцца.

Дык вось, неяк раз прыходзіць да мяне суседка, вітаецца і адразу ж з парога кажа:

— Я па грушы прыйшла.

Мне ж (галоднай курыцы проса сніцца) пачулася, што па грошы.

— А колькі табе трэба? — пытаюся ў жанчыны.

— Колькі дасі, — кажа яна, — столькі і хопіць.

— А скуль мне ведаць, колькі хопіць: 5, 10, 20?

— Ды не смяшы, — хмыкнула суседка. — Столькі — вядома ж, мала!

— А ў мяне дык, думаеш, многа ёсць...

— Не думаю, а ведаю. Твой гаспадар мне ўчора сказаў...

— Ну, калі сказаў, значыць, будуць, — згаджаюся. — Колькі ж табе даваць?

— Я ж сказала: колькі не шкада...

— А ты што — не можаш сказаць канкрэтна, колькі ты хочаш?

— Не, не магу.

— Ну як гэта ты не можаш?! А я што — магу?! Сто табе трэба, дзвесце, трыста?

— А ты што — лічыць іх будзеш?!

— А як жа! Можна падумаць, што ты не будзеш... І як, не лічачы, аддаваць?

— Аддаваць?! Ты яшчэ што скажы! — абурылася суседка. — Я нават не падумаю!

— Як гэта ты не падумаеш?!

— Проста... Магу ўзамен табе нешта даць...

— Мне нічога не трэба ўзамен! Што ўзяла, тое і аддасі...

— Ну, можа... Калі-небудзь...

— Дык кажы, якую суму?

— Сумку — не трэба. Я два кашы з сабой узяла. На ганку стаяць.

— Ну ты мяне зусім заблытала! — прызнаюся суседцы. — Давай спачатку пачнём! Ты па што да мяне прыйшла?

— Дык я ж сказала: па грушы!

— А я пачула: па грошы!

...Хоць цяпер ды мы паразумеліся — разам, шчыра пасмяяліся і зноў жа разам, прыхапіўшы на ганку суседчыны кашы, пайшлі ў сад збіраць грушы.

Ганна НАВУМІК

в. Хатынічы, Ганцавіцкі раён


Невялікая мурашка, а горы капае

Даўно было, але ж помніцца. Недзе ў васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя да нас у мястэчка прыехала маладая сям'я. У саўгасе, як выглядала, яе чакалі: адразу ж далі дом, дарослых узялі на работу. Гаспадар стаў працаваць інжынерам-электрыкам, яго жонка, Алачка — памочніцай прараба, што, дарэчы, вельмі здзівіла, бо жанчынка была, як лялечка! Ёй бы — казалі вяскоўцы — па праспектах хадзіць, мастакам пазіраваць, а не вясковую гразь мясіць ды маты-пераматы на будоўлях слухаць...

Зрэшты, мужчыны пры ёй, можа, і не мацюкаліся, бо асобныя ад яе мілаты проста слупянелі: невялічкая, зграбная, заўжды прыбраная, з лёгкім макіяжам, на высокіх абцасіках... Ведама, гарадская...

Чым яе, вось такую кралю, заманілі ў нашу глухмень, заставалася загадкай. А тады мы проста бачылі, што навасёлы пакрысе абжываюцца, што на падворку ў іх з'явіліся парасяты і куры, потым — кароўка... Алачка з усім спраўлялася, ніколі ні на што не скардзілася. Інстытут завочна скончыла, трэцяе дзіцятка нарадзіла.

Муж яе таксама час не губляў: па буднях у саўгасе працаваў, па выхадных — баяніст, язык падвешаны — у акрузе на вяселлях. Як быццам грошы там зарабляў, а паралельна — раманы закручваў, за чужымі спадніцамі бегаў — здраджваў жонцы... Ала пра гэта ведала і ўсё роўна цярпела: з мужам ніколі не сварылася — мы ў суседстве пачулі б. І ўсё ж...

Справы ў саўгасе тады дрэнна ішлі: не хапала гаручага, запчастак, матэрыялаў, спецыялістаў (людзі звальняліся — шукалі іншых заробкаў), і прараб захварэў... На бедную Алу ўсе аб'екты ўзвалілі. Факт, што неяк сустракаю яе ўвечары пад вулічным ліхтаром і прызнаць не магу: як быццам цвярозая, але ж... ніякая: у снег скачаная, у кампаніі двух мужчын...

Нават загаварыць тады не рашылася.

...Раніцай сустракаю аднаго з тых яе спадарожнікаў, пытаю, што зрабілася, і чую: «Добра, што ты адна ўчора Алу бачыла. А то іншыя столькі плётак наплялі б... І было б з чаго?!.. Мы ж з ёй цэлы дзень у Хадасах на ферме працавалі, стойлы ды кармушкі правілі... Натамілася, намерзліся, галодныя, як ваўкі — пара дамоў, а машыны няма. Прыйшлося пехатой ісці. Мы з Паўлам лёгка, а начальніца, бачым, як тое дзіця: кулік ды кулік. Мы пасмяёмся, з гурбы падымем, а яна, глядзім, ужо ў наступную падае... Тут ужо і не да смеху. Пытаемся, што такое? Яна, бядачка, і прызнаецца, што камплексуе з-за свайго маленькага росту. Ад таго і на абцасах заўжды. А зіма ж, халадэча... Дык яна, каб цяплей было, ногі ў мадэльных боціках у валёнкі ўсунула — у фабрычныя, цвёрдыя, цяжкія. У такіх пастаяць-пасядзець і тое нязручна. А ўжо ісці, прычым доўга... Нешта трэ было зняць... Але як? Пасадзілі Алу на снег. Сцягваем валёнкі і так, і гэтак — яны ні з месца! Урэшце неяк расшпілілі маланкі на боціках — сцягнулі іх разам з валёнкамі. А пасля ўжо боты ў сумку, на ногі, замест ануч, панакручвалі шалікі, абулі ў валёнкі — дамоў завялі...

Як і варта было чакаць, мужчыны (яны ж слова далі!) нікому нічога не расказалі — нават пасля таго, як Алаччын муж знайшоў іншую работу і назаўсёды забраў ад нас гэтую сапраўды маленькую, ці ўсё ж вялікую ў сваім цярпенні жанчыну.

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Як пераканаліся нашы чытачы, «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» не хлусіць: гісторыі бываюць абсурдныя, амурныя, анекдатычныя, банальныя, абуральныя, дзівосныя, ідыёцкія, камічныя, кранальныя, павучальныя, скандальныя, трагікамічныя... А ўжо колькі праўдзівых — за час існавання рубрыкі...

Для тых, хто забыўся, нагадаем, што ў апошнія гады яна стала конкурсам на найлепшую... Вынікі яго падводзяцца ў пачатку года. Журы — і вялікае чытацкае, і малое рэдакцыйнае — працуюць. Так што пішыце (калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі!) і помніце: свет захаваўся, таму што смяяўся. І думаў...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.